Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьдзяляльная здольнасьць / разьдзяленьне / разьдзяляльнасьць экрана


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Сёньняшнюю тэму падказаў наш менскі слухач Алесь Яўдаха. Ён cпытаўся, якім словам можна характарызаваць па-беларуску шчыльнасьць відарысу на экране кампутарнага манітора. Іначай кажучы, папрасіў падказаць беларускі адпаведнік такіх фізычных тэрмінаў, як, напрыклад, расійскае слова разрешение або ангельскае resolution?

Адказу на гэтае пытаньне не даюць агульнадаступныя акадэмічныя расійска-беларускія слоўнікі – іх укладальнікі па-ранейшаму выпускаюць з-пад увагі “фізычнае” значэньне расійскага разрешения. Гэтае значэньне даўно ўжо ня вузкаспэцыяльнае, аднак адпаведныя беларускія тэрміны пакуль што рэдка ўжываюцца па-за спэцыяльнай літаратураю.

Уласьцівая сыстэмам і прыладам здольнасьць адрозьніваць аб’екты або працэсы, блізкія ў прасторы, часе або паводле сваіх фізычных асаблівасьцяў, называецца ў сучаснай беларускай мове, як правіла, разьдзяляльнай здольнасьцю або проста разьдзяленьнем. Паводле “Беларускай энцыклапедыі”, разьдзяляльная здольнасьць аптычных сыстэм – гэта іх здольнасьць даваць разьдзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. Чым вышэйшую разьдзяляльную здольнасьць ці – інакш – вышэйшае разьдзяленьне мае экран манітора, тым больш якасны відарыс можа быць на ім выведзены.

Да названых вышэй, замацаваных у спэцыяльнай літаратуры тэрмінаў рызыкну дадаць яшчэ сынонім разьдзяляльнасьць. Гэтае слова, у адрозьненьне ад шматзначнага назоўніка разьдзяленьне, больш дакладнае, структурна адпаведнае для характарыстыкі якасьці відарысу.

Вось жа, можам сказаць па-беларуску пра разьдзяленьне, ці разьдзяляльнасьць, або разьдзяляльную здольнасьць прылады, сыстэмы. Гаворым, напрыклад, што разьдзяляльнасьць экрана манітора – 800 на 600 пунктаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG