Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь далучаецца да жалобы ў Расеі, аднак сьвята гораду Менску 11 верасьня пакуль не скасоўвае


Юры Сьвірко, Менск Прымаючы выканаўчага сакратара СНД, былога міністра ўнутраных справаў Расеі Ўладзімера Рушайлу, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што толькі разам можна пераадолець “страшныя падзеі ў нашай Расеі”.

Аляксандар Лукашэнка выказаў спадару Рушайлу ды ўсяму расейскаму народу спачуваньні з нагоды трагедыі ў Бэслане й паведаміў, што ў панядзелак беларускія працоўныя калектывы ладзяць жалобныя мітынгі салідарнасьці.

(Лукашэнка: ) “Мы прынялі рашэньне паводле прапановы саміх людзей, працоўных калектываў — сёньня і заўтра мы практычна падключаемся да тых жалобных мерапрыемстваў, якія праходзяць у Расеі. Я думаю, што мы разам — толькі разам — зможам пераадолець гэтыя страшныя падзеі, якія адбываюцца ў нашай Расеі”.

Аляксандар Лукашэнка таксама паставіў сьвечкі ў праваслаўным саборы ў памяць ахвяраў у Бэслане, аднак, паводле ягонай прэсавай сакратаркі, не паедзе рабіць запіс у кнізе спачуваньняў у амбасадзе Расеі ў Менску.

Яшчэ раней на канец гэтага тыдня ўлады заплянавалі сьвята гораду Менску, што супадзе з трэцяй гадавінай буйных тэрактаў у ЗША. Ці будзе зьмененая праграма сталічнага сьвята? На гэтае пытаньне прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч адказала:

(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт з гэтай нагоды нічога не казаў. Скасоўваюцца ўсе забаўляльныя мерапрыемствы на дні жалобы”.

Аднак у Менскім гарвыканкаме не выключаюць, што сьвята 11 верасьня ня будзе, бо, кажуць там, нелягічна пачынаць тыдзень жалобай і заканчваць песьнямі й танцамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG