Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 жніўня – традыцыйнае “конскае сьвята”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 31 жніўня

31 жніўня – апошні дзень лета – у Беларусі традыцыйна прысьвячаўся пакутнікам Флору і Лаўру. Яны лічыліся заступнікамі коней, таму сёньняшні дзень называлі “конскім сьвятам”. На конях не працавалі, іх не запрагалі і ўсяляк шанавалі, ня йнакш як індусы шануюць кароваў. Дарэчы, жанчыны ў гэты дзень выпякалі ляпёшкі памерам са сподачак і называлі іх “капытамі”.

31 жніўня Літва адзначае чарговыя ўгодкі вываду зь яе тэрыторыі расейскага войска. Гэта адбылося ў 1993 годзе. Між іншым, з Латвіі і Нямеччыны расейская армія сыйшла роўна праз год – 31 жніўня 1994 году.

І яшчэ адна дзяржаўная дата: 31 жніўня 1989 году малдаўская мова была абвешчаная ў Малдове дзяржаўнай і пераведзеная на лацінскі шрыфт. Праз год, у 90-м, падобны закон будзе прыняты і ў Беларусі. Ён прадугледжваў, што за дзесяць гадоў усе ўстановы ў Беларусі загавораць па-беларуску. Але на палове тэрміну, у 1995-м, гэты закон быў адменены па выніках рэфэрэндуму.

31 жніўня 12 году нарадзіўся рымскі імпэратар Калігула. Ягонае імя літаральна перакладаецца як “боцік”. Калігула ўвайшоў у гісторыю як жорсткі уладар, які забіваў людзей са свайго атачэньня. Па-беларуску выдавалася п’еса пра Калігулу, якую напісаў францускі пісьменьнік Альбэр Камю.

31 жніўня 1832 году ў маёнтку Шаўры цяперашняга Воранаўскага раёну прыйшоў на сьвет Людвіг Нарбут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Нарбут быў паўстанцкім начальнікам Лідзкага павету, у якасьці аднаго зь першых у Беларусі стварыў атрад, што некалькі месяцаў пасьпяхова змагаўся супраць карнікаў. Загінуў у баі.

31 жніўня 1908 году нарадзіўся Ўільям Сараян, амэрыканскі пісьменьнік армянскага паходжаньня – той самы, які сказаў “Маё сэрца ў гарах”.

І яшчэ ў апошні дзень лета ў Парыжы ў аўтакатастрофе загінула ангельская прынцэса Дыяна. Гэта адбылося ў 1997 годзе.
XS
SM
MD
LG