Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці ва ўчастковых камісіях толькі беспартыйныя і некалькі камуністаў


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці ўтворана 1113 участковых выбарчых камісіяў. У іх складзе амаль 11 тысячаў чалавек. За выключэньнем невялікай колькасьці камуністаў, у камісіях няма ніводнага прадстаўніка палітычных партыяў.

У Гомельскай вобласьці зарэгістраваны 15 рэгіянальных арганізацыяў палітычных партыяў. Аднак далёка ня ўсе вылучалі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

У іх ліку суполкі Лібэральна-дэмакратычнай, Аграрнай партыяў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады ды іншых.

Не абцяжарвалі сябе гэтай працай і некаторыя прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка плюс”. У прыватнасьці, не пасылала сваіх вылучэнцаў у камісіі Беларуская партыя “Зялёных”.

Толькі ў Рагачове вылучала сваіх прадстаўнікоў у камісіі шляхам збору подпісаў Народная грамада.

Чым тлумачыцца такое стаўленьне да фармаваньня ўчастковых камісіяў, распавёў кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Народнай Грамады Юрась Захаранка:

(Захаранка: ) “Вырашылі, што высілкі будуць марнымі. Усё адно нас не ўключаць у камісіі. Будзе лепей, калі ўсе сілы мы кінем на збор подпісаў і агітацыю за нашых кандыдатаў”, – сказаў рэгіянальны лідэр Народнай Грамады спадар Захаранка.

Прадстаўнікі ўладных структураў сьцьвярджаюць, што суполкі палітычных партыяў надзвычай позна падавалі дакумэнты на сваіх вылучэньцаў.

Гаворыць намесьнік старшыні Мазырскага гарвыканкаму Фёдар Пісанік:

(Пісанік: ) “Мы стваралі працаздольныя ўчастковыя выбарчыя камісіі. Заявы разглядалі на падставе чарговасьці. У нас было звыш паўтысячы зваротаў. Палітычныя арганізацыі падавалі пратаколы ў ліку апошніх. Мы можам прадставіць вам журнал рэгістрацыі”, – заявіў намесьнік старшыні Мазырскага гарвыканкаму Фёдар Пісанік.

Падчас вылучэньня прэтэндэнтаў у камісіі найбольш выніковымі былі высілкі абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі. Яна прапанавала выканкамам 103 сваіх прадстаўнікоў. Аднак і зь іх ніхто не патрапіў у камісіі.

Гаворыць намесьнік кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімер Кацора:

(Кацора: ) “Мы ня вельмі спадзяваліся, што нашых прадстаўнікоў уключаць у камісіі. Папярэдні досьвед гэта паказваў. Але паколькі цяперашнія выбары больш высокага ўзроўню, то мы вылучылі ў вобласьці ў камісіі ад нашай партыі больш за сотню чалавек. Вынік вядомы – нікога не ўключылі.

Гэта сьведчыць пра тое, якімі будуць выбары. Ва ўчастковых камісіях робіцца ўся так званая “кухня”. Там фальшуюцца выбары, перарабляюцца пратаколы. Гэта мы неаднаразова назіралі і на мясцовых выбарах. Я ўпэўнены, так будзе і цяпер. Як кажуць, ня важна, як галасуюць, важна, як лічаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG