НЭДЖЭФ. Найвышэйшы духоўны лідэр мусульманаў-шыітаў аятала Алі ас-Сістані прыехаў сёньня ў Нэджэф, каб паспрабаваць спыніць супрацьстаяньне паміж войскамі кааліцыі і ўзброенымі прыхільнікамі радыкальнага шыіцкага клірыка Мактады ас-Садра.
У сувязі з гэтым сябра Нацыянальнай асамблеі Іраку, шэйх Хусэйн ас-Садр заявіў.
(Хусэйн ас-Садр) “Нацыянальная асамблея вітае ініцыятыву вялікага аяталы – ягонае пасярэдніцтва ў Нэджэфе вельмі патрэбнае. Мы заклікаем усіх мусульманаў чакаць на вынікі перамоваў, якія дасьць Бог, прынясуць мір сьвятому гораду”.
Учора ас-Сістані заклікаў шыітаў ва ўсім Іраку ўзяць удзел у мірных маршах да Нэджэфу.
На ўдзельнікаў такога маршу з гораду Эль-Куфа быў зьдзейсьнены напад – ёсьць забітыя. А ў самім горадзе Эль-Куфа, у часе абстрэлу цэнтральнай мячэці зь мінамёта загінулі прынамсі 25 чалавек, а 60 былі параненыя.
Сёньня ў Багдадзе быў забіты і адзін жаўнер войска ЗША.
Між тым кіраўнік пардстаўніцтва НАТА ў Іраку заявіў, што альянс плянуе распачаць у гэтай краіне доўгую місію, у часе якой будзе займацца навучаньнем ірацкай арміі і службаў бясьпекі.