Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: “У кастрычніку паглядзім, як беларускі народ ацэньвае дзеяньні беларускага кіраўніцтва”


Юры Сьвірко, Менск На чацьверты дзень свайго побыту ў Сочы Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, якому заявіў, што ўпершыню за апошняе дзесяцігодзьдзе можна будаваць больш сур’ёзныя дачыненьні ды рухацца наперад. Спадар Пуцін адзначыў толькі адзін дэмакратычны спосаб народу ўхваляць або не дзеяньні кіраўніцтва — праз выбары.

На прэсавай канфэрэнцыі пасьля перамоваў у Сочы было зададзенае пытаньне, як Аляксандар Лукашэнка ставіцца да суботняй заявы амэрыканскага сэнатара Джона Макэйна ў Рызе пра неабходнасьць зрынуць беларускую тыранію.

Спадар Лукашэнка адказаў, што яго не палохаюць такія заявы: “Сэнатараў так шмат, яны столькі гадоў спрабуюць мяне зрынуць. Не перажывайце асабліва з нагоды зрынаньня Лукашэнкі нейкім сэнатарам. Не яны мяне ставілі на гэтую пасаду ды ня ім мяне зрынаць. У нас ёсьць беларускі народ, які добра ўмее й зрынаць, і прызначаць, і толькі яму належыць гэтае права”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Варта нагадаць, што сэнатар Джон Макэйн казаў пра тое, што зьмены ў Балтыі маглі бы натхніць жыхароў Беларусі таксама змагацца за дэмакратыю ў сваёй дзяржаве, што зьмяніць рэжым мусіць сам народ. А ўдзельнік рыскай сустрэчы — лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка падкрэсьліў: “Зьмяніць антыдэмакратычны рэжым могуць толькі самі беларусы”.

Прэзыдэнт жа Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў у Сочы: “Сэнатараў шмат, а Беларусь адна”. Ён дадаў, што Расея заўжды выступала за ўласную самастойнасьць прыняцьця рашэньняў і будзе падтрымліваць у гэтым сваіх саюзьнікаў.

Далей расейскі прэзыдэнт зрабіў заяву, якую апазыцыя ў Менску ацаніла як намёк на немажлівасьць правядзеньня ў Беларусі рэфэрэндуму: “Як і належыць у дэмакратычных краінах, ухваляць або не ўхваляць можна адзіным дэмакратычным спосабам — на выбарах. У кастрычніку адбудуцца выбары ў парлямэнт Беларусі, там і паглядзім, як беларускі народ ацэньвае дзеяньні беларускага кіраўніцтва”. Уладзімер Пуцін таксама зазначыў: “Я ведаю, што Аляксандар Рыгоравіч чакае гэтых выбараў, рыхтуецца да гэтага, гэта й ёсьць найвышэйшай ацэнкай”.

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка таксама адклалі на год меркаванае ўвядзеньне расейскіх рублёў у Беларусі — замест вызначанага ў пагадненьнях 1 студзеня 2005 году яны дамовіліся зрабіць арыенцірам 1 студзеня 2006-га. “Чаму?” — спыталіся журналісты. Спадар Пуцін адказаў: “З гэтай ідэяй, як кажуць у такіх выпадках, трэба пераспаць некаму дзеля таго, каб зразумець, што гэта выгадна”. Расейскі прэзыдэнт зазначыў, што для Масквы было б памылкай паводзіць сябе неакуратна й ціснуць, і сказаў: “Хацелася б, каб да 1 студзеня 2006 году ўсе сумневы адышлі ў мінулае. Атрымаецца — добра, не атрымаецца — будзем працаваць”. А спадар Лукашэнка заявіў: “Зразумелая рэкамэндацыя, прымаецца. Пераспаць трэба — вельмі дакладна сказана”.

Гл. таксама • Што азначае новая дата пераходу Беларусі на расейскі рубель? - Камэнтар аналітыка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG