Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе збор подпісаў дзеля вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч зь Менску і кансультант па выбарчых тэхналёгіях народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” у Гарадзенскай вобласьці Андрэй Кусяльчук з Горадні.

(Валер Карбалевіч: ) “510 ініцыятыўных групаў па ўсёй краіне зьбіраюць подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Усе прэтэндэнты, якія сур’ёзна зьбіраюцца змагацца за перамогу на выбарах, звычайна зьбіраюць подпісы, нават калі маюць магчымасьць вылучацца іншым шляхам, напрыклад, вылучацца ад партый. Таму што этап збору подпісаў — гэта лішні час кантактаў з выбаршчыкамі, што зьяўляецца адначасова і агітацыяй. Першы этап камунікацыі з выбаршчыкамі — даволі адказны час. На працягу яго адбываецца першая прэзэнтацыя вобразу кандыдата, ягонай палітычнай пазыцыі. Як ідзе збор подпісаў? Якія формы ўжываюцца? Як рэагуе насельніцтва на прадстаўнікоў апазыцыі?”

(Віктар Івашкевіч: ) “Па-першае, гэты этап вельмі важны для самой партыі, для яе самааналізу. Таму што мы адразу бачым, дзе якія структуры рэальна існуюць, дзе яны жывыя, дзе ёсьць рэальныя лідэры, а дзе арганізацыя фармальныя, папяровыя, з суполачкай у некалькі чалавек. Гэта як узяць аналізы ці памераць тэмпэратуру ў чалавека. На сёньняшні дзень у нас 42 ініцыятыўныя групы ў зборы подпісаў, у асноўным яны дзейнічаюць у гарадах. Колькі сабралі подпісаў, сказаць цяжка, бо толькі ідзе працэс. Толькі ёсьць праблема ў вялікіх гарадах, прынамсі, у Менску. Справа ў тым, што прыкладна 50–60% кватэр — пустыя. Гэта тлумачыцца тым, што жыхары гарадоў на лета перабіраюцца жыць на лецішчы.

Я хадзіў зьбіраць подпісы за старшыню нашай партыі Вячорку. Часткова нам прасьцей. Таму што БНФ — даволі вядомы брэнд, і ў значнай часткі людзей склалася выразнае стаўленьне. Дык вось з тых, хто ёсьць дома, прыкладна палова ставіць подпісы без асаблівых дыскусіяў, а другая палова без усялікіх дыскусіяў адмаўляецца. Але цяпер мы засьпяваем у кватэрах у асноўным пэнсіянэраў і бесьсямейную моладзь. А як будуць галасаваць сямейныя людзі, якіх цяпер у большасьці няма ў гарадах, пакажа апошні тыдзень збору подпісаў, калі людзі пасьля 1 верасьня вярнуцца дахаты.

Прычым, лягчэй зьбіраюцца подпісы ня ў Менску, а ў правінцыі. Напрыклад, як нам паведамляюць, у Кобрыне амаль у кожнай хаце ставяць подпіс. У цэлым нашыя зборшчыкі подпісаў бачаць, што няма той варожасьці да БНФ, пра што пісалі розныя незалежныя дасьледчыкі”.

(Андрэй Кусяльчук: ) “Што тычыцца Гарадзеншчыны, то існуе розьніца паміж горадам і вёскай. Усяго ў Гарадзенскай вобласьці зарэгістравана 55 ініцыятыўных групаў на 13 акругаў. У цэлым збор подпісаў ідзе актыўна і вельмі пасьпяхова. Людзі адгукаюцца, і няма няпрыязі. Выбаршчыкі ў першую чаргу пытаюцца, каго прадстаўляе прэтэндэнт: уладу ці апазыцыю. Вельмі шмат людзей хацелі бы незалежных прадстаўнікоў, не зьвязаных не з уладай, не з апазыцыяй. Людзі ня толькі ставяць подпісы, але зацікаўлены ў вырашэньні мясцовых і агульнадзяржаўных праблемаў, пытаюць, як кандыдат мог бы дапамагчы. У цэлым і кандыдаты, і грамадзтва праяўляюць вялікую актыўнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Ці заўважылі тыя каманды, зь якімі вы працуеце, нейкія цікавыя тэндэнцыі ў грамадзкай сьвядомасьці? Якія настроі ў людзей?”

(Кусяльчук: ) “Хацеў бы адзначыць, што раней прадстаўнікі ўлады вылучаліся кандыдатамі ў асноўным толькі праз працоўныя калектывы. Цяпер назіраецца тэндэнцыя, што прадстаўнікі ўлады вылучаюцца таксама шляхам збору подпісаў, а потым яшчэ вылучаюцца і праз працоўныя калектывы. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада больш прафэсійна ставіцца да гэтай выбарчай кампаніі. Што тычыцца грамадзкай сьвядомасьці, я б сказаў, што грамадзтва стала больш зацікаўленае ў зьменах, больш праяўляе актыўнасьць”.

(Івашкевіч: ) “Калі казаць пра штосьці новае, то я бы адзначыў, што ў рэгіёнах людзі шмат больш зацікаўленыя ў палітыцы, болей хочуць пра гэта размаўляць, ставіць подпісы, чым у Менску. У сталіцы людзі выказваць большую апалітычнасьць. Гэта тлумачыцца, я думаю, па-першае, тым, што тут вышэйшы жыцьцёвы ўзровень, большае адчуваньне матэрыяльнай стабільнасьці.

Па-другое, у Менску большы ідэалягічны ціск ва ўнівэрсытэтах, дзяржаўных установах. Мне адна жанчына сказала, што хацела бы паставіць подпіс, але баіцца, што гэта забаронена кантрактам, таму трэба параіцца з сваім начальствам”.

(Карбалевіч: ) “Як рэагуюць улады на збор подпісаў? Ці чыняць нейкія перашкоды?”

(Кусяльчук: ) “Улады вельмі актыўна рэагуюць на ход выбарчай кампаніі, чыняць перашкоды свабоднаму волевыяўленьню грамадзянаў шляхам запалохваньняў і пагрозаў, выкарыстоўваюць дзеля гэтага сваё службовае становішча. Існуюць факты прымушэньня да адмаўленьня сяброўства ў ініцыятыўных групах. Напрыклад, у той жа самы дзень, калі падаў сваю заяўку на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы Мілінкевіч, адна зь сябровак групы, настаўніца была выкліканая да дырэктаркі школы. Дырэктарка сказала, што паступіў загад кіраўніка мясцовага аддзелу адукацыі аб тым, што альбо яна выходзіць з ініцыятыўнай групы, альбо траціць працу. На сёньняшні момант гэтай настаўніцай займаецца КГБ.

Таксама старшыні сельскіх саветаў агітуюць не падпісвацца за вылучэньне дэмакратычных кандыдатаў. Дзеля гэтага яны праводзяць сходы. Улады вельмі актыўна парушаюць выбарчае заканадаўства”.

(Івашкевіч: ) “Пра той ціск, які быў на сябраў ініцыятыўных групаў падчас іхнай рэгістрацыяі, калі людзей прымушалі адмаўляцца, ужо было шмат размоваў. Добра вядомая эпапэя з нашым кандыдатам Сяргеем Салашам у Барысаве. Але сёньня падчас збору подпісаў няма перашкодаў. Прынамсі, мне такіх сыгналаў не паступіла. Адзіны прыклад у Кобрыне. Там мясцовая выбарчая камісія выдала папярэджаньне нашаму кандыдату за несанкцыянаваны пікет, таму што ён зьбіраў подпісы на рынку. Але рынак уваходзіць у тэрыторыю акругі, і якая розьніца — хадзіць па кватэрах ці хадзіць па рынку і зьбіраць подпісы. Але гэта забаранілі й папярэдзілі пра рэпрэсіі. Але ж такіх прыкладаў, каб арыштоўвалі ці чынілі сілавыя перашкоды зборшчыкам подпісаў, няма.

Іншая рэч, што ўлады праводзяць контрапрапаганду. Ёсьць выпадкі, калі зборшчыкі подпісаў за ўладных кандыдатаў кажуць людзям, што грамадзяне маюць права падпісвацца толькі адзін раз. Так адбываецца, напрыклад, у Маладэчна. Гэта несумленная форма агітацыі, але ж гэта ўсё ж агітацыя”.

(Карбалевіч: ) “З таго досьведу, які атрымалі ініцыятыўныя групы, ці патрэбныя нейкія карэктывы ў тактыцы апазыцыі?”

(Кусельчук: ) “Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў павінны, найперш, сустракацца з выбаршчыкамі. Ад апошніх паступае вельмі шмат прапановаў, пра зьмены як на месцах, так і на ўзроўні ўсёй дзяржавы. На Гарадзеншчыне большасьць сябраў дэмакратычных арганізацыяў ужо сабрала неабходную колькасьць подпісаў. Што тычыцца карэктываў, то неабходна, каб дэмакратычныя сілы больш актыўна рэагавалі на парушэньні выбарчага заканадаўства”.

(Івашкевіч: ) “Найперш, пачатак выбарчай кампаніі дазволіў зафіксаваць такую цікавую сытуацыю. Шмат людзей хацела бы галасаваць за нейкіх белых і пушыстых незалежных кандыдатаў: незалежных ад апазыцыі і ўлады. Ёсьць спакуса ў некаторых кандыдатам выйсьці з партыяў, стаць незалежнымі. Зь іншага боку, ёсьць выпадкі, калі некаторыя дэмакратычныя кандыдаты ўступаюць у палітычныя партыі: Валер Фралоў, Зінаіда Бандарэнка, Вольга Карач. Таму што гэтыя людзі, заняўшыся палітыкай, убачылі, што тэхналягічна немагчыма быць незалежным кандыдатам і быць незалежным палітыкам. Трэба абапірацца на нейкія структуры”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з прычыны летніх адпачынкаў перадвыбарчая кампанія не набрала пэўнага размаху. Апазыцыя даволі актыўна ўключылася ў кампанію. І наступіў той этап, калі магчымасьці ўлады перашкаджаць прадстаўнікам апазыцыі, незалежным кандыдатам, ня вельмі вялікія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG