Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 жніўня 1991 году ў Маскве адбыўся путч ГКЧП...


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 19 жніўня

Сёньня ў Беларусі вялікае традыцыйнае сьвята – Яблычны Спас. Яно зьвязанае з пасьпяваньнем яблык і асьвячэньнем іх у царкве. Існавала суворая забарона есьці яблыкі да гэтага дня. Казалі таксама, што на Спаса зямля сьпіць, таму працаваць, гэта значыць трывожыць яе, нельга. А яшчэ ёсьць такая прымаўка, якая знакавала блізкі канец лета: “Спас – лета шась!”

19 жніўня 1587 году ў сярэднявечнай Беларусі адбылася зьмена кіраўніка краіны. Вялікім Князем быў абвешчаны Жыгімонт Ваза. Перад тым ён быў прагнаны са швэдзкага пасаду тамтэйшымі пратэстантамі. У беларускую гісторыю Жыгімонт Ваза ўвайшоў тым, што садзейнічаў Берасьцейскай царкоўнай уніі і адваяваў у Расеі Смаленшчыну.

19 жніўня 1991 году ў Маскве адбыўся вядомы путч ГКЧП, які меў на мэце спыніць перабудову і рэанімаваць разваленую савецкую імпэрыю. Найбольш прыкметнай падзеяй таго дня ў Беларусі было ўтварэньне дэмакратычна арыентаванымі афіцэрамі Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў, якое ўзначаліў падпалкоўнік Мікола Статкевіч. БЗВ зьвярнулася да салдат і афіцэраў з заклікам не выконваць загады пучыстаў і іхных хаўрусьнікаў.

І яшчэ адна памятная падзея найноўшай беларускай гісторыі адбылася 19 жніўня. Гэта страйк менскага мэтрапалітэну ў 1995 годзе. Работнікі пратэставалі супраць парушэньня дырэкцыяй працоўнага заканадаўства і супраць затрымкі заробкаў. Улада жорстка расправілася з рабочымі. 68 чалавек былі звольненыя і на працягу гадоў не маглі ўладкавацца на працу. На цягніках мэтро іх замянілі пакліканыя з Масквы штрэйкбрэхеры.

19 жніўня 2000 году каля вёскі Дружная Мядзельскага раёну запусьцілі першы ў Беларусі электрычны вятрак. Дакладная назва яго – ветра-энэргетычная ўстаноўка. Цяпер такіх 50-мэтровых ветракоў ужо некалькі. Вось жа першы зь іх каштаваў 400 тысячаў нямецкіх марак, за што абяцаў даваць 400 тыс. кілават-гадзінаў электраэнэргіі за год. Збудавалі гэты вятрак, які стаў прыкметнай аздобаю нарачанскага краявіду, на ахвяраваньні нямецкае грамадзкасьці.

Зь ліку вядомых і знакамітых людзей 19 жніўня ў розныя гады нарадзіліся францускі паэт П''ер дэ Бэранжэ, беларускі пісьменьнік Барыс Мікуліч і Біл Клінтан, 42-гі прэзыдэнт ЗША.
XS
SM
MD
LG