Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Лукашэнка прайграць рэфэрэндум?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. У праграме удзельнічаюць палітоляг Уладзімер Падгол і кінажурналіст Леанід Міндлін.

Прапагандысцкая кампанія, прысьвечаная будучаму рэфэрэндуму, пачалася літаральна на другі дзень пасьля звароту Аляксандра Лукашэнкі да грамадзянаў Беларусі. Ужо на беларускіх каналах дэманструюць рэклямныя ролікі з прапагандай ідэі рэфэрэндуму і называюць імя патэнцыйнага пераможцы.

Да таго ж ніводны выпуск навінаў не абыходзіцца без выказваньняў прыхільнікаў трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі.

А якой гэтая кампанія будзе далей і што ёй можа супроцьпаставіць апазыцыя? Гэтыя пытаньні у студыі Радыё Свабода абмяркуюць палітоляг Уладзімер Падгол, кінажурналіст Леанід Міндлін і вядучы Алег Грузьдзіловіч. Такім чынам, маё першае пытаньне адрасавана палітолягу Уладзімеру Падголу. Як вы мяркуеце, якую прапагандысцкую кампанію да рэфэрэндуму падрыхтавалі беларускія ўлады выбаршчыкам? Якія яна будзе мець палітычныя акцэнты і як зьнешне афарбаваная?

(Падгол: ) “У яе аснове будзе ляжыць наступная матрыца. Прэзыдэнт Беларусі – самы лепшы прэзыдэнт у сьвеце. Беларускі народ – самы лепшы, выбітны, працавіты народ у сьвеце. Прэзыдэнт будзе прадстаўлены грамадзтву ў трох псыхалягічных вобразах. Дарэчы, ён сябе ўжо прадставіў падчас тэлевізійнага выступу. Гэта па-першае – будаўнік і стваральнік. Уся Беларусь – гэта будаўнічая пляцоўка. Па-другое, ён абаронца. Абаронца ад вайны, тэрарызму і гэтак далей. І слуга народу, які ўсё, што абяцае, выконвае. А для апазыцыі падрыхтаваная пастка. Калі вы выступаеце супроць права народа ўдзельнічаць у рэфэрэндуме і вызначаць лёс Беларусі, значыць вы ворагі народа. І па-другое, апазыцыянэры – баязліўцы, бо яны напалоханыя выхадам Лукашэнкі на прэзыдэнцкія выбары, проста баяцца сур’ёзнага саперніка. Такая псыхалягічная матрыца падрыхтаваная ужо у выступе Лукашэнкі, а тыя агіткі, якія пайшлі на другі дзень, проста пацьвердзілі, што гэтак і будзе”.

(Вядучы: ) “Леанід Міндлін, вы вядомы кінажурналіст, адмысловец і ў тэлевізійных справах. Цікава вашае меркаваньне, няўжо гэтыя бясьхітрасныя ролікі, якія зараз дэманструе тэлебачаньне, сапраўды будуць эфэктыўнымі?”

(Міндлін: ) “Будуць. Наш электарат лёгка паддаецца ўплыву, прычым уплыву простаму. Ня трэба ніякіх асаблівых складанасьцяў, ніякіх рэклямных трукаў. Лічу, усё будзе зроблена проста, вось як гэта ужо пачалі рабіць на канале АНТ, на першым нацыянальным канале”.

(Грузьдзіловіч: ) “Такім чынам атрымліваецца, ўлада зрабіла пэўныя высновы з прапагандысцкіх кампаніяў мінулых рэфэрэндумаў і выбараў. А ці зрабіла адпаведныя высновы апазыцыя?”

(Падгол: ) “Па-першае, я з вамі ня згодны. Улада не зрабіла высноваў з памылак папярэдніх кампаніяў. Тое, як сфармуляваў Лукашэнка пытаньне, гэта даволі моцная мішэнь для апазыцыі. Узяў і ўключыў у адно пытаньне два. Калі апазыцыя зможа дайсьці да кожнага выбаршчыка і патлумачыць, што яго дураць, што тут два пытаньні – адно канстытуцыйнае, а другое пра права Лукашэнкі абірацца –, дык будуць пастаўленыя пад пагрозу вынікі рэфэрэндуму. Па-другое, мы ведаем вынікі соцыялягічных дасьледаваньняў. 50,9 % выбаршчыкаў супроць трэцяга тэрміну Лукашэнкі і толькі каля 30% – за. Таму апазыцыя мае моцныя падставы, каб дзейнічаць супроць рэфэрэндуму, а якія сродкі і захады могуць выкарыстаць?

Па-першае, абсалютна некарэктнае пытаньне, якое паставілі на рэфэрэндум, па-другое, доказ фальсыфікацыяў. Гэты доказ важна зрабіць відавочным. Прыкладам, калі цягам 5 дзён папярэдняга галасаваньня ад кожнага кандыдата ў дэпутаты будуць заставацца ўначы назіральнікі і ня пойдуць з участкаў. Уладзе застанецца адно – надзяваць на іх кайданкі, выносіць з участкаў, арыштоўваць і гэтак далей”.

(Грузьдзіловіч: ) “Леанід, вы таксама думаеце, што ўлада не ўлічыла сваіх памылак падчас былых падобных кампаніяў?”

(Міндлін: ) “Ім гэта і ня трэба, яны ведаюць, што супроць лома няма ніякага прыёму. У іх ёсьць важкія прылады – тры тэлевізійныя каналы, радыё. Супроцьстаяць гэтаму вельмі цяжка, бо ў апазыцыі гэтага нічога няма, амаль увогуле няма інфармацыйнага рэсурсу, каб супроцьстаяць гэтаму ціску”.

(Падгол: ) “Але, Алег. Вы маеце рацыю ў адным. Улада ўлічыла і не дала вялікі тэрмін для апазыцыі. І вось як ўчора у “Панараме” журналіст Пракопаў абгрунтоўваў гэта. Цытую: “Любая выбарчая кампанія ўзбуджае грамадзкую думку і адмоўна адбіваецца на палітычнай і сацыяльнай стабільнасьці. З гэтай жа прычыны ня сталі сьпяшацца з абвесткаю рэфэрэндуму.” Думку падхоплівае старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая таксама кажа, што для грамадзтва небясьпечныя вынікі грамадзкага хваляваньня, якія адбываюцца ў гэты пэрыяд выбарчай кампаніі. Вось гэты урок яны зрабілі і проста даб’юць мазгі выбаршчыкаў за вельмі кароткі тэрмін”.

(Міндлін: ) “Дадам і пра такі важкі фактар, як расейскія тэлеканалы. Наш глядач мае магчымасьць параўноўваць тое, што адбываецца ў Расеі з тым, што адбываецца ў нас. Амаль выспа стабільнасьці, што тут казаць. І гэта вельмі ўплывае на гледача.”

(Вядучы: ) “Прапаную абмеркаваць юрыдычныя і фактычныя магчымасьці для прапаганды падчас падобнага рэфэрэндуму. Нават падчас звычайных выбараў у парлямэнт кандыдаты фармальна маюць роўныя магчымасьці. Выступаць у эфіры, атрымаць грошы на выбарчую кампанію і гэтак далей. А што з рэфэрэндумам? Ці ёсьць магчымасьць у праціўнікаў рэфэрэндуму даводзіць сваю думку да выбаршчыкаў праз афіцыйныя мэдыі, на роўных удзельнічаць у спрэчцы з дзяржаўнай прапагандай?”

(Міндлін: ) “Няма. Наколькі мне вядома, такога юрыдычнага мэханізму няма і гэтак сама няма інфармацыйнага мэханізму. У руках улады ўвесь інфармацыйны апарат дзяржавы і яна будзе ім карыстацца, як захоча.”

(Вядучы: ) “А ці ёсьць нейкія магчымасьці ў апазыцыі перахапіць ініцыятыву, неяк супрацьстаяць інфармацыйнай навале, якая ідзе ад дзяржаўных мэдыяў?”

(Падгол: ) “Абсалютна няма”.

(Міндлін: ) “Я са спадаром Падголам згодны. Няма ані часу, ані рэсурсаў, ані інструмэнту”.

(Вядучы: ) “Такім чынам, апазыцыі наканавана прайграць рэфэрэндум?”

(Міндлін: ) “Верагодна, так. Калі быць прагматыкам, а не рамантыкам, то вядома, што рэфэрэндум будзе выйграны ўладай. Не прайграны апазыцыяй, а выйграны ўладай. Няма роўных умоваў, таму, як кажуць, пытаньне ня вельмі карэктнае. Яшчэ трэба адзначыць, што ў апазыцыі няма ніякіх магчымасьцяў супрацьдзеяньня асабліва ў правінцыі. Вось я даволі шмат паезьдзіў па правінцыі, калі рабіў здымкі, і скажу, што людзі ня ведаюць пра апазыцыю. Ці ведаюць слова апазыцыя, але ня ведаюць пэўных асобаў. А гэта самае важкае”.

(Падгол: ) “Улады ідуць наступным шляхам. Лукашэнка сфармуляваў пытаньні рэфэрэндуму, але агіткі ідуць не па гэтых пытаньнях. Яны пытаюцца: вы за тое, каб Лукашэнка быў прэзыдэнтам, ці за тое, каб яго нехта зьмяніў? Вось у гэтым сэнс. А тады возьмем параўнальныя рэйтынгі. У Лукашэнкі хоць і “пляша” рэйтынг вакол лічбы 30%, то да 24% упадзе, то падымецца да 36%, але па–любому ягоны рэйтынг вышэй за бліжэйшага канкурэнта ў 2-3 разы. І ўсё. Нават гэта вызначыць вынікі рэфэрэндуму, бо потым адміністрацыйным рэсурсам, фальсыфікацыямі яны падцягнуць гэтую лічбу”.

(Вядучы: ) “На што ж тады спадзявацца праціўнікам рэфэрэндуму? Можа ім спадзявацца на здаровы сэнс беларускага выбаршчыка, які паглядзіць на гэтыя рэклямныя ролікі, параўнае афіцыйныя лічбы дабрабыту з тым, што ён мае ў сваёй кішэні, згадае, што было за мінулыя 10 гадоў, уявіць, што яшчэ магчыма за трэці тэрмін ды прыйдзе на выбары і прагаласуе гэтак, як заклікае апазыцыя ? Ці магчыма гэта?”

(Падгол: ) “У мяне ёсьць толькі адзін спадзеў. Я параўноўваю гэтую кампанію з тым, што было напярэдадні распаду СССР. Узгадайце разьвіты сацыялізм і штодзённыя агіткі пра тое, як цудоўна жывецца ў нашай краіне. Зараз тое, што адбываецца пасьля абвесткі Лукашэнкам рэфэрэндуму адзін да аднаго паўтарае гэтую сытуацыю. Ідзе шалёны націск на мазгі. Калі гэтак будзе працягвацца кожны дзень, ужо тыдні праз 2-3 народ звар’яцее, плюне і скажа “А пайшлі яны ўсе, гэтыя рэфэрэндумы, гэтыя прэзыдэнты!” “Што вы нас дурыце?” Яны задзяўбуць народу мазгі да такой ступені”.

(Міндлін: ) “Рэфэрэндум абавязкова будзе, але ёсьць і час, каб супрацьстаяць ягонай ідэі, таму, дзеля чаго ён быў сфармуляваны. Два гады ёсьць, трэба працаваць. Лічу, спадар Падгол сказаў дакладна, што шмат гэтай прапаганды, ня вельмі якаснай, прымітыўнай, гэта ужо будзе, як кажуць, пераяданьнем”.

(Падгол: ) “А я гэта ўжо заўважыў, размаўляючы з выбаршчыкамі зараз. Яны ужо праз два дні пачалі казаць:“Што гэта робіцца, за каго яны нас прымаюць ?”

(Міндлін: ) “Навідавоку супярэчнасьць паміж тым, як мы жывем, як жыве большасьць людзей і тым, што дэманструе беларускае тэлебачаньне. Гэта рай, гэта зямля абетаваная, але ж – што ў мяне дома робіцца, што у мяне ў пад’езьдзе робіцца? Якія грошы я зарабляю? Для улады гэтая супярэчнасьць – вельмі небясьпечны момант”.

(Падгол: ) “Так, рай абвешчаны, але калі чалавек ад тэлевізара даходзіць да свайго стала, то задае пытаньне, дзе ж тыя райскія яблыкі?”

(Вядучы: ) “Такім чынам, апазыцыі застаецца спадзявацца, што за гэтыя два гады гэтае пытаньне у галовах людзей ператворыцца ў патрэбу прыйсьці на выбары і прагаласаваць супроць дзеючай ўлады?”

(Міндлін: ) “Ня толькі. Апазыцыі трэба ствараць інфармацыйныя магчымасьці. Яны існуюць, але трэба іх адшукаць і добра зь імі адпрацаваць”.

(Падгол: ) “Але, дзякуй Богу, гэты рэфэрэндум аб’яднаў апазыцыю. Гэта моцны шанец – аб’яднаньне лідэраў, якія дагэтуль кожны паасобку шукалі сваю выгоду”.

(Вядучы: ) “Паводле зьвестак, у адміністрацыі беларускага прэзыдэнта замовілі і прафінансавалі больш за 10 прапагандысцкіх ролікаў, падобных на тыя два, якія ужо бачаць тэлегледачы. Вялікая верагоднасьць, што усе яны зьявяцца на экранах беларускіх тэлевізараў. Але ці азначае гэта, што беларусы прагаласуюць гэтак, як ім раіць афіцыйная прапаганда? Вырашаць усё ж не рэклямным агентам, а выбаршчыкам краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG