Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца ініцыятыўныя групы ў зборы подпісаў у рэгіёнах?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Працягваецца збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдытаў у дэпутаты. Ініцыятыўныя групы падводзяць першыя вынікі сваёй працы і аналізуюць цяжкасьці, зь якімі давялося сутыкнуцца зборшчыкам подпісаў.

Ініцыятыўныя групы некаторых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты заяўляюць аб завяршэньні кампаніі збору подпісаў. Сярод іх — Алесь Чыгір, які вылучаецца ў Бабруйскай сельскай акрузе. Яго група сабрала на сёньня больш за 2000 подпісаў.

(Чыгір: ) “Асаблівых цяжкасьцяў не было, бо ў маёй ініцыятыўнай групе былі людзі падрыхтаваныя, якія ўжо мелі досьвед выбарчай кампаніі й здольныя да камунікацыі зь людзьмі. Фактычна ў кожнай кватэры людзі ставілі подпісы”.

У той жа Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе зьбірае подпісы ініцыятыўная група Анатоля Рубанава, сябры АГП. Патэнцыйны кандыдат лічыць, што завяршэньне збору подпісаў адбываецца ў складаных умовах.

(Рубанаў: ) “Вельмі шмат людзей зьбірае подпісы. У горадзе Бабруйску ходзіць каля тысячы чалавек. І некаторыя ня хочуць адчыняць дзьверы кватэраў, бо, кажуць, што надакучылі ўсе. Трэба тэрмінова сабраць подпісы да канца. Таму што чым далей, тым горш зьбіраць усім”.

Ініцыятыўная група Ўладзімера Шанцава, які мае намер вылучыцца ў Магілёўскай цэнтральнай акрузе, сутыкнулася з тым, што зборшчыкаў подпісаў не пускаюць у інтэрнаты навучальных установаў, а ўчора іх спрабавалі выгнаць з інтэрнату беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. Вахцёрку, якая прапусьціла групу ў інтэрнат, выклікала для разьбіральніцтва кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Пра гэта паведаміў Уладзімер Шанцаў:

(Шанцаў: ) “І мне вельмі непрыемна, што з-за мяне будзе разборка з вахцёрам, якая сказала, што ня мела права мяне не пусьціць, бо ўсё ў парадку з дакумэнтамі і цяпер ідзе збор подпісаў. Адчуваць, што з-за мяне караюць кагосьці іншага — гэта той жа самы тэрарызм”.

У Бабруйску інцыятыўная група сяброўкі АГП Ірыны Качан заявіла, што ня здолее сабраць неабходнай колькасьці подпісаў. Як паведаміў кіраўнік групы Раман Анціпаў, з 20 зборшчыкаў подпісаў засталося толькі 8. Паводле яго словаў, на людзей націснулі, іх запужалі. Апошні такі выпадак, распавёў спадар Анціпаў, адбыўся ў адной з бабруйскіх сацыяльных службаў дапамогі насельніцтву.

(Анціпаў: ) “Дырэктар гэтай установы падышоў да чалавека — гэта маладая жанчына, і мовіла, што калі яна хоць адзін ліст з подпісамі здасьць у выканкам, то будзе адразу на падставе кантракту звольнена з працы”.

Раман Анціпаў гаворыць, што, паводле ягонай інфармацыі, амаль усе ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў, якія прадстаўляюць кааліцыю “5+”, сутыкаюцца з падобнымі цяжкасьцямі.

(Анціпаў: ) “Улада робіць усё, каб зрабіць свае адміністрацыйныя выбары. Каб мы ня мелі шанцаў ужо на першым кроку, выбіць нас з гэтай гульні”.

Нягледзячы на складанасьці са зборам подпісаў, Ірына Качан будзе вылучацца ў Бабруйскай Ленінскай акрузе як кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG