Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскі ўнівэрсытэт: гісторыя


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: гісторык Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Доўгі час лічылася, што першы беларускі ўнівэрсытэт — гэта БДУ, створаны ў БССР у 1921 г. Крыху пазьней успомнілі пра Полацкую езуіцкую акадэмію, якая існавала на пачатку 19 стагодзьдзя. Няўжо беларусы стваралі сваю вышэйшую адукацыю так позна, значна спазьніўшыся ў параўнаньні са сваімі суседзямі?”

(Алег Трусаў: ) “Не, наадварот, беларусы стварылі свой першы ўнівэрсытэт значна раней за расейцаў ці ўкраінцаў, ажно ў 16 стагодзьдзі, у тым жа стагодзьдзі калі надрукавалі і сваю першую кнігу”.

(Ракіцкі: ) “Калі дакладна і дзе гэта адбылося?”

(Трусаў: ) “У Вільні, у нашай старадаўняй сталіцы ў 1578 годзе. Ініцыятарам стала буйная беларуская шляхта, якая мусіла вучыць сваіх дзяцей у замежных унівэрсытэтах. На сэйме 1569 году наша шляхта папрасіла караля Жыгімонта адкрыць у Вільні калегію. Ён даручыў гэта езуітам, якія прыехалі ў Вільню таксама ў 1569 годзе. У наступным годзе калегія была створана. У ёй вучыліся 160 чалавек. Калегія таксама мела цудоўную бібліятэку. Аднак, калегія — гэта яшчэ не ўнівэрсытэт, а беларуская моладзь пачала паглядаць у бок пратэстанцкіх унівэрсытэтаў Эўропы, асабліва на вышэйшую вучэльню ў Круляўцы (Кёнігсбэргу). Таму папская курыя і мясцовыя езуіты дамагаліся хутчэйшага адкрыцьця менавіта ўнівэрсытэту.

У 1578 годзе кароль Сьцяпан Батура выдаў прывілей аб рэарганізацыі калегіі ў акадэмію. 30 красавіка прывілей быў зацьверджаны булай папы Рыгора ХІІІ. Першым рэктарам стаў вядомы кракаўскі езуіт Пётар Скарга. Пачалі дзейнічаць два факультэты: філязофіі й тэалёгіі”.

(Ракіцкі: ) “Якія правы мела новая навучальная ўстанова і як ажыцьцяўляўся набор студэнтаў?”

(Трусаў: ) “Вельмі вялікія. Акадэмія магла надаваць вучоныя ступені, мела выбарную адміністрацыю і права ўласнай юрысдыкцыі. Так, напрыклад, ад 1583 да 1781 году атрымалі ганаровыя ступені 4076 чалавек. У студэнты набіралі юнакоў усіх хрысьціянскіх канфэсіяў, у тым ліку і праваслаўных. Аднак, на тэалягічны факультэт набіралі толькі пасьля заканчэньня філязофскага і прыняцьця каталіцтва, бо там рыхтавалі ксяндзоў. Але колькасьць тэолягаў была невялікая”.

(Ракіцкі: ) “Як адбываўся працэс вучобы, якія прадметы выкладаліся?”

(Трусаў: ) “Студэнты абодвух факультэтаў вывучалі дзяржаўную беларускую мову, таксама нямецкую і францускую. На факультэце філязофіі ім на першым курсе выкладалі лёгіку. На другім — рыторыку або філязофію прыроды. На трэцім — этыку і мэдыцыну або філязофію пра душу чалавека. Таксама выкладалі анатомію і фізіялёгію.

У 16 стагодзьдзі была створана катэдра матэматыкі. Славілася і выкладаньне рыторыкі. Існавалі нават мясцовыя падручнікі па гэтым прадмеце. Займаліся таксама мэтэаралёгіяй і оптыкай. Кожны год выпускалі 20–30 чалавек для калегіяў і ксяндзоў-езуітаў”.

(Ракіцкі: ) “Адкуль набіраліся выкладчыкі і хто фінансаваў унівэрсытэт?”

(Трусаў: ) “Сыстэма прызначэньня выкладчыкаў была касмапалітычнай. Катэдры і пасады прафэсараў разьмяркоўваліся з Рыму. Месцы атрымлівалі асобы, якія там прайшлі курс прафэсуры і мелі ступень доктара. Зь фінансавага гледзішча акадэмія была незалежная ад дзяржавы — ня мела ад яе фінансавай падтрымкі. Яе гадавы бюджэт складаў каля 40 тысяч злотых, гэта былі прыбыткі ад зямельных уладаньняў, ахвяраваньні мэцэнатаў, часам вельмі значныя”.

(Ракіцкі: ) “А хто былі яны, фундатары тагачаснай вышэйшай адукацыі ў ВКЛ?”

(Трусаў: ) “Вельмі ўплывовыя і багатыя людзі. У 1585 годзе Радзівіл Сіротка перавёз у Вільню зь Берасьця і перадаў Акадэміі пратэстанцкую друкарню свайго бацькі. Да канца 16 стагодзьдзя тут надрукавалі каля 60 кніг па філязофіі, тэалёгіі й палітыцы. Сын Льва Сапегі — віцэканцлер ВКЛ Казімір перадаў 12 тысяч злотых на ўтрыманьне чатырох прафэсараў на новым юрыдычным факультэце, які быў створаны ў 1644 годзе. У 1753 годзе мсьціслаўская кашталянка Лізавета Пузыня дала грошы на будаўніцтва абсэрваторыі”.

(Ракіцкі: ) “Які лёс напаткаў унівэрсытэт у 17–18 стагодзьдзях?”

(Трусаў: ) “Як і раней, асноўнай мовай выкладаньня заставалася лаціна. У 1641 годзе кароль Уладзіслаў Ваза даў прывілей на адкрыцьцё двух новых факультэтаў: юрыдычнага і мэдычнага. У 1650 і 1669 гадах рэктар унівэрсытэту Каяловіч напісаў на лаціне гісторыю ВКЛ у двух тамах. У другой палове 18 стагодзьдзя вучэбныя праграмы зьмяніліся. Пашырыліся аб’ёмы курсаў матэматыкі, фізыкі й астраноміі. Вялікую дапамогу ў гэтым аказалі ўнівэрсытэты Вены і Прагі. У 1752 годзе ўводзіцца самастойны курс матэматыкі, у 1753 пачалі будаваць абсэрваторыю. У гэты час існавала і мэтэаралягічная станцыя.

Сярод найбольш вядомых выхаванцаў акадэміі можна назваць Мялеція Сматрыцкага, Сімяона Полацкага”.

(Ракіцкі: ) “Паводле эўрапейскай традыцыі, унівэрсытэт — гэта заўсёды цэлы гарадок, комплекс будынкаў і ўтульных дворыкаў. І Віленскі ўнівэрсытэт не зьяўляецца выключэньнем з гэтага правіла. Кожны раз, калі я прыяжджаю ў Вільню, абавязкова знаходжу гадзінку, каб паблукаць па яго дворыках. Ці адпавядае тое, што ёсьць цяпер, даўнейшай забудове ўнівэрсытэцкага гарадка ў Вільні?”

(Трусаў: ) “Адпавядае. І цяпер у Вільні існуе архітэктурны комплекс унівэрсытэцкіх будынкаў 16–19 стагодзьдзяў. Гэта 13 асобных збудаванняў: ад готыкі да гістарызму. Комплекс мае 12 дворыкаў. Сярод іх Вялікі (прысьвечаны першаму рэктару Пятру Скаргу), Абсэрваторыі (прысьвечаны Пачобуту), Адама Міцкевіча, Лаўрэна Гуцэвіча (архітэктара пачатку 19 стагодзьдзя), Бібліятэкі, Друкарні.

Вылучаюцца сваёй прыгажосьцю Касьцёл сьв. Яна ў стылі барока (архітэктар Глаўбіц, рэканструкцыя 1738–1744 г.) з 23 алтарамі, будынак Абсэрваторыі (1752–1786). Літоўскія рэстаўратары ў 1968–1979 гады аднавілі гэты комплекс. За гэтую ўнікальную працу яны атрымалі Залаты мэдаль Эўрапейскай кураторыі аховы помнікаў у 1985 годзе”.

(Ракіцкі: ) “Які лёс напаткаў віленскую адукацыю і ордэн езуітаў пасьля разьдзелу Рэчы Паспалітай?”

(Трусаў: ) “Пасьля забароны ў 1773 годзе ордэну езуітаў акадэмію назвалі Літоўскай галоўнай школай. Ад 1781 году там сталі рыхтаваць мэдыкаў з вышэйшай адукацыяй. У Вільню перавялі гарадзенскую мэдычную школу, створаную ў 1776 годзе Тызэнгаўзам. Сюды з Горадні прыехаў славуты навуковец Жалібер. Кіраваць дзейнасьцю ўнівэрсытэту стала Адукацыйная камісія ВКЛ. Рэктарам доўгі час (20 гадоў) быў наш зямляк Пачобут-Адляніцкі, які надаў адукацыі амаль сьвецкі характар. Напрыклад, прафэсар хіміі й фармацэўтыкі Сьнядэцкі напісаў і надрукаваў у 1800 годзе першы падручнік па хіміі. Таксама тут выкладаюць архітэктуру, жывапіс, графіку і скульптуру.

Жалібер, як і ў Горадні, заснаваў у Вільні першы батанічны сад. Ад 1793 году існуе катэдра архітэктуры, якую ачольваў прафэсар Яўген Гуцэвіч. У 1798 годзе ствараецца катэдра жывапісу, якой кіруе прафэсар Смуглевіч, выпускнік рымскай Акадэміі мастацтваў. Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай у 1796 годзе вучэльня атрымала назву Галоўная Віленская школа”.

(Ракіцкі: ) “А калі яна атрымала назву ўнівэрсытэту?”

(Трусаў: ) “У 1803 годзе 16 красавіка Віленская галоўная школа стала ўнівэрсытэтам. 30 траўня быў прыняты статут, а куратарам быў князь Чартарыйскі, які кіраваў Віленскай адукацыйнай акругай, куды ўваходзіла ўся тэрыторыя Беларусі. Ён праводзіў палітыку палянізацыі. Расейскую мову ў школах вывучалі толькі паводле жаданьня вучняў, а беларуская мова да 1823 году была забароненая.

Ва ўнівэрсытэце працавалі чатыры факультэты. На іх выкладалі 47 прафэсараў, прычым 36 былі родам зь Літвы і Беларусі. Сярод студэнтаў і выкладчыкаў існавалі як легальныя, гэтак і таемныя гурткі. Гэта “Таварыства шубраўцаў-“гультаёў”, філяматаў (аматараў навук), прамяністых і філярэтаў (аматараў дабрадзейнасьці).

Яны заклалі падмурак будучага беларускага Адраджэньня ў другой палове 19 стагодзьдзя. Напрыклад, у статуце прамяністых было запісана, што трэба любіць сваю “прыродную” мову і вывучаць яе. Шмат прафэсараў і студэнтаў узялі ўдзел у паўстаньнях 1830–1831 гадоў, і таму царскія ўлады ў 1832 годзе зачынілі ўнівэрсытэт”.

(Ракіцкі: ) “А калі ён зноў адчыніў свае дзьверы?”

(Трусаў: ) “У кастрычніку 1919 году, калі палякі занялі Вільню. Адраджэньне ўнівэрсытэту віталі Янка Купала й іншыя дзеячы беларускай культуры. Было створана шэсьць факультэтаў, унівэрсытэт атрымаў імя Стэфана Баторыя. Ад 1922 году ўнівэрсытэт выдаваў свой штомесячны часопіс. У ім працавалі Ластоўскі, Дэмбоўскі, Урублеўскі й археолягі муж і жонка Галубовічы. Пры ўнівэрсытэце існаваў беларускі студэнцкі зьвяз, які выдаваў газэту “Студэнцкая думка”.

(Ракіцкі: ) “А што сталася з унівэрсытэтам пасьля 17 верасьня 1939 году — дня, які гвалтоўна зьмяніў сытуацыю на заходнебеларускіх землях?”

(Трусаў: ) “15 сьнежня 1939 году новыя літоўскія ўлады зачынілі ўнівэрсытэт, а ў яго будынкі перавялі некаторыя факультэты Ковенскага ўнівэрсытэту. 19 сакавіка 1943 году іх зачынілі немцы. Дзейнасьць унівэрсытэту аднавілася ў 1945 годзе ў савецкай Літве. Літоўцы цалкам перавезьлі ў Вільню ўнівэрсытэт з Коўна. Былыя польскія выкладчыкі ў чэрвені 1945 году пераехалі ў Торунь, дзе заснавалі ўнівэрсытэт імя Каперніка.

У савецкі час унівэрсытэт быў адзіным у Літве. У 1992–1993 гады там на чатырнаццаці факультэтах вучыліся болей як 20000 чалавек. Цяпер у незалежнай Літве працуюць тры унівэрсытэты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG