Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётр Краўчанка пацьвярджае свой намер балятавацца на прэзыдэнта ў 2006 годзе


Падрыхтавала Юлія Шарова, Менск Агляд беларускіх газэт

Сёньняшні нумар “Беларускага рынку” публікуе артыкул “Агонь пераносіцца на “сьвежых” палітыкаў”. У ім прыводзяцца разважаньні былога амбасадара Беларусі ў Японіі й былога міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі пра лёс беларускай апазыцыі, але, так бы мовіць – нетрадыцыйнай. Спадар Краўчанка лічыць, што кіраўнік краіны цяпер баіцца ня тых апазыцыянэраў са стажам, якія практычна падаўленыя, а іншых, “сьвежых палітыкаў”. Гэта і былы старшыня Савета рэспублікі Аляксандар Вайтовіч, і рэктар БДУ Аляксандар Казулін, у якіх ёсьць шанцы. Сам Пётр Краўчанка, верагодна, адносіць сябе да такіх “сьвежых” палітыкаў. Ён пацьвярджае свой намер балятавацца на прэзыдэнта ў 2006 годзе, не зьбіраецца адступаць ці палохацца й падводзіць тых людзей, якія робяць на яго стаўку. Але разам з тым Пётр Краўчанка адмежаваўся ад апазыцыі. Зь якіх прычынаў ён гэта зрабіў – чытайце ў сьвежым нумары “Беларускага рынку”.

Бабруйскіх мэдыкаў турбуе здароўе сучасных школьнікаў, піша “Вячэрні Бабруйск”. Апошнім часам хлопцы й дзяўчаты вымушаныя выбіраць паміж здароўем і добрай адукацыяй – і аддаюць перавагу апошняй. А бацькі, якія таксама зацікаўленыя ў адукаваньні сваіх нашчадкаў, ніколі не задумваюцца, наколькі моцна загружаныя іхныя дзеці. Бацькі рэдка зазіраюць у школу, дзе вучыцца дзіця, не ацэньваюць якасьць асьвятленьня, зручнасьць школьных партаў ды іншыя ўмовы, у якіх школьнікі вучацца. Між тым, ад іх шмат у чым здароўе дзяцей і залежыць. Матэрыял на гэтую тэму можна прачытаць у “Вячэрнім Бабруйску”.

“Газэта Слонімская” расказвае пра праблемы мясцовых дворнікаў. Слонімскія дворнікі змагаюцца са сьмецьцем на цэнтральным рынку горада, але сьмецьця зрабілася меней не таму, што прыбіраць там сталі лепей, а з прычыны зьніжэньня колькасьці наведнікаў рынку. Наагул у артыкуле апавядаюцца даволі страшныя рэчы: некаторыя сланімчане нават дома выкідаюць сьмецьце проста праз вакно, а не выносяць яго ў адведзеныя месцы. Вось і атрымліваецца, што дворнікі папросту не ўпраўляюцца са сваёй працай, піша “Газэта Слонімская”.

Апошні нумар “Віцебскага кур’еру” расказвае пра беларусаў, што ўдзельнічалі ў здымках нашумелага расейскага фільма “Начны дагляд”. Аказваецца, да стварэньня фільма самае непасрэднае дачыненьне маюць чальцы наваполацкага вайскова-гістарычнага клюбу “Жалезны воўк”. Усяго ў здымках “Начнога дагляду” бралі ўдзел 30 беларускіх рыцараў – аўтары фільма аддалі ім перавагу, хоць у Расеі безьліч уласных рыцарскіх клюбаў. Фільм ужо стаў блёкбастэрам, і касавыя зборы ад яго склалі 15 мільёнаў даляраў. Як бачна, і тут расейская культура бяз беларускага ўплыву абысьціся ня здолела.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG