Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Neue Zuercher Zeitung” піша пра вайсковую падтрымку Менскам Судану ды іншых краінаў, падазраваных у тэрарызьме


Ул. інф. Уплывовая швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” піша, што Беларусь усё больш настойліва заяўляе пра сябе як пра актыўнага памочніка краінаў, якія падазраюцца ў тэрарызьме. Нягледзячы на тое, што суданскі ўрад крытыкуюць ва ўсім сьвеце за ягонае абыходжаньне зь неарабскім насельніцтвам, Лукашэнка аказвае вайсковую падтрымку Хартуму. Вялікая частка беларускага экспарту ў Судан — гэта былыя савецкія арсэналы, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.

Амэрыканцы дагэтуль мяркуюць, што пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна шэраг паплечнікаў ірацкага дыктатара хаваюцца ў Беларусі. Паводле амэрыканскага Дзярждэпартамэнту, Беларусь пастаўляе сваё ўзбраеньне ў шэсьць зь сямі краінаў, якія падазраюцца ў тэрарызьме. Апошнім часам Менск стаў падкрэсьліваць свае сымпатыі да Судану.

“Neue Zuercher Zeitung” згадвае некаторыя падрабязнасьці нядаўняга візыту ў Менск прэзыдэнта эль Башыра, а таксама намеры беларускага кіраўніка ўсяляк падтрымліваць гандлёвыя стасункі з Хартумам. Пры гэтым, як піша швайцарская газэта, супрацоўніцтва не абмяжоўваецца экспартам у Судан беларускіх трактароў, грузавікоў, будаўнічых матэрыялаў, а таксама плянамі пастаўкі ў Беларусь газу і нафты. Згодна з матэрыяламі Дзярждэпартамэнту ЗША, Беларусь цяпер зьяўляецца адным з важных пастаўшчыкоў у Судан танкаў Т-55, самалётаў Мі-24 і Мі-35. У гэтым зьвязку аўтар артыкулу згадвае, што Менск, паводле зьвестак ААН, быў адным з галоўных парушальнікаў уведзенага супраць Іраку эмбарга. Ёсьць меркаваньні, што Беларусь дапамагала Іраку ў разьвіцьці ракетнай праграмы. За два тыдні да вайны Садам накіраваў у Менск тагачаснага мэра Багдаду, і гэта, піша газэта, ня быў звычайны візыт ветлівасьці.

Што да Лукашэнкі, то ён усяляк абвяргае абвінавачаньні Захаду адносна беларуска-ірацкага вайсковага супрацоўніцтва. Маўляў, калі б іракцы насамрэч мелі беларускае ўзбраеньне, Амэрыка так лёгка не перамагла бы ў вайне, піша швайцарскае выданьне.

Як рэзюмуе “Neue Zuercher Zeitung”, тое, што Лукашэнка адкрыта дэманструе сваю сымпатыю да эль Башыра, невыпадкова. Адрозна ад прэзыдэнта Ўкраіны Кучмы, які раней таксама меў дачыненьне да паставак Багдаду зброі, але цяпер накіроўвае ў Ірак свае вайсковыя фармаваньні, Лукашэнку цяжка разьлічваць на добрыя дачыненьні з заходнімі краінамі. Безумоўна, гэта не эль Башыр, які адказны за сьмерці й жабрацтва соцень тысяч сваіх суайчыньнікаў. Тым ня менш, Лукашэнка ў выніку сваёй палітыкі прызнаны Захадам пэрсонай нон грата. Гэтую кепскую рэпутацыю ён імкнецца выкарыстаць па-свойму. У зьвязку з тым, што ягоная папулярнасьць сярод насельніцтва моцна пахіснулася, беларускаму кіраўніку патрэбны надзвычайны імідж — палітыка, які не баяўся і па-ранейшаму не баіцца адкрыта канфрантаваць з Захадам, — піша швайцарская газэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG