Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б беларускія вяскоўцы спаборнічалі з галяндцамі, немцамі: хто зь іх больш нажне?”


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія спартоўцы і трэнэры вярнуліся дадому пасьля завяршэньня выступу на XXVIII Алімпійскіх гульнях у Грэцыі. Аднак на радзіме Аляксандр Лукашэнка наладзіў ім, трэба сказаць, халодны прыём. 31 жніўня ён заявіў у Берасьці, што вынік выступу беларускай зборнай у Афінах – гранічна недастатковы (“крайне недостаточен”). Ці падзяляюць гэтае расчараваньне кіраўніка краіны самі алімпійцы?

Я апытаў на гэты конт каля двух дзесяткаў спартоўцаў, што выступалі на стадыёнах Афінаў, а таксама іхных трэнэраў і кіраўнічых асобаў, што ўваходзілі ў склад беларускай зборнай. Мушу зазначыць, што фактычна ўсе яны без выключэньня далі станоўчую ацэнку выступу нацыянальнай каманды Беларусі. Што тычыцца крытыкі на адрас зборнай пра невыкананьне мэдалёвага пляну, то мае суразмоўцы лічаць яе несправядлівай. У прыватнасьці, вось як пракамэнтавала выступ беларускай каманды Марыя Іткіна, адна з найвядомейшых у мінулым беларускіх спартовак, якая ў Афінах апякала лёгкаатлетаў:

(Іткіна: ) “Я лічу, што беларусы ў сытуацыі вялізнай канкурэнцыі, якую цяжка ўявіць, выступілі пасьпяхова. Тое, што мы казалі пра мэдалі, то адна толькі перамога Несьцярэнкі Юліі прымушае думаць пра вялізны патэнцыял. Многія народы задаволеныя, што ў Беларусі зьявілася такая таленавітая, прыгожая спартоўка”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ня згодныя з тымі, хто лічыць, што Беларусь кепска выступіла?”

(Іткіна: ) “Я лічу, што гэтак можна пакрыўдзіць выдатных беларускіх спартоўцаў і ўвесь спорт. Спартоўцы рабілі ўсё магчымае. Я адказвала за лёгкую атлетыку, была кіраўніком дэлегацыі, і ў нас толькі чацьвёртых месцаў – 4. Маглі яшчэ быць мэдалі. Але гэта спорт”.

А як успрымаюць беларускія алімпійцы выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, што яны прайгралі ў спаборніцтве зь сялянамі? У цэлым, наколькі мне падалося, спартоўцы іранічна ўспрынялі гэтую ўстаноўку – паспаборнічаць зь сялянамі. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем падзяліўся са мной Андрэй Сьцепанчук, які выступае ў спартовай хадзьбе і заваяваў у Афінах 19-ае месца:

(Сьцепанчук: ) “Малайцы сяляне – працуюць добра. Але чаму мы прайгралі? Я так не лічу. Таму што тут спаборніцтва ў розных накірунках. Калі б, скажам, беларускія вяскоўцы спаборнічалі з галяндцамі, немцамі: хто зь іх больш нажне? А так атрымліваецца, што яны ўсё роўна могуць сваё ўзяць, што ў іх вырасла, свае тоны яны намалоцяць. А нам, каб паказаць свае сэкунды, каб дамагчыся выніку, трэба яшчэ кагосьці абагнаць і быць лепшым. Так параўноўваць, па вялікаму рахунку, нельга”.

Алімпійцы нязгодныя з паразай, якую ім прысудзіў Лукашэнка – а што на гэты конт думаюць сяляне? Вяскоўцы, зь якімі я гаварыў, таксама ў сваёй большасьці ўспрынялі такую ўстаноўку на спаборніцтва з алімпійцамі як некарэктную. Ва ўсялякім разе, яны, як мне казалі, горача балелі за беларускую зборную й не жадалі спартоўцам паразаў, каб атрымаць хвалебны водгук з вуснаў кіраўніка дзяржавы. З ацэнкай згаданага спаборніцтва, якое мы вышэй чулі ад спартоўцы, пагаджаецца, напрыклад, Віктар Валодзька – фэрмэр са Смаргоншчыны, які ў мінулым займаўся спортам, а зараз ёсьць актыўным заўзятарам:

(Валодзька: ) “У прынцыпе, правільна кажуць і разважаюць правільна. Як нас можна параўноўваць, калі ў нас незразумелая сыстэма? Напрыклад, які падыход да фэрмэраў? Нам жа ніхто нічога ня дапамагае. Наадварот, усё ў апошнюю чаргу”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сачылі за Алімпіядай?”

(Валодзька: ) “Вядома. Я лічу, што беларускія спартоўцы выступілі ў сваю сілу, адпаведна той форме, у якой яны знаходзіліся. Як і ў сельскай гаспадарцы: прагназуеш, але потым накінецца нейкі сьмерч, махане – вось і ўсе прагнозы паляцелі долу. Там на Алімпіядзе было проста шмат нечаканасьцяў. Узяць хаця б кітайцаў! Ну й вядома амэрыканцы паказалі свой чарговы крэпкі крок”.
XS
SM
MD
LG