Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы за палярным колам – у Нарвэгіі


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае Замежжа”. Удзельнічаюць Краўчанка Тацяна і Зяцікава Натальля (Осла).

Студэнтка Унівэрсытэту культуры зь Менску Тацяна Краўчанка была вельмі зьдзіўленая, калі апынуўшыся ў Нарвэгіі, якую лічыла раней далёкай краінаю, пабачыла, што нарвэжцы мэнтальна блізкія да беларусаў, што агурок яны называюць – агурк, талерку – талеркен, а слова – “акурат” мае ў нарвэскай мове акурат той жа сэнс, што і ў беларускай.

Тацяна Краўчанка і ейная сяброўка Натальля Зяцікава, якія зараз жывуць і вучацца ў Нарвэгіі – госьці чарговага выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.

Тацяна Краўчанка хацела навучацца ў Нарвэгіі й падала дакумэнты на курсы, дзе цягам году павінна была вывучаць нарвэскую мову. Высьветлілася, што ехаць на вучобу трэба ў паўночную Нарвэгію, у той рэгіён краіны, які ляжыць за палярным кругам. Дзяўчына рыхтавалася да палярных марозаў, аднак ёй так і не давялося пабачыць тое запаляр’е, якім сабе яго ўяўляла.

(Краўчанка: ) “Я жыла ў Буда, за палярным кругам, паўночная Нарвэгія. Там не халодна, там клімат вельмі падобны да беларускага, зіма не вельмі халодная, бо там Гальфстрым, цёплае цячэньне”.

Нарвэгію Тацяна яна абрала не выпадкова. Ужо трэйці год там стала жыве ейная маці. Яны родам зь Віцебску. Тры гады таму Тацяніна маці прыехала ў гасьціну да сяброўкі і пазнаёмілася там з нарвэжцам, які прапанавў ёй “руку і сэрца”.

Таня вучылася ў Менску, вывучала ва Ўнівэрсытэце культуры мэнэджмэнт у сацыяльна-культурнай сфэры і некалькі разоў прыяжджала пагасьціць да маці.

Пасьля заканчэньня падрыхтоўчых курсаў у запаляр’і Таня падала дакумэнты на навучаньне ў Осла.

(Краўчанка: ) “Тут няма ўступных іспытаў. Дасылаеш дакумэнты з адзнакамі са школы, ці ўнівэрсытэта. Для замежніка абавязкова таксама дасылаць тэсты па ангельскай і нарвэскай мовах, бо тут падручнікі на ангельскай і нарвэскай мовах.

Тут у Нарвэгіі ўсе вельмі добра ведаюць ангельскую мову, на тэлебачаньні ангельскія фільмы не дублююць, а толькі даюць тэкст па-нарвэску”.

Ці трэба замежніку плаціць за адукацыю і колькі гэта каштуе?

(Краўчанка: ) “Адукацыя тут бясплатная для ўсіх. Але тым, хто прыяжджае з замежжа патрэбна, каб было 80 тыс. крон, ці 10 тыс. эўра на банкаўскім рахунку”.

Такім чынам, Вы за адукацыю не плаціце, але мусіце самі сябе ўтрымліваць. Ці маюць там студэнты права на працу?

(Краўчанка: ) “Замежныя студэнты маюць права працаваць ня болей як 20 гадзін у тыдзень.

Я паступіла ў прыватную школу, танцавальную. У Віцебску я займалася танцамі. У Осла тры танцавальныя школы, адна дзяржаўная і дзьве прыватныя. У дзяржаўную амаль немагчыма паступіць. У прыватных трэба плаціць.

Я ўзяла крэдыт на навучаньне ў спэцыяльнай крэдытнай арганізацыі для студэнтаў таму, што я замужам. Я буду атрымліваць стыпэндыю з крэдыту”.

Так высьветлілася, што і Тацяна, падобна маці, знайшла ў Нарвэгіі і сваё асабістае шчасьце.

(Краўчанка: ) “Ён – журналіст, нарвэжац, працуе на цэнтральным дзяржаўным радыё і тэлебачаньні”.

Са сваім будучым мужам Марцінам Таня пазнаёмілася пад час адной са сваіх паездак да маці. Тады яна была ў Нарвэгіі ўсяго тры дні, за якія вырашыўся далейшы лёс дзяўчыны.

(Краўчанка: ) “Я ішла ў краму, каб купіць цукар. Ён ехаў ў машыне і калі ён мяне ўбачыў, разьвярнуўся, прыпыніў машыну і запытаў у мяне, як ён можа знайсьці фірму, дзе прадаюць нядзельныя туры ў горы. Я сказала, што я не нарвэжка і не размаўляю па-нарвэскі. Гэта было ў чэрвені мінулага году. Ён запрасіў мяне на вячэру.

Ён пазваніў майму айчыму, каб папрасіць дазволу, каб я магла сустрэцца з ім ў горадзе. Мой айчым паставіўся да гэтага скептычна, ён сказаў, што я тут толькі тры дні і што ў Нарвэгіі небясьпечна хадзіць у горадзе. Гэта няпраўда, ён проста баяўся за мяне”.

Але, гэтую перашкоду малады чалавек хутка пераадолеў, бо здолеў пераканаць айчыма і Таніну маці ў сваіх ў сур’ёзных намерах.

(Краўчанка: ) “Мы пажаніліся ў сакавіку, але сапраўднае вясельле ў царкве будзе ў нас 9 ліпеня ў наступным годзе, тут чарга, у іх не было мейсца ў гэтым годзе”.

У якой царкве гэта будзе адбывацца?

(Краўчанка: ) “Я – лютэранка, тут лютэранства, у Віцебску я хадзіла ў лютэранскую царкву”.

Бацькі Марціна не былі супроць вашага шлюбу?

(Краўчанка: ) “Яго тата быў вельмі ўзрадаваны, ён сам жанаты на жанчыне з Расеі. Ён настаўнік расейскай мовы. Але ягоная мама паставілася крыху скептычна, яна нарвэжка, яны разьведзеныя з бацькам”.

Як мяркуеце далей будаваць сваю прафэсійную кар’еру, колькі ўсяго Вам патрэбна вучыцца ў гэтай школе?

(Краўчанка: ) “Спачатку адзін год, а потым я магу паступаць на другі й трэйці год. Але, я хачу таксама паспрабаваць паступіць у другую танцавальную школу, дзе я буду вывучаць таксама эканоміку, адміністрацыю ў сфэры танцаў, культуры, блізка да таго, што я вывучала ў Менску.

Я думаю, што я магу зрабіць нешта для Нарвэгіі, для яе культурнага жыцьця”.

***

Зяцікава Наталья ўжо два гады жыве ў Нарвэгіі. Яна таксама марыла навучацца ў гэтай краіне і знайшла свой шлях.

(Зяцікава: ) “Я прыехала сюды па праграме ОПЭР, два гады я жыла ў сям''і, даглядала двух маленькіх дзетак.

Гэта была першая сям''я, якая даслала мне запрашэньне. Мне вельмі спадабаліся дзеці на фотаздымках. Трэба было ведаць ангельскую мову. Я вывучала швэдзкую мову ва ўнівэрсытэце і гэта мне дапамагло, гэта досыць падобныя мовы, прыкладна як беларуская з расейскай.

У іх ідзе швэдзкае тэлебачаньне, яны глядзяць швэдзкія фільмы. Нядаўна, сьмешна, хлопчык, яму 4 гады, ён пачаў заўважаць, што я не зусім правільна гавару па-нарвэску. І аднойчы ён спытаўся ў мяне: "Наташа, ведаеш, чаму я гавару па-нарвэску правільна, таму, што я не зь Беларусі".

Натальля паехала ў Нарвэгію па заканчэньні лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў Менску, дзе вывучала ангельскую мову, а швэдзкая была другой моваю. Натальля была цалкам задаволеная новай працаю”.

(Зяцікава: ) “Гэта вельмі цудоўная сям''я, я была вельмі задаволеная.

Абодва бацькі зьвязаныя з музыкаю, яна выкладае сальфэджыё ў музычнай акадэміі, а ён дырыжор дзяржаўнага ўзроўню. Ён шмат падарожнічае, таму ёй была патрэбная дапамога. Яны не багатыя, але яны вельмі адукаваныя і інтэлігентныя людзі. Я сябе адчувала па сапраўднаму сваёй ў гэтай сям''і, мы сталі добрымі сябрамі. Мяне ведаюць усе іх родныя і я ўсіх ведаю, у нас цудоўныя адносіны.

Два гады я была з імі і зараз застаюся зь імі. Я не працую ужо так многа, а толькі дапамагаю ў хатніх справах. Я жыву ў іх бясплатна.

Мне вельмі тут шанцуе на людзей, побач са мною вельмі добрыя людзі – і сям''я і сябры, вельмі хутка знайшла тут сяброў”.

Наталья цяпер жыве ў гэтай сям’і, дзе працавала, ў якасьці сяброўкі, бо яна ўжо студэнтка. Яе былыя гаспадары былі не супраць, каб дзяўчына вучылася.

(Зяцікава: ) “Асноўная прычына, чаму я паехала ў Нарвэгію, гэта была праграма пасьля якой, калі ты два гады адпрацаваў па ОПЭР, можна паступаць ва унівэрсытэт і навучацца тут.

Яны былі вельмі зацікаўленыя, вельмі хацелі, каб я паступіла і яны былі вельмі зьдзіўленыя, што я паступіла на складаную прафэсію і ў самую прэстыжную школу”.

Дзе Вы будзеце вучыцца?

(Зяцікава: ) “Спэцыяльнасьць – журналістыка, каледж пры ўнівэрсытэце. Навучаньне бясплатнае. Гэта самая прэстыжная школа журналістыкі ў Нарвэгіі, туды самы вялікі конкурс. Мусіць таму, што вельмі многія потым атрымоўваюць добрую зарплату. Галоўная мэта не стаць, менавіта, журналістам, а ўвогуле працаваць у любым мейсцы, зьвязаным з прэсаю. Цяжка паступіць на факультэт журналістыкі ў Осла, вельмі многія едуць у Аўстралію, там лягчэй паступіць у школу журналістыкі”.

Натальля, Вы ўжо настолькі дасканала авалодалі нарвэскаю моваю, што можаце нават вучыцца на журналістку?

(Зяцікава: ) “Недасканала, канечне, але даволі добра. Учора быў трэйці дзень заняткаў і я даведалася, што я з 70 чалавек – адзіная замежніца.

З гэтага тыдня пачаліся заняткі, першы курс. Я вельмі баялася, ўжо ўчора мы пісалі першую пісьмовую работу.

Але, усе вельмі добразычлівыя, яны вельмі зьдзіўляюцца, калі я кажу, што я не нарвэжка, што я зь Беларусі. Беларусь у Нарвэгіі ведаюць вельмі добра, тут шмат пішуць пра Беларусь у газэтах. Сталіцу. прэзыдэнта, некаторыя буйныя гарады – гэта ўсё нарвэжцам вядома. Я была вельмі, вельмі ўражаная, што яны так шмат пра нас ведаюць”.

Вы ня будзеце плаціць за навучаньне, бо гэта дзяржаўная ўстанова, але ж дзе будзеце браць сродкі на жыцьцё?

(Зяцікава: ) “Я буду атрымоўваць стыпэндыю, бо я адпрацавала тут два гады і маю права на стыпэндыю ад нарвэскага ўраду”.

Вы цяпер жывяце сярод нарвэскай моладзі, як Вам пачуваецца?

(Зяцікава: ) “Я ўжо звыклася з нарвэскай моладзьдзю. Гэта было цяжка, бо яны ня любяць размаўляць, ніколі не пачнуць гаворку першымі, гэта вельмі рэдка. Але, калі пачынаеш сам першым гаварыць, яны цікавыя людзі, але трэба пачаць першаму.

Увогуле, нарвэжцы добразычлівыя, добрыя, чулыя людзі.

Яны не гавораць аб тым, што мы дрэнна жывем, або горш за іх, або, што яны лепшыя, у іх такога няма. Вельмі часта я чую, як яны гавораць, што нічога страшнага, што ў вас ёсьць праблемы, у нас яны таксама былі і праз некалькі гадоў вы будзеце жыць лепей, чым мы. Вам не трэба чакаць 30-40 гадоў, пабачыце, што праз 10 гадоў у вас усё будзе шмат лепш, чым у нас. Так што будучыню Беларусі яны бачаць у вельмі ружовых колерах”.

Як бачыце сваю будучыню пасьля заканчэньня вучобы?

(Зяцікава: ) “Калі я сюды ехала, самая мая вялікая мара была – вывучыцца на журналіста, вывучыць нарвэскую мову і вярнуцца ў Беларусь і працаваць спэцыяльным карэспандэнтам па Скандынавіі. А цяпер яна рэалізоўваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG