Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіны – Дзень сёмы: Беларусы заваявалі два бронзавыя мэдалі


Уладзімер Каткоўскі, Прага Беларуская раварыстка Натальля Цылінская заваявала бронзавы мэдаль на вэлятрэку, а Сяргей Мартынаў здабыў бронзавы мэдаль у стральбе зь вінтоўкі. Апошнія навіны Алімпіяды.

* Вядомая беларуская раварыстка Натальля Цылінская атрымала бронзавы мэдаль. Яна заняла трэцяе месца ў фінальнай гонцы на вэлятрэку (500 мэтраў). На 0,215 сэкунды яе апярэдзіла аўстралійка Анна Мэарэс, усталяваўшы пры гэтым новы сусьветны рэкорд (53.016 км/г). На другім месцы кітаянка Ёнгуа Джанг, якая апярэдзіла Натальлю Цылінскую на пяць сотых сэкунды. Такім чынам на дадзены момант каманда Беларусі на Алімпіядзе мае адзін залаты, адзін сярэбраны, і тры бронзавыя мэдалі. Натальля Цылінская сказала, што вельмі радая мэдалю, але не зусім задаволеная сваім вынікам.

* Сяргей Мартынаў заваяваў яшчэ адзін бронзавы мэдаль. Ён заняў трэцяе месца ў фінале стральбы зь вінтоўкі (50 мэтраў). Першае месца дасталася амэрыканцу Мэт''ю Эмансу, а другое – немцу Крысьцьяну Лушу. Сярод ранейшых дасягненьняў Сяргея Мартынава – рэкорд сьвету (597 пунктаў), які ён усталяваў на чэмпіянаце сьвету ў 1988 годзе. Трэба таксама адзначыць: у сваёй алімпійскай анкеце Сяргей Мартынаў напісаў, што акрамя расейскай, валодае ангельскай і беларускай мовамі.

* Беларускія баксёры не дасягнулі чвэрць фіналаў. У адной восьмай фіналу ў вагавой катэгорыі да 57 кг Міхаіл Бярнадзкі прайграў румыну Віярэлю Сімёну зь лікам 13:38. А ў адной восьмай фіналу ў вагавой катэгорыі да 54 кг беларус Хаважы Хатцыгаў прайграў таіляндцу Варапою Пэчкум зь лікам 18:33.

* Бяз мэдалю застаўся дзюдаіст Юры Рыбак (вагавая катэгорыя болей за 100 кг). У кваліфікацыйным раундзе ён за 8 сэкундаў справіўся з аргентынцам Бачыні, затым перамог кітайца Сонг-Пана. Аднак у чвэрць фінале прайграў японцу Кейджы Сузукі. Такім чынам, зь сямі беларускіх дзюдаістаў мэдаль атрымаў толькі Ігар Макараў. Гэта першы залаты алімпійскі мэдаль у гісторыі беларускага дзюдо.

* Трое беларускіх кідальнікаў молата выйшлі ў фінал. Найлепшы вынік у Івана Ціхана – 80.72 м. Таксама ў фінальную частку выйшлі беларусы Ігар Астапковіч і Вадзім Дзевяткоўскі.

* Другі вынік сэзону ў сьвеце паказала беларуская бягуньня Юлія Несьцярэнка ў кваліфікацыйным забегу на 100 мэтраў і выйшла ў другое кола. Юлія Несьцярэнка прабегла дыстанцыю за 10,94 сэкунды. Гэта – нацыянальны рэкорд Беларусі. Пазьней сёньня ў другім раўндзе Юлія Несьцярэнка зноў прыбегла першай, і зноў хутчэй за 11 сэкунд – 10.99 сэк.

* У плаваньні на дыстанцыі 50 мэтраў вольным стылем беларуская плыўчыха Алена Хахлова пасьпяхова праплыла ў чвэрць фінале, але ў паўфінале заняла апошняе 8-е месца.

* У спартовай хадзьбе на 20 кілямэтраў беларус Яўген Місюля прыйшоў 19-м, а Іван Троцкі ды Андрэй Талашка занялі 23-е і 27-е месцы. Не змаглі прабіцца ў фінал і беларускія скакуны ў трайным скачку. Зьміцер Валюкевіч паказаў у кваліфікацыі вынік 16.32 м, а Аляксандар Галавацкі – 16.18 м. Тым часам, для кваліфікацыі трэба было скокнуць прынамсі на 17 мэтраў.

* Заўтра, 21 жніўня, у Афінах самы “мэдальны” дзень – разыгрываюцца 32 камплекты ўзнагародаў. Беларуска Кацярына Карстэн выступіць у фінальным заплыве адзіночак па акадэмічным веславаньні, а Натальля Гелах зь Юліяй Бічык выступяць у заплыве двоек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG