Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выбарчыя камісіі гэта таксама тыя судзьдзі, якія засуджваюць не Івана Іванкова, а ўсё грамадзтва”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 27 жніўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Калі ў 1924 годзе памёр Ленін, доўга пуста месца не заставалася. Яго зьмяніў ня менш крыважэрны за яго Іосіф Сталін. А вось Беларусі з гэтым не пашанцавала. Як сьцьвярджае Міхаіл Шэлехаў ў газэце “Рэспубліка” ад 25 жніўня ў артыкулу “Зьвязда прэзыдэнта”, то ў нас некалькі стагодзьядзяў ва ўладзе не было такой буйнай палітычнай фігуры як Аляксандар Лукашэнка. Як быццам не было ні Галадзеда, ні Мазура, ні Машэрава. І па словах гэтай газэты і яе аўтара ніхто ня мог бы зрабіць для нашай рэспублікі таго, што зрабіў Лукашэнка. Другіх такіх людзей у нас няма, таму што быць іх ня можа.

І тут жа мы знаходзім тлумачэньне, чаму Лукашэнка так упарта ня хоча сыходзіць са сваёй пасады і пасьля 12 год царстваваньня. Аказваецца, ён правадыр, а правадыры, заяўляе Шэлехаў, не сыходзяць, яны служаць народу столькі, колькі патрэбна народу. Але гісторыя ня ведае выпадкаў, калі б народ па ягонай ініцыятыве змог пазбавіцца ад сваіх павадыроў. Хутчэй наадварот: павадыры пазбаўляюцца ад свайго народу, як, напрыклад, той самы Сталін.

Безумоўна, што артыкул “Зьвязда прэзыдэнта” будзе навязвацца ўладамі для вывучэньня ў працоўных калектывах і навучэнцамі, а я прапаную абмеркаваць гэты опус за круглым сталом Радыё Свабода. Занадта ў ім незахаванай ілжы, усемагчымых выдумак, і ўсё гэта трэба растлумачыць, уберагчы людзей ад дзяржаўнага замбірваньня. А ўрэшце, калі чытаеш гэтую публікацыю, узгадваеш уведзеныя зь дзяцінства ў нашыя вушы росказьні пра Уладзімера Леніна.”

(Макееў Вадзім, Пінск: ) “Прывітаньне Якавіцкаму з г. Пінску. Уявіце сабе такую сытуацыю. Гаспадарка “Х”, якая пабудавала 119 дамоў на крэдыты банку на тэрыторыі сваёй гаспадаркі, у 1999-м годзе ўсе прыватызаваныя чэкі, якія былі дадзеныя, былі ўкладзеныя ў гэтую гаспадарку. То бок дамы фактычна зьяўляюцца прыватызаванымі, але ж уласнасьць набудуць праз 40 год. І тое самае адбываецца ва ўсіх гаспадарках Рэспублікі Беларусь. Коратка: дамы пабудаваныя на крэдыты банкаў, прыватызыйныя чэкі атрыманыя грамадзянамі, дамы атрымліваюцца, як бы прыватызаванымі, па разуменьню грамадзян, а на самой справе гаспадарка атрымлівае грошы ў двайным памеры, і да цяперашняга часу разьлічваецца за крэдыты банку. Вялікі дзякуй. Да пабачэньне. Падумайце, тэма для рэпартажу”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне! Зьвярнуцца да вас зараз мяне асабіста прымусіў нядаўні радок у “Народнай Волі”, прысьвечаны амэрыканскім жаўнерам беларускага паходжаньня, атрымаўшым пашану і ўзнагароды ад Нью-Ёрку.

Дык вось, паважаная Свабода, зрабіце больш-менш дакладны рэпартаж аб нашых былых суайчыньніках, якія, калі з патасам мовіць, нясуць факел свабоды ў Ірак і Аўганістан. Бо яны, гэтыя мужныя людзі, у адрозьненьні ад мяне былога аўганца, калі прасьцей акупанта, робяць сапраўды добрую і пачэсную справу, вызваляючы ірацкія і аўганскія народы ад дыктатуры іх прысьпешнікаў. Таму, лічу, наш народ павінен ведаць гэтых ваяроў свабоды, якія з гонарам прэзэнтуюць ня толькі Амэрыку, але і нашую Айчыну, заганную зараз у рэзэрвацыю Лукашэнкі. Найменна яны, гэтыя нашыя былыя суайчыньнікі, маюць поўнае права на павагу нашага народу, і тое, што яны сапраўдныя дзеці Беларусі, а, прабачце, ня мы, былыя ваяры і акупанты, якія да сяго часу мянуюць інтэрнацыяналістамі, якія ў бальшыні сваёй падтрымалі дыктатара Лукашэнку.

Ад сябе дадам яшчэ адно. Я ганаруся вамі, хлопцы і дзяўчыны, што вы, у адрозьненьні ад мяне, сапраўдныя ваяры-вызваліцелі. І прашу прабачэньня ў вас, што не магу сустрэць па звычаю і зь вялікай падзякай да вас.”

(Спадар: ) “Раніцай ахінаюць туманы недалёкае поле. Праходзіць лета. Так хочацца хутчэйшай сустрэчы са сьветлай душой беларускага пісьменьніка нашага геніяльнага беларуса Янкі Брыля. І ў гэту восень, упэўнены, беларусам будзе не шкада, што прайшло гэтае лета. Бо пакуль яшчэ круціць у кішэнях дулі добрым людзям Барадулін. Хутчэй да Янкі Брыля. Хутчэй да яго сьветлай паэтычнай мудрай творчасьці. Дзякуй.”

(Спадар: ) “Балець, хварэць за Беларусь – гэта ня значыць толькі жадаць спартыўных посьпехаў. Нельга абмяжоўваць сваю хваравітасьць галіною спорту і яго судзейства. Спорт, Алімпіяда – толькі маленькі сэктар жыцьця. Трэба актыўна хварэць і змагацца за дэмакратычнае пераўтварэньне тут на Беларусі, а ня там у Грэцыі.

Паглядзіце, якое тут судзейства, як засуджваюць дзесяткі і сотні людзей не ў адпаведнасьці з законам, а згодна тэлефоннаму праву. Які адбываецца ўціск на гэтых паслухмяных судзьдзяў тут! Выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў гэта таксама тыя судзьдзі, якія засуджваюць не Івана Іванкова, а ўсё грамадзтва і не на адзін год. Чыя бы карова мычала наконт справядлівага судзейства, а наша маўчала.

Кажуць, што крыніцай улады зьяўляецца народ. Калі гэта так, то чаму народныя выбраньнікі ў парлямэнце не працуюць? Іх паўнамоцтвы роўныя нулю. Яны паслухмяныя, як авечкі, маўклівыя, як ягняты, запалоханыя, як мышы пад дзергачом. Дзе тая крыніца?

Гісторыя Беларусі савецкіх часоў – гэта гісторыя панаваньня розных дыктатараў. Спачатку ўсталявалася дыктатура Леніна-Сталіна, якая выдавалася за дыктатуру пралетарыяту. Гэта была дыктатура камуністычнай партыі, дзе ствараўся культ асобы кіраўніка краіны. Разваліўся спарахнелы Савецкі Саюз, не пасьпелі ўсьвядоміць беларусы, як жыць далей, як на іх галовы зваліўся новы дыктатар, выхаванец КПСС. Дыктатараў параджае савецкая сыстэма, не асуджаная да гэтага часу. Таму і наканавана быць беларускаму народу ахвярай розных палітычных мутантаў! Дзякуй.

Вядома, што пад час культу асобы Сталіна і бязьмежнага панаваньня бальшавікоў, арганізаванага супраціву з боку грамадзтва не было. Лічылася, што служыць злачыннаму сталінска-бальшавіцкаму рэжыму гэта значыць служыць радзіме і яе народу. Цяпер мы ведаем, што гэта ня так. Культ асобы Сталіна выкрыты аб’ектыўна. Ён здраднік радзімы. Сталін – вораг народу! Але высновы ня зробленыя. Белае засталося чорным і наадварот. Той, хто змагаўся супраць тыраніі Сталіна, супраць бальшавіцкага рэжыму змагаліся за праўду, за справядлівасьць. Гэта не былі здраднікі, як цьвердзіць бальшавіцкая прапаганда. Яны былі сапраўднымі патрыётамі і не служылі тырану. Лепшым доказам гэтаму зьяўляецца развал спарахнелага Савецкага Саюзу зь яго злачыннай савецкай уладай, з усімі ракетамі, танкамі і гарматамі. Добры ўрок гісторыі! Дзякуй.”

(Уладзімер Зьвернік, журналіст і пэдагог. Пасёлак Чысьць Маладзечанскага р-ну: ) “Шаноўныя супрацоўнікі, Свабоды! На вашае пытаньне, ці ведаеце вы, хто ваш дэпутат Палаты прадстаўнікоў адкажу так. Ведаю, гэта Вячаслаў Кебіч. Аднак, вылучаючыся кандыдатам ў дэпутаты парлямэнту шляхам збору подпісаў грамадзян па маладзечанскай вясковай выбарчай акрузе №86, я абышоў болей 100 кватэраў у пасёлках Чысьць, Радашковічы і Раёфкі. Задаючы вашае пытаньне сваім суразмоўцам, атрымаў толькі адзін станоўчы адказ. Гэты выбаршчык нават здолеў патрапіць на прыём да Кебіча ў Маладэчне і вынес адтуль вельмі нэгатыўнае ўражаньне. Ён распавёў мне, што Кебіч прымаў яго разваліўшыся ў крэсьле, размаўляў зь ім праз губу, зь нейкай пагардай і, зразумела, нічога не зрабіў, каб вырашыць яго пытаньне. Астатнія ж грамадзяне, як адзін, адказалі мне, што свайго дзейнага дэпутата палаты ўвогуле ня ведаюць. Мяркую, што гэта яскравы адказ на другую частку вашага пытаньня аб выніках дэпутацкай дзейнасьці гэтага служкі народу. Дзякуй.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG