Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць беларускіх лодак возьмуць удзел у фінальных алімпійскіх спаборніцтвах у веславаньні на байдарках і каноэ


Уладзімер Глод, Менск 26 жніўня да двух экіпажаў, які атрымалі гэтае права раней, дадаліся яшчэ тры. Фіналы пройдуць у пятніцу і суботу.

Калі 26 жніўня я тэлефанаваў у Афіны, каб узяць камэнтар у дзяржтрэнэра весьляроў Віктара Рэнейскага, то перадусім павіншаваў з посьпехам ягоных падначаленых. Але трэнэр лічыць віншаваньні заўчаснымі:

(Рэнейскі: ) “Іх сапраўды пяць. Але казаць пра нешта рана”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму рана? Пяць лодак у фінале — гэта ж для любой краіны вялікі гонар”.

(Рэнейскі: ) “У нас не было такога заданьня. Заданьні ў відах спорту вызначаюцца ў мэдалях. А колькасьць месцаў у фіналах не бярэцца пад увагу”.

Падчас Алімпіяды неаднаразова адзначалася: беларуская “мэдалёвая сыстэма” не спрыяе вольнаму духу — і спартоўцы, і трэнэры, і спартовае чынавенства адчуваюць велізарны псыхалягічны ціск. Алімпійскі чэмпіён Рамуальд Клім лічыць, што гэта ўжо не адзінкавыя выпадкі. І згадвае эпізод, калі яго запрасілі госьцем на чэмпіянат Эўропы.

(Клім: ) “Тады старшым трэнэрам беларускіх кідальнікаў молату быў Зайцаў Пётар. Ён сядзіць безуважны да ўсяго. А тут кідаюць нашыя хлопцы, якія прыехалі на спаборніцтвы без асабістых трэнэраў. Я кажу яму: ну, ідзі хутчэй, падкажы. Нават я тут хвалююся, хоць і пабочны чалавек. А ён адказвае: “А навошта мне? А раптам ён дрэнна выступіць, і ўсё перакладуць на мяне. А так я гляджу, фіксую ягоныя памылкі. Цяпер такая тэндэнцыя”.

Увечары 25 жніўня скарбонка нацыянальнай алімпійскай каманды папоўнілася адным бронзавым мэдалём. Яго здабыў Вячаслаў Макаранка, які ў паядынку за трэцяе месца перамог двухразовага алімпійскага чэмпіёна Хамзу Ерлікая з Турцыі. Дзяржтрэнэр Аляксандар Барауля так камэнтуе посьпех гомельскага барца:

(Барауля: ) “У такіх двубоях не пакажаш яркай барацьбы. Калі б Слава пайшоў на адкрытую барацьбу, ён мог бы прайграць. А ён ня даў суперніку раскрыць ягоных моцных якасьцяў. Ён тактычна граматна перамог. У такой сытуацыі, калі нэрвы на мяжы, заўжды можна нейкую дурную памылку зрабіць. А Слава яе не зрабіў”.
XS
SM
MD
LG