Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Юры Сівакоў кіруе зь Менску беларускімі алімпійцамі ў Афінах?


Юры Сьвірко, Менск Міжнародны алімпійскі камітэт сфармуляваў сваю канчатковую пазыцыю ў справе абвяшчэньня міністра спорту Беларусі Юрыя Сівакова пэрсонай нон грата ў Грэцыі. Той у сваю чаргу запісаў аўдыё пасланьне ў Афіны. А ў Менску працуе алімпійскі штаб. Праўда, амаль усе намесьнікі спадара Сівакова пайшлі падчас Алімпіяды ў адпачынак.

У дзень адкрыцьця Алімпіяды прэсавая сакратарка МАК Сандрын Шапюі па тэлефоне з Афінаў сказала Радыё Свабода пра скандал вакол Юрыя Сівакова:

(Шапюі: ) “Гэта штосьці такое, што было вырашанае ўрадам, грэцкім урадам. Гэта не да нас”.

Тым часам сам спадар Сівакоў запісаў гукавы ліст для беларускіх алімпійцаў, якія знаходзяцца ў Афінах. Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на Алімпіядзе заявіў, што вельмі бы хацеў у гэты “момант ісціны” быць побач са спартоўцамі ў Грэцыі, і дадаў: “Спадзяюся, кожны з вас цудоўна разумее, што ляжыць у аснове гэтай нячыстай, мякка кажучы, гульні, арганізаванай супраць нашай краіны, і хто зьяўляецца лялькаводам у гэтым палітычным спэктаклі”. Юры Сівакоў нагадаў беларускім алімпійцам пра шлях незалежнага разьвіцьця, своеасаблівасьць цьвёрдай замежнай і ўнутранай палітыкі, і зазначыў, што гэта выклікае спробы любым шляхам “дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі”.

Радыёзварот беларускія спартоўцы будуць слухаць у Афінах увечары ў пятніцу, перад самым адкрыцьцём Алімпіяды.

А ў Менску ў Міністэрстве спорту й турызму працуе адмысловы штаб алімпіяды. Патэлефанаваўшы на нумар гэтага штабу, я пачуў:

(Дзяжурны: ) “Правільна, гэта дзяжурны штабу. З Афінаў і адсюль ёсьць шмат званкоў — хто калі вылятае, або, напрыклад, у таго ж Белтэлерадыё праблемы там паўсталі з апаратурай. Усё ў іх нармальна, проста дадаткова дасылаюць штосьці”.

Кіруе менскім штабам, аднак, не Юры Сівакоў, а ягоны першы намесьнік Валеры Хатылёў. Ад сакратаркі апошняга я даведаўся, што размаўляць з журналістамі кіраўнік штабу ня мае часу:

(Сакратарка: ) “Ён пакуль, на жаль, заняты. Цяпер усе намесьнікі ў адпачынках, таму Валер Сяргеевіч адзін і ўсё вельмі напружана”.

Вядома, што намесьніца міністра Галіна Забур’янава працуе цяпер у Афінах. Пра тое, чаму падчас Алімпіяды іншыя намесьнікі міністра спорту знаходзяцца ў адпачынках, сакратарка спадара Хатылёва нічога не сказала. Затое аб працы штабу яна паведаміла:

(Сакратарка: ) “Паседжаньні пакуль не парводзяцца, таму што Алімпіяда не пачалася. Вось як толькі пачнецца Алімпіяда, будуць паседжаньні штабу ладзіцца”.

Я патэлефанаваў і прэсаваму сакратару Міністэрства спорту й турызму Анатолю Арцем’еву ды спытаўся, што робіць цяпер міністар Сівакоў — намінальны кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Афінах.

(Арцем’еў: ) “У гэты момант ён працуе сам па сабе. Міністар ня ёсьць сталым супрацоўнікам штабу. Ён працуе паводле свайго пляну, ажыцьцяўляе кіраваньне, яму пастаянна тэлефануюць адтуль у вызначаны час, дакладваюць, паведамляюць пра тыя праблемы, пра тыя пытаньні, якія неабходна зь ім узгадніць. То бок ідзе пастаянны рабочы працэс”.

Такі самы рабочы працэс ішоў на папярэдняй Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, дзе кіраўніком беларускай дэлегацыі быў тагачасны міністар спорту й турызму Яўген Варсін. Спадар Варсін жыў на правах госьця Міжнароднага алімпійскага камітэту ў гатэлі за межамі Алімпійскай вёскі, і ўваход у яе яму быў забаронены. А шэфам беларускай місіі быў Яраслаў Барычка, якога пасьля допінгавага скандалу ўвогуле пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі.

На паседажаньні дысцыплінарнага камітэту МАК Беларусь прадстаўляў увогуле толькі перакладчык спадара Варсіна Мікалай Вараб’ёў, які быў акрэдытаваны ў Солт-Лэйк-Сіці як “памочнік госьця МАК”. Спадар Вараб’ёў і цяпер уваходзіць у склад беларускай дэлегацыі ў Афінах, і шмат хто разглядае яго як сапраўднага кіраўніка, упаўнаважанага міністрам Сіваковым. Хаця фармальна шэфам місіі ёсьць Анатоль Іваноў, генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

У Солт-Лэйк-Сіці шэф місіі Яраслаў Барычка таксама прадстаўляў НАК, дзе быў выканаўчым дырэктарам. Хаця спачатку плянавалася, што шэфам місіі зноў, як і ў Сыднэі ў 2000 годзе ды ў Атлянце 1996 году, будзе намесьнік міністра спорту Аляксандар Грыгараў.

Аднак за два тыдні да вылету дэлегацыі ў Солт-Лэйк-Сіці Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чыноўнікам на Алімпіядзе рабіць няма чаго, і прызначыў шэфам спадара Барычку. Такую заяву спадар Лукашэнка зрабіў пасьля таго, як сам у 1998 годзе лётаў на зімовую Алімпіяду ў Нагана, у Японію, дзе на месцы кіраваў дэлегацыяй.

Гл. таксама • Навіны Алімпіяды - 13 жніўня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG