Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына гатовая выплачваць стыпэндыі студэнтам ЭГУ


Ул. інф. Нямеччына гатовая выплачваць стыпендыі тым студэнтам ЭГУ, якія працягнуць адукацыю ў Эўрапейскім ўнівэрсытэце Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры. Са стыпэндыяў беларусы змогуць аплачваць сваё утрыманьне ў ФРН — само навучаньне ў краіне бясплатнае. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў прадстаўнік Віядрыны ў Менску, адзін з кіраўнікоў нямецкага курсу, які выкладаўся ў ЭГУ, Пэтэр Лізэганг.

Нагадаем, што ўнівэрсытэт у Франкфурце-на-Одэры мае інтэрнацыянальны кірунак як у выкладаньні, так і навукова-дасьледчай дзейнасьці.

Ад сярэдзіны кастрычніка, калі ў нямецкіх унівэрсытэтах распачынаецца навучальны год, Эўрапейскі ўнівэрсытэт Віядрына гатовы прыняць першую групу студэнтаў зь Беларусі. Гэта прыкладна 30 стыпэндыятаў. Сума стыпэндыі пакуль не называецца. Хутчэй за ўсё, пра яе паведамяць на пачатку наступнага тыдня ў часе сустрэчы ў Менску прадстаўнікоў Віядрыны і тых студэнтаў ЭГУ, якія навучаліся на адмысловым нямецкім курсе ўнівэрсытэту. Камісія зь нямецкай прафэсуры адбярэ лепшых зь іх і прапануе ім на выбар наступныя факультэты: міжнароднага права, культуралёгіі, эканомікі.

Сярод найбольш верагодных крыніцаў фінансавай падтрымкі беларускіх студэнтаў называюцца МЗС Нямеччыны й некалькі палітычных фондаў. Прадстаўнік Віядрыны ў Менску Пэтэр Лізэганг гаворыць:

(Лізэганг: ) “Я спадзяюся, што ў хуткім часе зьявяцца і іншыя спонсары — розныя арганізацыі, прыватныя асобы. Працэс фінансавай падтрымкі ня спыніцца. Навучальны год у Нямеччыне пачынаецца дзесьці ад сярэдзіны кастрычніка, так што галоўнае наперадзе. Акрамя Віядрыны, у ЭГУ паступілі папярэднія прапановы ад унівэрсытэтаў Бэрліну, іншых гарадоў. Аднак пакуль ня знойдзеныя крыніцы фінансаваньня. Трэба пэўны час пачакаць. Штосьці вядома будзе ўжо на наступным тыдні, калі адбудзецца наша сустрэча са студэнтамі ЭГУ”.

Многія адмыслоўцы называюць Віядрыну адукацыйным мостам паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай. Ва ўнівэрсытэце навучаецца каля 4 тысяч студэнтаў з 50 краінаў сьвету. Навучаньне ў Віядрыне, у залежнасьці ад абраных спэцыяльнасьцяў, разьлічанае на 6–9 сэмэстраў. Навучальныя корпусы, як і корпусы інтэрнатаў, разьмешчаныя на абодвух бакаў Одру, у нямецкім горадзе Франфурце і польскіх Слубіцах. Дарэчы, калісьці гэта быў адзін горад. Рэктар унівэрсытэту Віядрына — прафэсар-палітоляг Гезінэ Шван, вядомая ў навуковых колах, былая кандыдатка на пасаду прэзыдэнта ФРГ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG