Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя з Ватыкану прывезла ў Маскву падарунак ад Папы


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня ў Маскву прыбывае дэлегацыя з Ватыкану, якая прывязе ікону Казанскай Божай Маці. Заўтра ікона будзе ўрачыста перададзеная ў якасьці падарунка Папы Яна Паўла ІІ-га – Патрыярху Аляксею ІІ-му. Перадача іконы разглядаецца як жэст добрай волі з боку Папы і спроба нармалізацыі адносінаў паміж Ватыканам і Маскоўскім Патрыярхатам.

Гутарка ідзе пра адну з копіяў цудадзейнай Іконы Маці Божай Казанскай памерам 32 на 26 сантымэтраў. Арыгінал паходзіць з 16-га стагодзьдзя, а згаданая копія была напісаная ў 18-м стагодзьдзі. Ікона была прададзеная пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі ў Лёндане расейскім купцом Шаўлягіным, і апынулася ў прыватнай калекцыі ў ЗША.

Дзякуючы Вашынгтонскаму архіепіскапу Тэадору Макэрыку, у 1970-я гады абраз быў выкуплены каталіцкай арганізацыяй “Блакітная армія”, затым ён трапіў ў Фаціму ў Партугаліі, а з 1993 году вісеў ў прыватным пакоі Яна Паўла ІІ. “Матчыны позірк з гэтай Іконы спадарожнічаў маёй штодзённай службе Царкве”, – сказаў Папа.

У сераду ў Ватыкане адбылося ўрачыстае разьвітаньне з іконай. У часе цырымоніі Папа прачытаў малітву па– расейску, якую сам напісаў. Пры гэтым Ян Павал ІІ сказаў:

(Ян Павал ІІ: ) “Хай гэтая ікона раскажа Патрыярху пра яснае жаданьне Рымскага Папы разам рухацца па шляху ўзаемаразуменьня й прымірэньня, каб прысьпешыць дзень поўнага адзінства сярод вернікаў, за якое маліўся Госпад наш Ісус”.

У сваёй прамове Папа адзначыў, што “шмат разоў прасіў у малітвах Казанскую Божую Маці, каб яна ахоўвала і вяла расейскі народ, які ёй вельмі адданы, і паскорыла той момант, калі ўсе вучні Ейнага Сына прызнаюць сябе братамі і адновяць адзінства”.

Яна Павал ІІ назваў Патрыярха Аляксея ІІ “сваім найдаражэйшым братам” і нагадаў, што “Расея ўжо колькі стагодзьдзяў зьяўляецца хрысьціянскай краінай”.

Першапачаткова плянавалася, што Папа перадасьць Ікону РПЦ асабіста, у часе кароткага прыпынку ў Казані па дарозе ў Манголію. Аднак Маскоўскі Патрыярхат не выказаў зацікаўленьня сустрэчай з Пантыфікам, і візыт быў скасаваны.

На думку аглядальнікаў, Папа страціў ўсялякую надзею, што калі-небудзь наведае Расею. У выніку, Ікону Казанскай Божай Маці перадасьць Патрыярху Алексею старшыня Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскаму адзінству-кардынал Вальтэр Каспэр.

Прадстаўнік Ватыкану Ёахім Наварра-Вальц адзначыў, што перадача іконы зьяўляецца “жэстам добрай волі” з боку Папы. У Маскве ветліва падзякавалі за ягоны жэст, але не прамінулі адзначыць, што гэта “толькі копія”, і што РПЦ “чакае больш значных крокаў накіраваных на ўрэгуляваньне адносінаў паміж дзьвюма цэрквамі”. Намесьнік старшыні Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Усевалад Чаплін патлумачыў, што мае на ўвазе “адмаўленьне ад місіянэрскай, празэлісцкай дзейнасьці сярод людзей, які належаць да Праваслаўя па веры, хрышчэньню і духоўных каранях”.

“РПЦ таксама спадзяецца, што будзе выпраўленае становішча вернікаў кананічнай Праваслаўнай царквы ў заходніх раёнах Украіны”, – дадаў Чаплін.

Не зважаючы на стрыманую рэакцыю на гэты сымбалічны жэст Папы з боку Маскоўскага Патрыярхату, мяркуецца, што ён ўсё ж паспрыяе паляпшэньню адносінаў паміж РПЦ і Расеяй. Пра значнасьць цырымоніі перадачы іконы можа сьведчыць той факт, што ў ёй мае ўзяць удзел прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG