Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць дзейных дэпутатаў разьлічвае на пераабраньне


Валер Каліноўскі, Менск Многія дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачалі збор подпісаў, каб зноў удзельнічаць у выбарах. Менш як траціна дэпутатаў думае пра працаўладкаваньне па-за сьценамі парлямэнту, большасьць хоча пераабрацца, але падтрымку ад вэртыкалі мае меншасьць.

Пра свой няўдзел у парлямэнцкіх выбарах заявілі Натальля Машэрава і Анатоль Малафееў. Паводле Анатоля Красуцкага, каля трыццаці дэпутатаў адклікнуліся на прапанову Аляксандра Лукашэнкі й зьвярнуліся ў ягоную адміністрацыю наконт працаўладкаваньня. Некаторыя, праўда, паралельна спрабуюць і пераабрацца на наступны тэрмін. Такім чынам, большасьць дзейных дэпутатаў бярэ ўдзел у кампаніі. Тыя зь іх, хто падаваў заявы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў, пазьбеглі адмоваў ад акруговых камісіяў.

Аднак адміністрацыя прэзыдэнта мала каго зь цяперашніх дэпутатаў падтрымлівае, — кажа апазыцыйны парлямэнтар Сяргей Скрабец. Частка дэпутатаў ужо зьвярталася ў мясцовыя выканкамы, але ім далі зразумець, што вэртыкаль іх падтрымліваць ня будзе. Гэта тычыцца і некаторых самых адднаных выканаўчай уладзе зь цяперашняга складу Палаты, кажа спадар Скрабец. Пра тое, што ў дзейных дэпутатаў ёсьць канкурэнты ад уладных структураў, зазначае і Анатоль Красуцкі, які балятуецца ў Менску.

(Красуцкі: ) “Ва ўсіх акругах, і вы можаце ў гэтым пераканацца, у кожнага з дэпутатаў, якія цяпер вылучаюцца, ёсьць прадстаўнікі і ад мясцовай улады, з вэртыкалі, ці яшчэ хто”.

Анатоль Красуцкі кажа, што сам ён ні ў якія сьпісы кандыдатаў ад улады не патрапіў, але перакананы, што вылучэньне намесьнікаў кіраўнікоў мясцовых выканкамаў, дырэктараў прадпрыемстваў альбо навучальных установаў узгодненае з уладамі, якія ім будуць спрыяць больш, чым дзейным дэпутатам. Вось як ацаніў гэтую сытуацыю Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Тут нічога дзіўнага і крамольнага няма. Ні з боку дэпутатаў, ні з боку ўлады. Таму што са 109 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня толькі 17 заявілі пра тое, што яны ня пойдуць балятавацца. Астатнія, а гэта амаль 90 чалавек, ідуць зноў на выбары. Тое, што сказаў прэзыдэнт краіны, што ён быў бы вельмі задаволены, калі бы ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў было 30% былых, дык гэта толькі каля 30 дэпутатаў”.

Іван Пашкевіч балятуецца ў сваёй ранейшай Столінскай акрузе, дзе ён шмат працаваў апошнія гады і разьлічвае на перамогу ўжо ў першым туры.

Дэпутат Уладзімер Парфяновіч з “Рэспублікі” кажа, што адміністрацыя прэзыдэнта падтрымлівае толькі асобных дэпутатаў, якія ўзялі на сябе абавязак не выступаць супраць трэцяга тэрміну А.Лукашэнкі. Аднак Уладзімер Парфяновіч сумняецца, што сумясьціць рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары рэальна:

(Парфяновіч: ) “Думаю, што ўладзе вельмі нязручна будзе праводзіць рэфэрэндум, калі праходзяць парлямэнцкія выбары. Гэта разьмяжуе ўвесь электарат, радыкалізуе настроі, і тым дэпутатам, якія не ідуць ад улады, гэта будзе вельмі добрая падтрымка”.

Гаворачы пра ўласную кампанію збору подпісаў, ён называе яе пасьпяховай: ужо ўдалося сабраць неабходную тысячу, але на гэтым спадар Парфяновіч спыняцца не зьбіраецца. Кажа, што сам прайшоў некалькі дзясяткаў кватэраў і адчуў падтрымку абсалютнай большасьці выбарцаў. Чакаецца, што канкурэнтам на выбарах у Парфяновіча будзе Станіслаў Багданкевіч ад АГП. У іншых сябраў групы “Рэспубліка” таксама на гэты момант сур’ёзных праблемаў няма: яны зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы і зьбіраюць подпісы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG