Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізьнятаў ацэняць у 257 тысяч рублёў


Юлія Шарова, Менск Міністэрства працы падрыхтавала праект урадавай пастановы, згодна зь якой грашовая дапамога, якую беларускім сем’ям выплачваюць пры нараджэньні блізьнятаў, значна ўзрасьце. Цяпер на кожнае дзіця, народжанае ў двойні ці ў тройні, плянуюць выдаваць амаль 257 тысяч рублёў.

Чым тлумачыцца такая неабходнасьць падвысіць памер грашовай дапамогі на блізьнятаў? Раней пры нараджэньні блізьнятаў сям’і выдавалі бясплатны камплект дзіцячых рэчаў першай неабходнасьці коштам у 4 базавыя велічыні на кожнае дзіця. На сёньняшні дзень 4 базавыя велічыні – гэта амаль 80 тысяч рублёў, альбо блізу 40 даляраў. А Міністэрства працы прапануе плаціць сем’ям грошы, каб яны самі маглі імі распараджацца. Прычым сума павінна адпавядаць двум бюджэтам пражытковага мінімуму – гэта й будзе якраз 257 тысяч рублёў.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня палітыкі занятасьці й народанасельніцтва Тацяна Шаметавец патлумачыла гэта наступным чынам:

(Шаметавец: ) “Паколькі ў нас усе сацыяльныя выплаты цяпер прывязваюцца да бюджэту пражытковага мінімуму, таму мяркуецца гэтыя выплаты рабіць таксама зыходзячы зь бюджэту пражытковага мінімуму з мэтай падтрымкі такіх сем’ях. Базавая велічыня ў нас самі ведаеце якая, 19 тысяч, а бюджэт пражытковага мінімуму – велічыня больш істотная”.

Такім чынам, памер гэтай аднаразовай дапамогі ўзрасьце ажно ўтрая. Аднак невядома яшчэ, ці будзе прынятая ўрадавая пастанова, кажа Тацяна Шаметавец. На ейную думку, няма ніякіх падставаў, каб яе не прымаць, бо вялікай нагрузкі на бюджэт тут ня будзе.

Наогул, ці шмат у Беларусі нараджаецца блізьнятаў? Лічыцца, што для такой краіны як Беларусь гэта не настолькі частая зьява. Летась нарадзілася 682 двойні ды адна тройня, пры тым што агульная колькасьць родаў перавысіла 88 тысяч. У папярэднія гады блізьнятаў нараджалася прыкладна столькі ж – збольшага гэта былі двойні. А вось нараджэньняў чатырох дзяцей адразу ў Беларусі цягам апошніх гадоў не было. Адметна й тое, што найчасьцей блізьняты нараджаюцца ў Менску – летась 163 выпадкі.

Што да магчымасьці атрымліваць іншыя віды дапамогі, то, са словаў спадарыні Шаметавец, усё павінна застацца па-ранейшаму. Але зноў-такі, нама гарантыі, што пастанову ўхваляць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG