Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 верасьня 1927 году адбылася першая ў гісторыі тэлефонная размова паміж Менскам і Варшавай


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 3 і 4 верасьня

3 верасьня Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная царква ўшаноўвае сьвятога звышгоднага Аўрама Смаленскага. Аўрам нарадзіўся ў другой палове 12 стагодзьдзя ў заможнай сям’і ў Смаленску. Атрымаў добрую асьвету. Пасьля сьмерці бацькоў раздаў усю іхную маёмасьць манастырам ды цэрквам і сам прыняў манаскі пострыг. Нейкі час зайздросьнікі вінавацілі яго ў гарэзіі й чытаньні забароненых кніг, за што Аўрама адхілілі ад царкоўнае службы. Аднак неўзабаве на Смаленшчыне настала цяжкая засуха. І дождж пайшоў толькі пасьля таго, як мясцовы эпіскап папрасіў пра гэта ў апальнага Аўрама. З таго моманту ўсе паверылі ў надзвычайныя здольнасьці гэтага манаха.

3 верасьня ў 1932 годзе загінуў легендарны савецкі піянэр Паўлік Марозаў. Справа адбывалася глыбока ў Сыбіры. Але цікава, што сям’я Марозавых паходзіць зь Беларусі. Бацька Паўліка не любіў савецкую ўладу і хаваў ад яе хлеб. Паўлік данёс на бацьку ў карныя органы, за што сяляне яго і забілі. Даносчык Паўлік доўгі час быў узорам савецкага піянэра, які ў барацьбе за справу Леніна ня мусіў шкадаваць нікога, нават роднага бацьку, і за найвялікшы гонар лічыў аддаць жыцьцё дзеля сьветлых ідэалаў Ільіча.

3 верасьня 1927 году адбылася першая ў гісторыі тэлефонная размова паміж Менскам і Варшавай. На той момант мяжа з Польшчай праходзіла зусім блізка ад беларускай сталіцы. А колькасьць абанэнтаў тэлефоннай сувязі ў Менску складала тысячу чалавек.

А вось славутыя людзі, што прыйшлі на сьвет 3 верасьня ў розныя гады. Гэта Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, родам з-пад Сьвіслачы, які быў дзядзькам пісьменьніка Дуніна-Марцінкевіча і ў часы Кацярыны ІІ стаў мітрапалітам усіх каталіцкіх касьцёлаў Расейскай імпэрыі. Гэта пісьменьнік Алесь Адамовіч, у дзень нараджэньня якога, то бок сёньня, уручае штогадовыя прэміі ягонага імя Беларускі ПЭН-цэнтар.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

4 верасьня 1999 году адбыўся выбух у жылым доме на тэрыторыі вайсковага гарадка ў дагестанскім горадзе Буйнацку, у Расеі. Загінула тады 64 чалавекі.

4 верасьня 1809 году нарадзіўся польскі паэт Юліюш Славацкі. Палякі лічаць Славацкага нацыянальным прарокам. Не чужы паэт і для нашых краёў: вучыўся ў Вільні, пэўны час жыў у Горадні. І перакладалі яго на беларускую мову шмат.

А яшчэ 4 верасьня ў 1936 годзе нарадзіўся беларускі пісьменьнік Сакрат Яновіч. Ён прыйшоў на сьвет у мястэчку Крынкі ў цяперашняй Польшчы, дзе жыве і сёньня. Захавалася паданьне пра тое, што малы Яновіч быў у маці першынцам і ўлюбёнцам. Жадаючы яму лепшае долі ды вялікага розуму, яна й дала яму кніжнае імя Сакрат.
XS
SM
MD
LG