Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Несьцярэнка - “Залатое дзіця” Берасьця


Уладзімер Глод, Менск Алімпійскі ўік-энд у Афінах значна папоўніў скарбонку нацыянальнай каманды Беларусі. Цяпер на яе рахунку 11 узнагародаў: 2 залатыя, 3 срэбныя і 6 бронзавых. Зразумела, што кожны мэдаль па-свойму бясцэнны. Але і ў гэтым шэрагу асабліва вылучаецца адзін – Юліі Несьцярэнкі зь Берасьця.

Так павялося, што пераможца менавіта ў спрынце лічыцца самым хуткім чалавекам у сьвеце. І таму сёньня можна сьмела сьцьвярджаць: самая хуткая жанчына плянэты жыве ў Беларусі. Выглядае, што сама Юлія яшчэ не да канца паверыла ў сваё шчасьце.

(Юлія Несьцярэнка: ) “Яшчэ я не ўсьведамляю... Як бы я веру ў тое, што перамагла на спаборніцтвах... Але гэта для мяне ўвогуле нешта незвычайнае. Я тут скакала ад радасьці! Гэта так добра. Велізарнае шчасьце, велізарная радасьць...”

Сярод самых блізкіх людзей Юліі нямала спартоўцаў. У Берасьці, дзе нарадзілася Юлія, дзе яна вучылася ў школе, жывуць яе маці, сястра. Пакуль быў жывы бацька, яны ўсе рэгулярна ўдзельнічалі ў спаборніцтвах “Мама, тата, я – спартовая сям’я”. Муж новай алімпійскай чэмпіёнкі, Зьміцер Несьцярэнка – таксама лёгкаатлет, майстар спорту. Толькі ён бегае на 400 мэтраў, так званы даўгі спрынт.

Шэсьць год таму Юлія заканчвала вучылішча алімпійскага рэзэрву ў Менску. І яна вагалася, працягваць ёй заняткі спортам ці не, паколькі тады ў ёй ня бачылі асаблівага таленту. І вось менавіта Зьміцер папрасіў свайго трэнэра Віктара Ярашэвіча паглядзець на дзяўчыну. З таго часу яны абодва займаюцца ў Ярашэвіча. І вось як распавядае пра гэта сам Зьміцер:

(Зьміцер Несьцярэнка: ) “Я ж зь ёй і пазнаёміўся ў цягніку: я са спаборніцтваў вяртаўся, а яна ехала ў Берасьце зь Менску. Маўчалі тры гадзіны, і ўжо непасрэдна перад Берасьцем разгаварыліся. Яна тады мне гаворыць: сама ня ведаю – заставацца ў Менску ці вяртацца ў Берасьце. Я ёй кажу: канешне, лепш у Берасьці, дома, чым туліцца па інтэрнатах, сталоўках. А так дома – заўжды пакормленая, адзетая, абутая, маці побач. З трэніроўкі – дахаты, настрой лепшы. Я, можна сказаць, падгаварыў яе”.

Зразумела, што ўсіх цяпер цікавіць: якая яна, самая хуткая жанчына плянэты? І, мабыць, ніхто не скажа пра гэта лепш, чым маці чэмпіёнкі – Тамара Пятроўна Барцэвіч.

(Барцэвіч: ) “У мяне залатое дзіця. Ня толькі з-за мэдаля. Яна па жыцьці залатое дзіця: вельмі адказнае, ласкавае, пяшчотнае. Толькі што я паразмаўляла зь ёй. Юля сказала мне: мамачка, ты найлепшая ва ўсім сьвеце. Так што я вельмі шчасьлівая за сваю дачушку”.

Трыюмф берасьцейскай дзяўчыны адзначалі вельмі горача:

(Барцэвіч: ) “Усе сьвяткавалі. А пра наш двор, што ўжо казаць! Зрабілі натуральны фэервэрк. Віншавалі нас амаль усю ноч. Вельмі шкада, што майго мужа няма. Ён яе ў спорт прывёў. Гэта наогул былі аднадумцы. Яны маглі гадзінамі займацца – хоць у пакоі, хоць на стадыёне. Ён ёй шмат у чым быў дарадцам”.

Яшчэ адной прыемнай нечаканасьцю стаў сярэбраны мэдаль беларускага штангіста Андрэя Рыбакова. Вось як характарызуе яго галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі, ён жа й асабісты трэнэр Андрэя, Аляксандр Ганчароў.

(Ганчароў: ) “У яго самыя лепшыя якасьці, якія бываюць у людзей: добры, прыстойны, выхаваны, сьціплы... Што яму застаецца яшчэ зрабіць – перамагчы на наступных Алімпійскіх гульнях. Яму ж толькі 22 гады, а гэта ў штангістаў лічыцца росквітам мужчынскай сілы”.

Гл. таксама: • Самая хуткая жанчына плянэты жыве ў Беларусі • Дзень восьмы – сэнсацыйны залаты мэдаль у бегу на 100 мэтрах у Беларусі
XS
SM
MD
LG