Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошук працы за мяжой і фірмы-пасярэднікі


Натальля Судлянкова, Прага Новая перадача сэрыі “Дазвол на выезд”.

Некалькі дзён таму адразу зь некалькіх краінаў прыйшлі паведамленьні пра беларусаў, якія знаходзяцца або працуюць там нелегальна. Гаворка ішла пра Новую Зэляндыю, Вялікую Брытанію, Злучаныя Штаты, Нямеччыну... Паведамлялася, што беларусы патрапілі ў гэтыя краіны па падробных пашпартах або турыстычных візах, а потым уладкаваліся на працу. Звычайны вынік такой нелегальнай міграцыі – дэпартацыя з забаронай уяжджаць у гэтыя краіны. Ці шукаюць беларусы афіцыйных шляхоў працаўладкваньня за мяжой? Ці зьвяртаюцца яны да пасярэдніцкіх фірмаў, якія гэтым прафэсійна займаюцца?

Адказ на гэтае пытаньне шукала нашая карэспандэнтка Ганна Соусь.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, Вы шукалі бы працу самастойна, ці прыбягалі да паслугаў пасярэднікаў?”

(Спадар: ) “Насамрэч, фірмаў цяпер ня так шмат, і то яны ўвесь час мяняюцца. Тыя фірмы, у якія я зьвяртаўся год таму, я пра іх больш ня чую. І ня бачу пра іх больш рэклямы ў СМІ.”

(Спадар: ) “Ад школы могуць паслаць па абмене ці ад інстытуту”.

(Спадар: ) “Я яшчэ не зьвяртаўся, але ў нас ва ўнівэрсытэце вісіць аб’ява аб тым, што, хто захоча, можа падыйсьці й яму распавядуць, што трэба рабіць, каб паехаць за мяжу працаваць.”

(Спадар: ) “Я буду зьвяртацца да пасярэдніка, каб знайшлі мне працадаўцу.”

(Спадарыня: ) “Самастойна яшчэ не шукалі. Адразу пайду да пасярэднікаў.”

(Спадар: ) “Думаю, што прыбягаў бы да паслугаў пасярэднікаў. Бо я не маю ніякай інфармацыі аб працы за мяжой. Ніколі не сутыкаўся з гэтым.”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці прыбягалі Вы да паслугаў пасярэднікаў?”

(Спадарыня: ) “Гэта вельмі дорага каштуе праз пасярэднікаў. Каля 5 тысячаў даляраў каштуе знайсьці працу ў Брытаніі праз пасярэднікаў у нас тут.”

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, чаму такія высокія кошты?”

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю. На год прадстаўляць цябе месца працы, і плаціш такія грошы, са спадзяваньнем, што заробіш нашмат болей.”

(Карэспандэнтка: ) “А наколькі рэальна, заплаціўшы такія грошы, уладкавацца на працу?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што цалкам рэальна, нават болей чым.”

(Спадар: ) “Ёсьць розныя праграмы для студэнтаў. Мае сябры пасьпяхова імі карысталіся.”

(Карэспандэнта: ) “А іншай магчымасьці ад’ехаць за мяжу на заробкі апроч студэнцкіх праграмаў няма?”

(Спадар: ) “Ёсьць магчымасьці. Сваякі й гэтак далей.”

(Спадар: ) “Мабыць самастойна, усё ж. Тым больш, што я музыкант і ў любым выпадку рана ці позна мне мабыць прыйдзецца гэта зрабіць. Такім чынам я сам калі-небудзь рашуся на гэта”.

Паводле зьвестак Міністэрства працы болей за 70% людзей, якія зьяжджаюць за мяжу – гэта моладзь. Амбіцыйныя й поўныя сіл, яны болей гатовыя да рызыкі, чым людзі больш сталага ўзросту. Магчыма, менавіта таму, адная з найбольш гучных справаў аб махлярстве на рынку працаўладкаваньня адбылася менавіта ў вышэйшай навучальнай установе.

Былы студэнт другога курсу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Віталь Апанасёнак адправіў дзьве групы студэнтаў на працу за мяжу, на Кіпр і ў Галяндыю, забясьпечыўшы сваіх кліентаў толькі дзесяцідзённымі турыстычнымі візамі.

Непрыемнасьці, зь якімі беларусам давялося сутыкнуцца ў гэтых краінах, надоўга адбілі ў іх ахвоту шукаць працу за мяжой праз пасярэднікаў.

Спробы знайсьці ў інтэрнэце фірмы-пасярэднікі прывялі да вэб-старонкі галоўнай управы ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, дзе сьпіс пасярэдніцкіх кампаніяў, якія маюць ліцэнзію на гэты від дзейнасьці, знаходзіцца ў разьдзеле нораваў, паміж падразьдзеламі “Прастытуцыя” і “Адказнасьць за прастытуцыю”.

Дарэчы, гэты афіцыйны сьпіс, як выявілася, быў састарэлым. Спробы знайсьці фірмы-пасярэднікі з гэтага сьпісу прыводзілі да таго, што ў адказ часьцей за ўсё было чуваць:

“Мы гэтым не займаемся”.

“Гэтай фірмы ўжо тры гады не існуе”.

“Мы ўжо гады тры-чатыры гэтым не займаемся”.

Тым ня меней, паводле афіцыйных дадзеных службы міграцыі ў Беларусі дзейнічае 51 пасярэдніцкая фірма, якая атрымала ліцэнзію на працаўладкаваньне беларускіх грамадзянаў за мяжой. Гэтыя кампаніі прапануюць афіцыйную працу ў 49 краінах сьвету. У мінулым годзе праз пасярэдніцкія кампаніі працу за мяжой знайшлі блізу 4 тысячаў чалавек. Нагляд за дзейнасьцю фірмаў ажыцьцяўляе служба міграцыі, якая раней уваходзіла ў склад Міністэрства працы, а цяпер пераходзіць у Міністэрства ўнутраных справаў.

Супрацоўніца гэтай службы Ірына Карабейнікава патлумачыла:

(Карабейнікава: ) “Дзейнасьць кампаніяў, што займаюцца працаўладкаваньнем беларускіх грамадзянаў за мяжой, рэгулюецца, у першую чаргу, Законам Рэспублікі Беларусь аб зьнешняй працоўнай міграцыі, які быў прыняты ў 1998 годзе. Гэтую дзейнасьць могуць ажыцьцяўляць толькі рэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Займацца працаўладкаваньнем за мяжой нерэзыдэнты, што значыць замежныя юрыдычныя асобы, ня могуць, ня маюць права”.

Кампанія, якая хоча атрымаць такую ліцэнзію, абавязаная прадставіць органам міграцыі ня толькі статут і пасьведчаньне аб рэгістрацыі, але й дамову аб супрацоўніцтве беларускай юрыдычнай або фізычнай асобы й той пасярэдніцкай арганізацыі, якая будзе дапамагаць працаўладкаваць беларускіх грамадзянаў у пэўнай краіне. Міграцыйная служба патрабуе таксама ўзор працоўнага пагадненьня, паводле якога беларускія грамадзяне будуць працаваць за мяжой. Дарэчы, перад ад’ездам за мяжу кожнага чалавека ягоны кантракт мусіць быць зарэгістраваны ў органах міграцыі. У адваротным выпадку гэта ёсьць парушэньне правілаў ліцэнзаваньня гэтай дзейнасьці.

(Карабейнікава: ) “Летась мы адклікалі блізу 10 ліцэнзіяў і прыблізна столькі ж было прыпынена. Гэтыя фірмы не выконвалі ўмовы ліцэнзаванай дзейнасьці. Калі парушэньні былі сур’ёзныя, дык мы ліцэнзіі анулявалі. Былі, напрыклад, такія фірмы, якія зьбіралі грошы і адпраўлялі групу за мяжу, але потым не выконвалі ўмовы працоўных пагадненьняў”.

“Джэт-Экспа” працуе на рынку працаўладкаваньня ўжо болей за 5 гадоў. Сёньня гэтая фірма накіроўвае людзей у Вялікую Брытанію й Аб’яднаныя арабскія эміраты. Цікава, якія спэцыяльнасьці патрэбныя цяпер у Вялікай Брытаніі? Адказвае дырэктар кампаніі Ігар Бацян.

(Бацян: ) “Калі казаць, напрыклад, пра Вялікую Брытанію, дык супрацоўніцтва з гэтай краінай пачыналася з працаўладкаваньня мэдыцынскіх работнікаў. Але дыплёмы нашых мэдыкаў не адпавядаюць міжнародным стандартам, таму мы ім шукалі працу, напрыклад, санітараў або асыстэнтамі ў дамы для старых людзей”.

Беларускія спэцыялісты, якія падпісваюць такі кантракт, могуць разьлічваць на заробак ад 4 да 6 фунтаў стэрлінгаў за гадзіну працы ў залежнасьці ад умоваў кантракту й месца працы. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – гэта краіна з выключнай разьвітай турыстычнай індустрыяй. Таму там шмат вакансіяў у сфэры паслуг, зьвязаных з гатэльным бізнэсам – гэта і афіцыянткі, адміністратары гатэляў, прадаўцы, касіры, у некаторыя гатэлі запрашаюць сакратароў-рэфэрэнтаў. Але ва ўсім ёсьць свае ўмовы й свае “аднак”...

(Бацян: ) “Нармальная кампанія ня можа гарантаваць працаўладкаваньне ўсім людзям, якія зьвяртаюцца па дапамогу. Апошняе слова заўсёды застаецца за працадаўцам, і толькі ён вырашае, хто будзе працаваць. Калі кандыдатуру чалавека ўжо ўхвалілі, і ён атрымлівае працоўную візу, ён мусіць заплаціць нейкія грошы за нашыя паслугі, потым ёсьць выдаткі на візу й гэтак далей. Але, напрыклад, у Арабскіх Эміратах працадаўца яшчэ гарантуе квіток на самалёт. У Вялікай Брытаніі ўмовы могуць быць розныя”.

І Ірына Карабейнікава, і Ігар Бацян падкрэсьліваюць, што беларускім заканадаўствам забаронена браць папярэднюю аплату за працаўладкаваньне за мяжой. Людзі, якія імкнуцца знайсьці працу ў іншых краінах, аплачваюць толькі паслугі фірмы-пасярэдніка за афармленьне дакумэнтаў, пераклад дакумэнтаў і гэтак далей. Але часам здараецца такое, што гэта – не апошнія грошы, якія трэба заплаціць, каб уладкавацца на працу.

Барыс Бярозкін за мяжой быў двойчы. Першы раз – у двухгадовай вайсковай камандзіроўцы ў Аўганістане, другі – больш году зарабляў грошы на будоўлях Партугаліі. І кажа, што ў абодвух выпадках страху нацярпеўся аднолькавага. Але калі ў выпадку з Аўганістанам за яго ўсё вырашылі вайсковыя штабісты, то партугальская авантура каштавала нэрваў і грошай. Зрэшты, Барыс упэўнены, што аднаго прэцэдэнту ў кожным разе дастаткова: паўторна патрапіць як на вайну, так і на экстрэмальныя заробкі ніхто ня хоча.

Барыс кажа: каб выехаць на працу за мяжу, карыстаюцца як легальным, так і ценевым шляхамі.

(Бярозкін: ) “Ад фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваньнем, трэба доўга чакаць выніку. Калі падаеш заяўкі, дакумэнты запаўняеш, аплачваеш пэўную суму (50-70 даляраў), то пасьля гэтага яшчэ чакаеш мінімум паўгода, пакуль прыйдзе адказ. Прыкладам, калі фірмы адпраўлялі на працы ў Ірляндыю, да моманту, як прыходзілі дазвольныя дакумэнты, мінала паўгода. Але тады чалавек ехаў”.

(Карэспандэнт: ) “Але гэта не азначае, што плаціш за паслугу 50 даляраў, і ўсё гэтым пасьпяхова завяршаецца?”

(Бярозкін: ) “Пагалоўна, усе, як адзін, бяруць грошы. Людзі адразу тут плацяць напярэдадні выезду ў сярэднім 500 даляраў. Туды прыяжджаеш – яшчэ хто 500, хто 600, хто 400. А бывае і так: 200 тут плаціш, а астатнія, кажуць, выплаціш у залежнасьці ад таго, які працадаўца заробак усталюе. Чакаюць, як адпрацуеш месяц-два, а потым ужо з заробкаў вылічваюць пэўныя сумы. І гэта для людзей яшчэ боскі сыход. І яшчэ людзі робяць вялікую памылку, калі аддаюць працадаўцу пашпарты і грошы. Бо кідалава хапае: кідаюць людзей канкрэтна”.

(Карэспандэнт: ) “З такімі выдаткамі нешта сабе застаецца?”

(Бярозкін: ) “У сярэднім тысяча. Так, тысяча даляраў; 700 даляраў мінімальна атрымліваецца”.

Але чысты прыбытак, паводле Бярозкіна, часта даводзіцца карэктаваць непрагназаванымі выдаткамі. Бывае, што працуюць толькі на тое, каб раздаць даўгі.

(Бярозкін: ) “Як працаўладкоўваюцца, бачыў на ўласным досьведзе. Яшчэ па дарозе, у Нямеччыне, рэкет трасе капітальна. У Гішпаніі наагул спыняюць амаль усе аўтобусы: заходзяць, грошы забіраюць. Можа з гэтага і кіроўцы аўтобусаў штосьці маюць – ня ведаю. Людзі яшчэ да месца не даехалі, а ўжо бяз грошай. Далей ужо як хто дабіраецца да гэтай Партугаліі, а хтосьці так застаецца ў Гішпаніі. Такіх выпадкаў вельмі шмат”.

У Партугаліі Бярозкін уладкаваўся някепска: будаваў гмахі будучых пяцізоркавых гатэляў на атлянтычным ўзьбярэжжы. Хутка запатрабаваўся досьвед ранейшай працы: да прыезду быў старшынём жыльлёва-будаўнічага каапэратыву, так што вылучылі на кіраўніка інтэрнацыянальнага “будатраду”.

Бярозкін дадае: яшчэ пашчасьціла, што ўвесь час працаваў легальна. У іншым разе проста выкінулі б з краіны, ня даўшы і цэнту за зробленую працу”.

Беларускія фірмы-пасярэднікі ў асноўным займаюцца працаўладкаваньнем нізкакваліфікаванай працоўнай сілы, якая складае амаль 90% усіх, хто шукае працу за мяжой. Але ёсьць яшчэ 10%. Гэта навукоўцы, праграмісты, інжынэры. Тыя, пра каго звычайна кажуць “сьветлыя галовы”. За імі ідзе натуральнае паляваньне кампаніяў з розных краінаў сьвету. І фірмы, якія займаюцца іх працаўладкаваньнем, так і называюцца – headhunters – паляўнічыя за галовамі. Пра гэтыя фірмы, а таксама лёс беларусаў, якія сталі іх здабычай – у нашай наступнай праграме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG