Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Як беларусам жылося, калі кіраўніком краіны быў Станіслаў Шушкевіч?


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Чым вам запомніўся час, калі кіраўніком Беларусі быў Станіслаў Шушкевіч? Як вам жылося, калі ён узначальваў Вярхоўны Савет? Наш карэспандэнт апытаў на гэты конт жыхароў Дзяржыншчыны.

(Карэспандэнт: ) “Як вам жылося, калі Вярхоўны Савет узначальваў Станіслаў Шушкевіч?”

(Спадар Аляксей: ) “Шушкевіч пабыў мала, таму што я магу думаць? Я жыў у Дзяржынску, дык у яго там лецішча. Шушкевіч — просты мужык. Ён таксама можа быць на кіраўнічай працы, але да кіраўніка дзяржавы ён крышку не дацягвае”.

(Спадарыня Алена: ) “Шушкевіч, як мне падаецца, нічога добрага нам ня даў. Пры Лукашэнку яно неяк лепей”.

(Карэспандэнт: ) “Вам жывецца больш багата цяпер, пры Лукашэнку, ці калі краінай кіраваў Шушкевіч?”

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Я ўжо ня памятаю, але ўсё ж лепш, відаць, пры Лукашэнку. Пры Лукашэнку лепшы парадак”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы думаеце?”

(Спадарыня Любоў: ) “Па тых часах хапала за кватэру плаціць, і яшчэ заставаліся грошы. Цяпер заробкі невысокія, а цэны вельмі вялікія”.

(Спадар: ) “Тады жылося нармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы думаеце пра Шушкевіча?”

(Спадар Анатоль: ) “Пры Шушкевічы менш законаў было ў абарону народу. А цяпер такіх законаў больш”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведаеце вы, хто такі Станіслаў Шушкевіч?”

(Спадарыня Ганна: ) “Чаму ж ня ведаем? Ведаем. Быў у нас прэзыдэнтам”.

(Карэспандэнт: ) “А чым вам запомнілася яго кіраўніцтва краінай?”

(Спадарыня Ганна: ) “Нічым”.

(Спадарыня Насьця: ) “Я ўжо старая. Нешта нічога ня памятаю”.

(Спадарыня Натальля: ) “Развалам Саюзу. І толькі. Больш нічым”.

(Спадарыня Алена: ) “Нічога ён такога добрага не зрабіў. І кепскага таксама. Я стаўлюся да яго ні добра, ні кепска”.

(Спадарыня Зіна: ) “Раней тавараў не было ў крамах, але ж хаця цэны былі даступнымі. Грошай на той самы халадзільнік можна было пазьбіраць і за пяць гадоў купіць. А цяпер за пяць гадоў цэны ўзрастуць у пяць разоў”.

(Спадарыня Вера: ) “Нармалёва тады пры Шушкевічы жылося. Мы былі рэабілітаваныя, нам зрабілі льготы, а цяпер іх паздымалі”.

(Спадарыня Вара: ) “Я пра яго нічога добрага не магу сказаць. Я мучылася тады, калі ён быў прэзыдэнтам. Тады немагчыма было купіць ні мукі, ні цукру. Я душылася ў чэргах”.

(Карэспандэнт: ) “Вы жывяце больш багата цяпер, альбо калі краінай кіраваў Станіслаў Шушкевіч?”

(Спадарыня Антаніна: ) “Калі Шушкевіч. Цяпер цэны такія, што мы, пэнсіянэры, калі выплачваем камунальныя плацяжы, дык застаецца ў нас толькі на хлеб і малако. А тады такой беднасьці мы не адчувалі. Я і сыноў расьціла. Калі б гэта цяпер у мяне была такая сям’я, то й загнулася б”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, чаму Шушкевіч не ўтрымаўся пры ўладзе?”

(Спадарыня Антаніна: ) “Таму што калі Лукашэнка даваў абяцаньні, то шмат схлусіў. Ён казаў, што й катэджы адбяру, і народ гэтаму верыў. Шушкевіч такіх абяцаньняў не даваў. Ніколі за Лукашэнку галасаваць ня буду”.

(Карэспандэнт: ) “Ці памятаеце вы такога кіраўніка краіны як Станіслаў Шушкевіч?”

(Спадарыня Галіна: ) “Памятаем такога. Быў”.

(Спадарыня Вольга: ) “Ня ведаю. Я тады вельмі маленькая была, а можа, і наогул не было”.

(Спадарыня Іна: ) “Прозьвішча Шушкевіч памятаю. Відаць, ён быў беларускім пісьменьнікам”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Такога не забыліся”.

(Спадарыня Аляксандра: ) “Размаўляў па-беларуску. Укараняў беларускую мову”.

(Спадарыня Ганна: ) “Ён жа прафэсар”.

(Карэспандэнт: ) “А вам хацелася б, каб кіраўнік краіны на якой мове гаварыў?”

(Спадарыня Аляксандра: ) “На сваёй мове, на беларускай. Вядома”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG