Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вышэй за прэзыдэнта ў Беларусі ня можа быць ніхто”


Ігар Карней, Менск Знаёмы ўсім вобраз Аляксандра Лукашэнкі – суровага, але справядлівага кіраўніка – цягам вось ужо 10 гадоў фармуе ягонае атачэньне. Існуе нават адмысловая інструкцыя, паводле якой усталёўваецца: хто менавіта і якім чынам можа рабіць тэле– і фотаздымкі Лукашэнкі, а таксама парадак акрэдытацыі на афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Як гэта выглядае на практыцы? Што кажуць з гэтай нагоды самі апэратары і фатографы; на колькі складана здымаць Лукашэнку? Гэтае ж пытаньне напярэдадні я задаў акрэдытаванаму ў Беларусі апэратару маскоўскага тэлеканалу ТВЦ Уладзімеру Андронаву, і вось што ён распавёў:

(Андронаў: ) “Ёсьць пэўныя правілы, пра якія нам перад здымкамі пастаянна нагадвае прэсавая сакратарка прэзыдэнта Натальля Пяткевіч. І мы іх мусім выконваць: нельга здымаць у профіль, у патыліцу, не рабіць буйныя пляны... Здымаць можна толькі так, як Лукашэнка выглядае на афіцыйным партрэце. У адміністрацыі прэзыдэнта мы кожны раз атрымліваем дадатковую акрэдытацыю да той, якую маем. Таму кожны раз маем пэўныя абмежаваньні сваіх свабодаў і мусім выконваць афіцыйна ўсталяваныя нормы здымкаў прэзыдэнта. Вольнасьці не дапускаюцца”.

Тое, што вольнасьці ў працы тэлевізійшчыкаў сапраўды не дапускаюцца, сьведчаць і апошнія прыклады супрацьстаяньня беларускіх уладаў з шэрагам расейскіх каналаў – перадусім, НТВ і РТР. Праўда, у бальшыні выпадкаў улады пакрыўджаныя на журналісцкія тэксты, але можна ўзгадаць, што за здымкі “Дажынкаў” у Полацку, калі маскоўскі апэратар РТР без папярэдняга ўзгадненьня зьняў Лукашэнку ў профіль, на месяц канал пазбавілі права здымаць першую асобу дзяржавы. Адзін з апэратараў распавёў, што цяпер падчас здымкаў нават на вуліцы, могуць падыйсьці “кампэтэнтныя асобы” і пацікавіцца мэтазгоднасьцю здымкаў, тэмай сюжэту і пытаньнямі да мінакоў.

Можна таксама казаць, што адпаведныя службы Лукашэнкі кантралююць працу ня толькі тэлеапэратараў, але і фотакарэспандэнтаў. Вольны фатограф Аляксандар Кузьмін расказаў, як служба аховы Лукашэнкі забрала ў яго стужкі, калі ён фатаграфаваў Лукашэнку і мітрапаліта Філарэта ля царквы на плошчы Бангалор у Менску. Забралі на той падставе, што Кузьмін здымаў прэзыдэнта як фатограф, не “прывязаны” ні да якога “надзейнага” выданьня. І вось яшчэ адна ягоная гісторыя:

(Кузьмін: ) “Калі здымаў Лукашэнку на плошчы Перамогі ў Менску, атрымаўся такі казус. Стаіць Лукашэнка, а ззаду за ім надпіс на будынку, кавалак лёзунгу “Подвиг народа бессмертен”. Так атрымалася, што прыстаўка “бес” застался за стэлай, а над галавой прэзыдэнта лунаў надпіс “смертен”. З-за гэтага здымка мяне выклікалі ў службу аховы прэзыдэнта. Сказалі аддаць нэгатывы, але я не аддаў і ў мяне гэтыя здымкі ёсьць”.

Самы гучны скандал апошняга часу, калі прэзыдэнцкая служба аховы сканфіскавала фотаматэрыялы, таксама тычыцца прозьвішча Лукашэнкі. Год таму актывіст руху “Зубр” Цімафей Дранчук пад замову “Народнай волі” рабіў лічбавым фотаапаратам здымкі дома на праспэкце Машэрава ў Менску, дзе, паводле зьвестак, жыве маці Лукашэнкі. А 8-й раніцы ён з калегам быў ужо “на пазыцыі”. І вось што здарылася далей.

(Дранчук: ) “Убачылі, што з дому выяжджае чорны “Мэрсэдэс”, у якім быў старэйшы сын Лукашэнкі, Віктар, са сваёй жонкай. Я зрабіў некалькі здымкаў – здалёк, не спрабуючы сфатаграфаваць іх твары ды ўлезьці ў асабістае жыцьцё. Тым ня меней, праз хвіліну ля мяне спыніўся той самы “Мэрсэдэс”, зь яго выскачыў Віктар Лукашэнка і пачаў адбіраць фотакамэру. Біцца зь ім, натуральна, я не зьбіраўся, і камэру аддаў. Праз гадзіну некалькі мужчынаў прывезьлі яе ў “Народную волю”, доўга выпытвалі, дзе можна знайсьці мяне, бо зразумелі, што я пасьпеў дастаць картку са здымкамі. Усё скончылася клясычна: мяне завезьлі ў нейкі двор, там адбыўся вышук, а ў маёй сумцы знайшлі… патрон ад пісталета. Прыгразілі, што адвязуць у міліцыю і завядуць крымінальную справу…”

Спадар Дранчук палічыў, што картка не настолькі каштоўная, каб мець праблемы зь неіснуючымі патронамі, і яе аддаў.

Дарэчы, церпяць ад пільнай увагі Лукашэнкавых службаў ня толькі незалежныя тэле- ды фотамайстры. Адзін з фатографаў дзяржаўнай агенцыі БелТА скардзіўся: кіраўніцтва забракавала здымак, на якім Лукашэнка стаяў побач з капітанам алімпійскай каманды Элінай Зьверавай. Прычынай – Зьверава ростам аказалася вышэйшая за Лукашэнку. А вышэй за прэзыдэнта ў Беларусі ня можа быць ніхто.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG