Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі будуць абмяркоўваць забарону на выдачу візаў вышэйшым беларускім чыноўнікам?


RFE/RL Літва нэгатыўна ацэньвае рашэньне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум, які б даў яму дазвол балятавацца на прэзідэнта ў 2006 годзе. Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс заявіў, што падобны крок ня будзе спрыяць умацаваньню дэмакратыі ў Беларусі.

Паводле міністра супольная пазіцыя Эўразьвязу наконт прызначанага ў Беларусі рэфэрэндуму будзе сфармуляваная на гэтым тыдні на пасяджэньні Рады Эўразьвязу па агульных пытаньнях і зьнешніх сувязях. Пасяджэньне адбудзецца 13-14 верасьня ў Брусэлі.

Ускосна стала вядомая адна з прапановаў, якая будзе абмяркоўвацца ў Брусэлі. Урад Эстоніі паведаміў, што прыняў рашэньне падтрымаць санкцыі супраць членаў кіраўніцтва Беларусі, якія будуць абмяркоўвацца на пасяджэньні Рады Эўразьвязу па зьнешніх сувязях. Размова ідзе пра забарону на ўезд у краіны Зьвязу для вышэйшых чыноўнікаў Беларусі.

Нагадаем, што ў мінулым Эўразьвяз прымаў падобныя візавыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва двойчы: у 1998 годзе ў разгар крызысу вакол пасольскіх рэзыдэнцыяў у “Драздах”, і ў 2002 годзе, калі ўлады Беларусі выціскалі з краіны місію АБСЭ. Абодва разы візавыя санкцыі былі скасаваныя пасьля вырашэньня крызісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG