Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падараваў першаклясьнікам кнігу “Беларусь – наша Радзіма”


Іна Студзінская, Менск Учора празьвінеў першы званок для 91 тысячы беларускіх першаклясьнікаў. А ўсяго за школьныя парты сеў 1 мільён 347 тысяч дзяцей. Зьмянілася і нумэрацыя клясаў у школах з 12-гадовым тэрмінам навучаньня – замест падрыхтоўчай дзеці пайшлі ў першую клясу, многія пераскочылі праз клясу.

Сёлета кожнаму першаклясьніку прэзыдэнт падараваў кнігу. Кніжка даволі прыгожая, на выдатнай паперы, вельмі добрая паліграфія. Але выклікае яна такое крыху дзіўнае ўражаньне. Называецца “Беларусь – наша Радзіма”. Са зваротам да дзетак і прысьвячэньнем – “Падарунак прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі першаклясьніку”. На трэцяй старонцы – вялікі фотаздымак Лукашэнкі зь дзяўчынкай. Дарэчы, на сарака старонках я налічыла пяць здымкаў прэзыдэнта – у хакейнай форме, з вэтэранамі, зь дзецьмі. Дзяржаўныя сымбалі – герб, сьцяг, гімн. З сучаснай гісторыі пазначаныя ўсяго толькі 4 знамянальныя даты – Дэклярацыя аб сувэрэнітэце і незалежнасьці, прыняцьце Канстытуцыі 1994 года, выбары першага прэзыдэнта ў 1994-м, рэфэрэндум 1996 года і новая рэдакцыя Канстытуцыі.

У кніжцы цудоўныя вершы – Коласа, Купалы, Багдановіча. Шыкоўныя ілюстрацыі. Выбітныя дзеячы Беларусі – Эфрасіньня Полацкая, Скарына, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Кастусь Каліноўскі… Але, канешне, яна не для дзетак-шасьцігодак. Занадта сур’ёзнае выданьне для такіх маленькіх.

Што да абавязковай школьнай формы, дык дзеці й бацькі па-рознаму ўспрынялі яе ўвядзеньне. Але адзінага паняцьця формы няма. Міністэрства адукацыі сьцьвярджае, што дырэктыўных рашэньняў не прымала, але адміністрацыі кожнай школы прыдумляюць свае правілы. Дзецям гэта ня вельмі падабаецца, бацькам таксама, бо дзіцячае адзеньне – нятаннае. Гутару з 11-гадовым хлопчыкам і маці шасьціклясьніцы:

(Карэспандэнтка: ) “Ці падабаецца табе школьная форма?”

(Хлопчык: ) “Не, мне яна ня вельмі падабаецца, таму што гэта нязручна. Канешне, у джынсах было зручней. Але такі парадак. Мы павінны хадзіць у чорных нагавіцах, пінжаку, сьветлай кашулі, абавязкова з гальштукам. Калі трэба кудысьці зьлётаць, гэта нязручна. І ўсе такія аднолькавыя, што падаецца, нібы мы ў арміі”.

(Спадарыня: ) “З аднаго боку, можа, гэта і правільна. Бо мая дачка, напрыклад – у 6 клясе, патрабуе ўсё новыя нарады, таму што іншыя дзеці маюць яшчэ лепшую вопратку, глядзяць адзін на аднаго і хочуць большага. А з другога боку – усе такія аднолькавыя, ходзяць, як ва ўніформе. Таксама ня вельмі добра. Можа, лепш знайсьці нейкае кампраміснае рашэньне, які-небудзь клясычны стыль?”

Да пачатку навучальнага году выдадзена 160 найменьняў падручнікаў. Бацькі плацяць ад 3 да 11 тысяч рублёў за камплект (у залежнасьці ад клясы). Але шмат чаго трэба набываць самім. Напрыклад, падручнікі замежных моваў. Камплект з падручніка, кнігі для чытаньня, працоўнага сшытку і касэт каштуе амаль 40 тысяч. Даволі дарагія атласы, контурныя карты, дадатковыя матэрыялы – іх у школах не выдаюць, бацькі вымушаныя шукаць. Атрымліваецца блытаніна ў сувязі з новай нумэрацыяй клясаў.

З прыемных новаўвядзеньняў – зь першай клясы будуць вывучаць дзьве дзяржаўныя мовы – беларускую й расейскую, у залежнасьці ад таго, на якой мове вядзецца асноўнае навучаньне.

Зноў вярнулі прадмет “Асновы бясьпекі і жыцьцядзейнасьці”. У сталіцы й Горадні зьявіцца курс “Рэгіёназнаўства” (для астатніх –будзе ўводзіцца паэтапна). Але падручнікі пакуль на рэцэнзаваньні ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, хаця ў школьнай праграме прадугледжана на гісторыю “малой радзімы” 18 гадзінаў.

Што да ідэалёгіі, то з 2005 году будуць уведзеныя дадатковыя тэмы ў курс гісторыі і ў курс “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава”. Але пакуль мэтадычных указаньняў яшчэ няма. Аднак праз тыдзень усе дырэктары школ, дзіцячых садкоў, пазашкольных установаў таксама пасадзяць за парты, каб навучыць, як фармаваць адукацыйную прастору ў сучасных ідэалягічных умовах.

Па рэкамэндацыі Аляксандра Лукашэнкі для выпускных клясаў школ і у ВНУ ўводзіцца абавязковы прадмет “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксьце Другой усясьветнай вайны)”. Падручнік ужо выдадзены, сродкі знайшліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG