Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараецца банк дадзеных аб беларускіх дзецях-сіротах


Іна Студзінская, Менск У Беларусі ствараецца банк зьвестак пра маладых людзей ва ўзросьце 18-23 гады – сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў. У краіне каля чатырох з паловай тысяч такіх маладых людзей, якім патрэбныя дадатковыя сацыяльныя гарантыі. На якой стадыі гэта праца, і чым выклікана неабходнасьць стварэньня такога банку?

Да 1 верасьня Міністэрства сацыяльнай абароны сумесна зь Міністэрствам адукацыі павінны завершыць працу над стварэньнем банку. Інфармацыя пра сацыяльна неабароненую моладзь па краіне сабраная, але яшчэ ня поўнасьцю сыстэматызаваная і апрацаваная. І складанасьці ў тым, што няпроста знайсьці выпускнікоў школ-інтэрнатаў, часьцяком нялёгка прасачыць іх далейшы жыцьцёвы шлях.

Пасьля заканчэньня школы-інтэрнату ўсіх выпускнікоў уладкоўваюць: на вуліцу не выкідваюць нікога. А вось далей – праблемы.

Учора я размаўляла з дырэктарам Менскай школы-інтэрнату нумар 3 для дзяцей-сірот Эльвірай Шагутавай. Яна якраз дапамагала сёлетнім выпускнікам зьбіраць рэчы, каб перасяляцца ў студэнцкія і рабочыя інтэрнаты. Усё лета яны жылі яшчэ ў школе-інтэрнаце, і толькі цяпер выпраўляюцца ў, так бы мовіць, дарослае жыцьцё.

У Жодзінскай школе-інтэрнаце з 13 выпускнікоў 9 паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, чацьвёра – у тэхнікумы і ПТВ, з гонарам паведаміў дырэктар Міхаіл Кашэцкі. Але праблема ў іншым: куды ім ісьці пасьля заканчэньня вучобы, як працаўладкавацца, куды вяртацца.

(Кашэцкі: ) “Сіроты не павінны быць убаку ад жыцьця. Яны не вінаватыя, што яны асірацелі. Дзеці заканчваюць школы, атрымліваюць прафэсію і наноў вяртаюцца ў сем’і п’яніцаў. Ёсьць пастанова аб замацаваньні за імі кватэр, адкуль яны калісьці сыходзілі ў інтэрнат. І вяртаюцца ў тое ж асяродзьдзе, і баліць душа, канешне…”

А як праходзіць адаптацыя? Дзецям, якія выхоўваліся ў дзіцячым доме, інтэрнаце прыстасоўваюцца да самастойнага жыцьця, безумоўна, нялёгка. Ня ўсе маладыя людзі, якія паступілі ў ПТВ, заканчваюць іх. Кантынгент даволі складаны, што і казаць. Нярэдка сірот адлічаюць з вучобы, звальняюць з працы. Магчыма, і справядліва – за прагулы, парушэньне дысцыпліны. А тыя застаюцца без інтэрнату, вымушаныя “бамжаваць”. А потым трапляюць і ў “месцы ня вельмі аддаленыя”. Распавядае намесьнік начальніка Упраўленьня занятасьці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Шаметавец:

(Шаметавец: ) “Яго працаўладкавалі, пасьля ПТВ уладкавалі працаваць на трактарны завод, інтэрнат далі. Але нешта ў яго не атрымалася, і яго звольнілі. Звольнілі за прагулы. І вось цяпер ён застаўся без інтэрнату, без працы. Вось вам кліент нашага банку дадзеных. Зь месцаў пазбаўленьня волі вярнуліся – такіх некалькі чалавек. З арміі хлопцы вярнуліся, адслужылі – пытаньні з жытлом, з прапіскай вырашаць трэба”.

(Карэспандэтка: ) “Гэтыя дакумэнты тычацца менавіта тых юнакоў і дзяўчат, якія менш прыстроеныя ці звольненыя?”

(Шараметавец: ) “Канешне. Некаторыя сапраўды ўладкаваныя, яны працуюць, вучацца. Але нават тых, хто вучыліся ў ПТВ, тэхнікумах, па некаторых прычынах, здараецца, адлічаюць. Яны апынуліся выкінутыя, з вучылішча адлічаныя. Трэба ж іх знайсьці. Добра, калі ён вучыцца. А калі боўтаецца дзесьці? Трэба ж іх знайсьці”.

Але трэба ня толькі знайсьці, але й дапамагчы. Мінпрацы і дамагаецца зараз, каб у сірот былі трывалыя сацыяльныя гарантыі. Каб яны ў першую чаргу працаўладкоўваліся, каб прадпрыемствы пакідалі бронь для такой моладзі, каб сіроты ня толькі на паперы мелі ільготы пры атрыманьні жытла, але і на самой справе. У дакумэнце нават прадугледжваецца стымуляваньне наймальнікаў, якія возьмуць на працу сірот. Аднак ужо надышло 1 верасьня, крайні тэрмін для падрыхтоўкі Банку дадзеных – а дакумэнты яшчэ, як высьветліла Іна Студзінская, не дапрацаваныя...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG