Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы не галадаюць, але ядуць нездаровыя прадукты


Іна Студзінская, Менск Жыхары Беларусі харчуюцца лепей за ўсіх у СНД. Паводле інфармацыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, прынамсі, колькасьць беларусаў, якія недаядаюць, складае толькі 2%. Гэта лічба значна ніжэй сярэдняга паказчыку па Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў – у рэспубліках былога СССР недаядае 10% жыхароў. Найбольш цяжкая сытуацыя склалася ў Таджыкістане – там ежы не хапае 70% жыхароў краіны.

Тое, што народ беларускі не галадае – гэта неаспрэчны факт. Але гэта зусім не азначае, што беларусы сапраўды добра харчуюцца, ядуць тое, што карысна для здароўя, што ім падабаецца па густу, што яны любяць. Часьцей за ўсё асноўнымі прадуктамі харчаваньня зьяўляюцца бульба і сала. Паводле інфармацыі Валерыя Мураха, спэцыяліста па праблемах харчаваньня, аўтара не аднаго дзесятка кніг, беларусы ў сярэднім ўжываюць толькі 30 кіляграмаў мяса ў год. Для параўнаньня: кожны расеец зьядае 45 кіляграмаў мяса ў год, палякі – 65, амэрыканцы – 120. А вось калёрыі беларусы дабіраюць салам і бульбай. Дарэчы, бульбы нашы землякі ўжываюць ажно 500 грам штодня на кожнага жыхара – гэта сутачная норма вугляводаў.

У выходныя дні на Камароўцы ў Менску – самыя вялікія чэргі, як ні дзіўна, за салам. Паліцы літаральна “ломяцца” ад іншых мясных дэлікатэсаў – самых разнастайных кілбасаў, вяндлінаў, бужаніны, шынак, а народ стаіць у чэргах па сала.

(Голас: ) “Гэта беларускі сьнікерс – сала. Гэта экалягічна чысты прадукт, які не зьяўляецца нейкай крыніцай небясьпечнага ўтрыманьня радыёактыўных рэчываў. І самае галоўнае – гэта крыніца энэргіі, менавіта сала. Сала – гэта аснова”.

(Карэспандэнт: ) “У вас заўсёды такія чэргі за салам?”

(Голас: ) “Добрае сала, таму заўсёды чэргі. Гэта адмысловая парода сьвіней, па спэцыяльнай тэхналёгіі кормім. Таму такое мяккае, мясное, смачнае сала. І заўсёды такія чэргі за нашым салам”.

(Голас: ) “Маё сала ў 22 краіны сьвету паехала– у Ізраіль, Нямеччыну, Расею, у Прыбалтыку з ахвотай бяруць наша сала. Гэта сала з Ліды, сала нарасхват”.

Кандыдат мэдычных навук Валеры Мурах зусім ня супраць сала, але вельмі занепакоены тым, што сама структура харчаваньня беларусаў нездаровая, яны мала ўжываюць рыбы, морапрадуктаў, вітамінаў, гародніны, садавіны.

(Мурах: ) “Сала – гэта някепскі прадукт, калі ён у сырым выглядзе ўжываецца. Але калі скварку рассмажыў і гэтым тлушчам заліў, то і хваробы будуць. У Беларусі не хапае гародніны, не хапае вітамінаў, напрыклад – 100% авітаміноз у насельніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Але атрымліваецца, што мы не галодныя, набіваем страўнік салам, бульбай...”

(Мурах: ) “Не галодныя. Але структура харчаваньня, якая сёньня ёсьць у Беларусі – яна нездаровая”.

З экранаў тэлевізараў, з вуснаў першых асобаў дзяржавы пастаянна гучыць – будзем з чаркай і скваркай. Ці дастаткова гэтага для чалавека, і ці задавальняе і супакойвае гэта звычайнага беларуса?

(Мурах: )“Справа ў тым, што ўзровень жыцьця любой нацыі вызначае ня ўзровень спажываньня сала ці бульбы, а менавіта якасных мясных прадуктаў харчаваньня, вітамінаў і рыбы. Беларусь выжывае сапраўды абапіраючыся на вёску, многія гараджане маюць тыл. Тыя, у каго ёсьць сілы, гадуюць кабанчыкаў, возяць сала гэта ў горад. Большасьць людзей гэтым не задаволеная, проста яна не можа сабе дазволіць харчавацца рыбай, іншымі якаснымі прадуктамі, багатымі на вітаміны.

І ўвогуле, такі падыход, які прагучаў з вуснай кіраўніка краіны, што будзе чарка – будзе і скварка, тады падыход да лёсу нацыі, да ўзроўню жыцьця нацыі – ён проста зьневажальны. Так што бачыць у гэтым шчасьце беларуса – нельга, немагчыма і проста сорамна”.

Што тычыцца лідэраў своеасаблівага харчовага рэйтынгу, то на другім месцы пасьля Беларусі – Расея, там ежы не хапае 4%, на трэцім месцы Ўкраіна і Туркмэністан, у якіх недаядаюць 6% насельніцтва. Самая складаная сытуацыя ў Таджыкістане і Армэніі – амаль 70% насельніцтва недаядаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG