Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі з аб’яўленым рэфэрэндумам у сыстэме адукацыі праводзяцца спэцыяльныя нарады


Алесь Дашчынскі, Менск На іх настаўнікам тлумачаць сутнасьць звароту прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі й парадак агітацыйнай працы сярод бацькоў і дзяцей.

Дагэтуль у навучальных установах, дзе звычайна разьмяшчаюцца выбарчыя ўчасткі, рыхтаваліся да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Але цяпер падрыхтоўку тэрмінова падкарэктавалі. Ва ўпраўленьні адукацыі Менскага аблвыканкаму сказалі, што сёньня ў Заслаўі і ў Барысаўскім раёне праводзяцца спэцыяльныя нарады з настаўнікамі школ. Асноўную мэту гэтых нарадаў, якія плянуецца правесьці па ўсёй вобласьці, тлумачыць прадстаўніца ўпраўленьня адукацыі Ларыса Кузьняцова:

(Кузьняцова: ) “Мэта такая: папрацаваць са зваротам, растлумачыць, зноў вярнуцца да звароту прэзыдэнта да народу. Растлумачыць, каб з гэтым матэрыялам пайшлі клясныя кіраўнікі ў клясы да дзяцей і таксама гэтую тлумачальную работу правялі. Таму што сэнс усіх гэтых інфармацыйных гадзін — ісьці ў нагу з грамадзка-палітычным жыцьцём нашай краіны”.

Паводле спадарыні Кузьняцовай, адмысловыя нарады будуць праведзеныя таксама ў пэдагагічных калектывах з кляснымі кіраўнікамі, якія павінны данесьці інфармацыю пра рэфэрэндум да дзяцей на адмысловых уроках.

(Кузьняцова: ) “Прагучаў гэты зварот і пераканаўча, гэта посьпехі ў нашым жыцьці сьведчаць аб тым, што на самой справе мы павінны працягнуць гэты курс, а курс гэты зьвязаны з прэзыдэнтам. Ну, у такім сэнсе будзе тлумачальная праца праводзіцца”.

Такая ж праца будзе весьціся і ў вышэйшых навучальных установах. Прадстаўнік кіраўніцтва аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Менску распавёў, што Міністэрствам адукацыі і мясцовай адміністрацыяй рэкамэндавана праводзіць вывучэньне выбарчага заканадаўства, тлумачыць сутнасьць пытаньняў і парадку галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG