Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчай кампаніі ўлады падтрымліваюць тых жанчын, якія ўхваляюць палітыку Лукашэнкі


Міхал Стэльмак, Менск Паводле Лукашэнкі, у Палаце прадстаўнікоў, выбары ў якую адбудуцца 17 кастрычніка, мусіць быць ня меней як 30-40 адсоткаў жанчын. Ці рэалізуецца гэтая ўстаноўка кіраўніка дзяржавы? Што думаюць пра гэта жанчыны, якія бяруць удзел у цяперашняй выбарчай кампаніі?

Нагадаю, што Лукашэнка сваю пазыцыю абгрунтаваў стабільнасьцю і спакоем, якія нібыта зыходзяць ад жанчын-дэпутатак. У Палаце прадстаўнікоў цяперашняга скліканьня, які завяршае свае паўнамоцтвы, 14 жанчын, што складае 12 адсоткаў. У іх ліку – Вольга Абрамава, якая лічыць сябе незалежнай дэпутаткай. На яе думку, Лукашэнка меў рацыю, калі выступіў з ініцыятывай павялічэньня колькасьці жанчын у парлямэнце. Вось як яна патлумачыла гэта нашаму радыё:

(Абрамава: ) “Я заўжды была прыхільніцай значнай прысутнасьці жанчын у органах улады. Я лічу, што жанчыны нясуць у сабе важны сацыяльны кампанэнт. І паколькі жанчыны, нягледзячы на тое, што іх у грамадзтве большасьць, непрапарцыйна прадстаўленыя ў заканадаўчай і прадстаўнічай уладзе, яны маюць права на значна большае прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў. Для любой краіны прадстаўніцтва жанчын вельмі важнае. Таму што яны заклапочаныя ў першую чаргу гуманітарнымі праблемамі. І жанчыны таксама вельмі добра працуюць у акругах. Гэта я ведаю ня толькі па сваёй акрузе, але і паводле досьведу сваіх калег, бо мы ня раз абменьваліся ўражаньнямі”.

(Карэспандэнт: ) “Вольга Міхайлаўна, ці балятуецеся вы ў Палату прадстаўнікоў гэтага скліканьня?”

(Абрамава: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “Ці сабралі подпісы?”

(Абрамава: ) “Так. Мы здалі 1313 подпісаў”.

Вольга Абрамава балятуецца ў Менску, у акрузе №108. Тут, паводле ейных словаў, таксама маюць намер атрымаць дэпутацкія мандаты такія вядомыя асобы як лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалай Статкевіч, адзін з лідэраў Партыі БНФ Юры Хадыка. Дык вось, ёсьць меркаваньні, што кандыдатура спадарыні Абрамавай задавальняе ўлады, і яны будуць спрыяць яе абраньню на новы тэрмін. Сама ж спадарыня Абрамава адхіляе гэтую вэрсію, але пры гэтым спадзяецца на перамогу.

Увогуле ж, устаноўка Лукашэнкі наконт прадстаўніцтва жанчын рэалізуецца. Улады вызначылі акругі, дзе мяркуецца абраць жанчын дэпутаткамі. Напрыклад, адной з такіх акругаў ёсьць Вілейская акруга №79. Тут балятуецца старшыня выканкаму Ільянскага сельсавету Галіна Кутас, якая сваю ініцыятыву патлумачыла наступным чынам:

(Карэспандэнт: ) “Вы самастойна прынялі такое рашэньне?”

(Кутас: ) “Не, не самастойна. Улады прапанавалі”.

(Карэспандэнт: ) “Некалі Лукашэнка казаў пра неабходнасьць 30 адсоткаў жанчын у парлямэнце...”

(Кутас: ) “Можа я і падпадаю пад гэтую катэгорыю. Можа ў сувязі з гэтым і прапанавалі. Але я ўжо аднойчы рабіла спробу прабіцца ў парлямэнт. Цяжка гэта зрабіць, цяжка прабівацца. Ня думаю, што будзе і зараз лягчэй. Чамусьці наша грамадзтва, як я лічу, не гатова выбіраць жанчын у парлямэнт. Нават самі жанчыны любяць выбіраць мужчын”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, ці мусяць быць у парлямэнце жанчыны?”

(Кутас: ) “Мусяць. Таму што жанчыны больш скрупулёзныя ва ўсіх пытаньнях. Мужчыны ўсё успрымаюць лёгка. А ўвесь цяжар жыцьця кладзецца на жанчын. Але вось жанчыны ў грамадзтве яшчэ не зразумелі, што ў парлямэнт трэба шмат жанчын”.

Ці распаўсюджваецца ўстаноўка на павелічэньне колькасьці жанчын у парлямэнце на ўсіх беларускіх жанчын незалежна ад іх палітычных поглядаў? Паводле зьвестак з выбарчых акругаў, дзе ў ліку прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ёсьць жанчыны, раўнапраўя на гэты конт няма. Улады падтрымліваюць у гэтай выбарчай кампаніі тых жанчын, якія ўхваляюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. І, наадварот, чыноўнікі актыўна супрацьстаяць выбарчым плянам тых жанчын, чые палітычныя погляды зарыентаваныя на дэмакратычныя каштоўнасьці, хто ёсьць сябрам апазыцыйных партый. Напрыклад, вось што распавяла мне на гэты конт Сьвятлана Панамарова з Клецку, якая ёсьць сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і балятуецца ў Нясьвіскай выбарчай акрузе №87:

(Панамарова: ) “Ціск быў і вельмі актыўны з боку аддзелу ўнутраных спраў. Напрыклад, міліцыянт гаварыў дзяўчатам з маёй ініцыятыўнай групы, што гэтая група, маўляў, зьбірае подпісы супраць прэзыдэнта краіны, і таму, маўляў, усе пастаўлены на ўлік. А яшчэ была такая ўстаноўка з райвыканкаму: старшыня сказаў усім бюджэтным арганізацыям, што ў нас адзіны кандыдат – Худая Марыя Мікалаеўна. Таму вы павінны свае калектывы настройваць так, каб гэтая дэпутатка прайшла. Другіх, маўляў, кандыдатураў быць ня можа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG