ДЖАКАРТА. Моцны выбух адбыўся сёньня каля будынку амбасады Аўстраліі у сталіцы Інданэзіі Джакарце. Як найменей 9 чалавек загінулі, параненыя каля 160 чалавек.
Большасьць загіблых – паліцыянты, ахоўнікі амбасады і людзі, якія праходзілі непадалёк. У ліку пацярпелых няма супрацоўнікаў амбасады, няма замежных грамадзянаў.
Паводле паліцыі Джакарты, выбухоўка была у аўтамабілі.
Ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за выбух.
Прадстаўнікі Інданэзіі і Аўстраліі заявілі, што падазраюць узброенную групоўку “Джэмаа Ісьлямія”.
Міністар замежных справаў Аўстраліі Аляксандар Даунэр заявіў, што гэта, магчыма, тэрарыстычны напад, скіраваны супраць Аўстраліі.
Раней амбасады ЗША і Аўстраліі у Інданэзіі былі папярэджаныя пра магчымыя напады з боку ісьлямскіх ваяўнікоў.