Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Якое можа быць свабоднае волевыяўленьне грамадзянаў пад рулямі аўтаматаў?”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 3 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Па-першае, жадаю сказаць, што тэрарызм існуе ў нас на Беларусі, існуе даўно. Тэрарызм – гэта ня толькі тады, калі льецца кроў і забіваюць людзей. Тэрарызм – гэта тады, калі прэзыдэнт аддае загад забіваць людзей, калі ён аддае загад біць людзей, калі ён аддае загад хлусіць людзям. Тэрарызм – гэта калі апазыцыя на замову, каб атрымаць нейкія дывідэнды, пачынае хлусіць тым, хто давярае ім. Тэрарызм – гэта калі лідэр апазыцыі, які аб’яўляе сябе лідэрам нацыі, ашалеўшы ад нянавісьці да Расеі, якая ўжо стала ў яго як ракавая пухліна, я маю на ўвазе Пазьняка, рассылае ўлёткі, якія заклікаюць практычна да зброі супраць Расеі, дасылае лісты, спачуваючы ідэям тэрарыста, былога прэзыдэнта Чачэніі, які стаў на шлях часовай вайны, яны зараз забіваюць людзей. Калі яны тады ваявалі супраць Расеі ў першай вайне – усе былі “за”, а калі яны пайшлі супраць ужо сваіх людзей, супраць Каўказа, то ўжо – прабачце. Таму тэрарызм прыходзіць тады, калі мы пачынаем хлусіць самі сабе і гуляем з гэтай хлусьнёй у нейкія гульні. Тэрарызм – гэта калі мы адмаўляемся ад сябе, адмаўляемся ад сваёй радзімы. Гэта тэрарызм супраць нашых дзяцей, супраць нашых нашчадкаў. І да таго часу пакуль мы будзем гэта рабіць, ён будзе з намі. А потым пальецца кроў. Дзякуй”.

(Бяргеевіч, Берасьце: ) “Спадар Жданко! Зь вялікай увагай слухаў ваш адказ на ліст Сьцяпанавай зь Берасьця. Вы вельмі ўпэўнена даказвалі, што за мяжой крытыка кіраўніка дзяржавы не падвяргаецца пакараньню – і гэта норма свабоднай дэмакратыі. Але пакуль вы так талкова гэта расказвалі нам, у той час у ЗША ў Нью-Ёрку паліцыя арыштавала 270 удзельнікаў дэманстрацыі супраць Буша! Ня 5, ня 10, як у Менску, а 270! Так што вашыя гаспадары пасадзілі вас у галёшу. Нічога таксама не паведамляеце аб арыштах шкурнікаў у Рызе. Спадзяюся пачуць ад Аляксандра Лукашука камэнтар на гэтае пытаньне. А разам і новы яго анэкдот. Не забудзьцеся даць адказ. Буду чакаць”.

(Спадар: ) “Калі вы скончыце корпацца ў гэтых скрынях са сьмецьцем? Адно й тое ж гаворыце і гаворыце! Сорам вам і ганьба!”

(Сяржук Бурс, Менск: ) “Экспарт тэрарызму з Расеі ня толькі магчымы, але і цалкам верагодны. Таму што ўсе дзеяньні, якія вядуцца зараз у Чачэнскай Рэспубліцы Ічкерыя па скасаваньні незалежнасьці гэтай краіны – гэта ня што іншае, як тэрарыстычная дзейнасьць. А вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі хапае.

Я ўпэўнены, што ўсясьветная супольнасьць павінна прымусіць расейскага прэзыдэнта Пуціна сесьці за стол перамоваў з законным прэзыдэнтам Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Асланам Масхадавым. І ўсе гэтыя гульні ў дэмакратыю, і выбары так званыя на тэрыторыі Ічкерыі ня вартыя й выедзенага яйка. Якая можа быць дэмакратыя? Якое можа быць свабоднае волевыяўленьне грамадзянаў пад рулямі аўтаматаў?”

(Спадар: ) “Падзеі на Каўказе, які Расея лічыць сваёй тэрыторыяй, могуць, і гэта ўжо адбываецца, перакінуцца ў Маскву. А беларускія ўлады і сам Лукашэнка праводзіць курс на аб’яднаньне з Расеяй, якая вядзе вайну ў Чачэніі, займаецца сыстэматычнымі правакацыямі па выбарах прэзыдэнта Чачэніі. У Чачэніі ёсьць прэзыдэнт! Яго імя Аслан Масхадаў. Ён быў абраны дэмакратычным, свабодным шляхам, а ня як цяпер адбываецца пад акупацыяй Чачэніі расейскімі войскамі. Расейскія войскі, сьцягнутыя ў Чачэнію, галасуюць супраць інтарэсаў тамтэйшага народу. Таму Беларусь, як хаўрусьнік, будзе ўцягнутая ў супрацьстаяньне паміж Пуцінам і Масхадавым”.

(Спадар: ) “Паважаная рэдакцыя! З глыбокім сумам пачуў сёньня, што ў Воршы няма нават знаку, напаміну нават няма аб нашай слаўнай перамозе над маскальскім войскам на рацэ Крапіўна.

Нагадваецца такое. У Маладзечна быў праспэкт Леніна, зараз гэта Вялікі гасьцінец; вуліца Вольная, якая называлася раней вуліцай Дзяржынскага. Мы маем помнік пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі. А ў напамін да бітвы ёсьць вуліца імя Канстанціна Астрожскага – адна зь вялікіх прыгожых вуліц. Хачу сказаць, што сумна і сорамна за аршанцаў. Ці, браткі, зусім змаскалелі?”

(Іван Карпавіч: ) “Хачу выказацца наконт пытаньня тэрарызму. Гэты тэрарызм – тэрарызм Савецкага Саюзу. І ён быў, ёсьць і будзе. Гэта ўсё робіцца ў Расеі і Беларусі – дзяржаўная палітыка! І ня трэба шукаць кагосьці. Трэба шукаць тых, хто ўзначальвае дзяржаву. Вось пра што размова ідзе. Гэта па-першае.

Па-другое, наконт выбараў. Нікога туды не дапускаюць. Выбары, як кажуць, ужо зробленыя. Прэзыдэнт сказаў каго – той і будзе. І, ці мы пойдзем на выбары, ці не – гэта ня мае ніякага значэньня. У іх ужо ўсё зроблена! Навошта толькі грошы на вецер выкідваць?

Я лічу, пакуль у нас камуністычная партыя будзе пры ўладзе і КГБ, нічога ня будзе на постсавецкай прасторы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG