Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выбіраць не было з каго”: мінакі пра свой удзел у мінулых парлямэнцкіх выбарах


Сьвятлана Курс, Менск І на Кастрычніцкім пляцы, і на чыгуначным вакзале каля прыгарадных цягнікоў, што везьлі людзей на лецішчы, я задавала адныя і тыя ж пытаньні: “Ці памятаеце Вы Вашага дэпутата ў Палаце Прадстаўнікоў, які абраўся на мінулы тэрмін?” і “Што Вы памятаеце зь ягонае працы?”

(Старая кабета: ) “Лукашэнку, ці што?”

(Карэспандэнтка: ) “Не, дэпутата парлямэнту”.

(Старая кабета: ) “Я да яго не зьвярталася ані раз, то ня ведаю”.

(Малады мужчына: ) “Ня памятаю і ня чуў”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі адкуль?”

(Малады мужчына: ) “Зь Менску”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вы што можаце сказаць?”

(Маладая жанчына: ) “Нічога”.

(Жанчына сярэдніх год: ) “Ой, я на гэтую тэму не хачу гаварыць. Я ім нікому ня веру”.

(Малады мужчына: ) “Я палітыкай не захапляюся. Звычайна прыходжу на ўчастак і ўжо там гляджу, з каго можна выбраць. Памятаю, мінулы раз там быў вайсковец, жанчына і стары. Выбіраць практычна не было з каго”.

(Жанчына: ) “Не галасавала ўвогуле”.

(Ейны муж: ) “Ня памятаем мы, хто ў нас дэпутаты”.

(Інтэлігентная жанчына ў капялюшыку: ) “Я не адсочваю палітыкі. Шчыра кажучы, ня памятаю”.

(Мужчына: ) “Нічога не магу сказаць. Я ня веру ні яму, ні камусьці яшчэ”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ня верыце, што палітыкі могуць зьмяніць жыцьцё іншых людзей на лепшае?”

(Мужчына, саркастычна: ) “Нашыя палітыкі? Ды Вы што? Ха-ха!”

(Карэспандэнтка, да спадарожніцы мужчыны: ) “Вы прытрымліваецеся той жа думкі, што Ваш сябар?”

(Жанчына: ) “З той карэктывай, што за нас усё роўна будзе зроблена так, як трэба. Які сэнс хадзіць галасаваць?”

(Хлопец: ) “Нічога ня памятаю. Такое адчуваньне, што палітычнае жыцьцё само па сабе ідзе. Я лічу, што нічога ня зьменіцца. Невядома за каго галасаваць. Нейкія маленькія лісьцікі былі. І на іх кароткая інфармацыя. А па тэлевізіі такога не было, як у іншых краінах падчас выбарчай кампаніі. Такое выбіраць – усё адно, што нічога не выбіраць”.

Людзі выказвалі давер тым дэпутатам, якія былі ўплывовымі мясцовымі начальнікамі і маглі вырашаць сацыяльна-эканамічныя праблемы на месцах.

(Стары чалавек: ) “Гэта быў наш горацкі хлопец, дырэктар саўгасу і старшыня райвыканкаму”.

(Кабета: ) “Наш дэпутат – генэральны дырэктар аб’яднаньня “Росбелбудіндустрыя”, дзякуючы ягоным намаганьням менскую кальцавую дарогу збудавалі, а камбінат жалезабэтонных вырабаў асвоіў новую прадукцыю. Вынік відзён адразу. У Фаніпалі”.

(Мужчына: ) “Я не магу сказаць, што ён зрабіў, але да яго людзі хадзілі на прыём, і ён нешта там вырашаў. Уладзімір Пятровіч Печанькоў, горад Ворша”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG