Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася кампанія збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты - як сустракаюць зборшчыкаў?


Валер Каліноўскі, Менск Большасьць зарэгістраваных ініцыятыўных групаў гэтымі днямі пачынае зьбіраць подпісы. Гэтая праца працягнецца да 6 верасьня. Як рэагуюць выбарцы на дзейнасьць актывістаў? Наш карэспандэнт разам зь сябрамі інцыятыўнай групы лідэра БНФ Вінцука Вячоркі хадзіў па кватэрах менчукоў.

Ініцыятыўная група старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі зарэгістраваная ва Ўсходняй выбарчай акрузе №107 у Менску. Адна зь сябраў гэтай групы студэнтка Белдзяржунівэрсытэту Кацярына Маркоўская зьбірае подпісы другі дзень. На пятніцу ёю былі абраныя дамы па вуліцы Ўсходняй. Кацярыне актыўна дапамагае сын спадара Вячоркі Францішак.

Першая праблема для зборнікаў подпісаў — патрапіць у пад’езд. На ўсіх іх цяпер кодавыя замкі, спробы праз дамафон зьвязацца з кім-небудзь у кватэрах часта марныя, таму даводзіцца чакаць, калі хтосьці заходзіць ці выходзіць з пад’езду.

(Маркоўская: ) “Добры дзень! Мы ініцыятыўная група. Зьбіраем подпісы за кандыдата. Вось прыйшлі з вамі сустрэцца, расказаць, што хутка будуць выбары. Мы хацелі бы вылучыць Вінцука Вячорку, мовазнаўца, выкладчыка, вядомага палітыка і чалавека. І мы прапануем вам падтрымаць яго, паставіўшы подпіс”.

У палове кватэраў нікога няма, яшчэ частка людзей адразу грукае дзьвярыма, пачуўшы, зь якой мэтай да іх прыйшлі. Але астатнія ставяцца ў асноўным пазытыўна.

(Спадар: ) “Трэба рабіць усё магчымае, ужо трэба тут нешта мяняць. Каб нехта іншы быў прэзыдэнтам”.

(Іншы спадар: ) “Трэба змагацца, думаю, што калі будзем пад печчу сядзець, то нічога ня будзе. Нешта трэба рабіць, як вы робіце. Як масы іншых людзей робяць. Ну гэта ня маса, гэта больш на кухнях гавораць… Бо баяцца, запалоханыя ўсе. І суседзі мае, і знаёмыя — усё размыта, расколата. Трэба зьядноўвацца, трэба праводзіць работу, бо як будзем сядзець, то нічога ня будзе. Пад ляжачы камень вада не цячэ”.

Некаторыя жыхары дому 30 па вуліцы Ўсходняй нават ведалі Вінцука Вячорку альбо яго бацьку асабіста, многія чыталі пра спадара Вячорку ў прэсе. Звычайна выклікае рэакцыю выбарцаў і абрэвіятура БНФ. Рэакцыя бывае і пазытыўнай, і нэгатыўнай.Часам узьнікалі спрэчкі, калі на лесьвічнай пляцоўцы зьбіралася некалькі суседзяў:

(Спадарыня: ) “Кім ён працуе, ад якой ён партыі? Фронт нам не патрэбен. За дзесяць даляраў моладзь зьбіраюць!.. Ужо ж забаранілі хадзіць па кватэрах. Лукашэнка забараніў!”

(Іншая спадарыня: ) “Зачыні дзьверы, Дзіма, і міліцыю выклікай… Работнічкі!”

(Трэцяя спадарыня: ) “Чым яны палепшылі нашае жыцьцё? Толькі балбатнёй”.

(Спадар: ) “Яны кажуць — за мяжу каб Беларусі хлеб не прадавалі. Гэта здраднікі беларускага народу”.

(Спадарыня: ) “Я не скажу, што яны здраднікі, ня трэба, Мікалай Міхайлавіч. Але нічога яны не зрабілі, толькі суцэльныя размовы. І ўсё. Бывайце здаровыя!”

Некаторыя з выбарцаў адразу казалі пра сваю апалітычнасьць, пра расчараваньне ў выбарах і Палаце прадстаўнікоў. Падчас збору подпісаў часта заходзіць размова ня толькі на палітычныя тэмы, але і пра нізкія пэнсіі, заробкі ды высокія цэны.

(Пэнсіянэрка: ) “Капейкі атрымаеш, вось і выкройваеш, як дажыць. Муж памёр, адна засталася — дык вось, цяжкавата. Пэнсія 130 тысяч. Пражыві паспрабуй, аплаці кватэру. Льготы не даюць ніяк… Няма й за што галасаваць”, — сказала адна з жыхарак дому па вуліцы Ўсходняй у Менску.

За чатыры гадзіны Кацярыне Маркоўскай удалося сабраць 20 подпісаў.

(Маркоўская: ) “Тыя кватэры, якія мы прайшлі, вось я гляджу, калі адмінусаваць тыя кватэры, дзе няма нікога дома, то ў прынцыпе ў нас нармальны працэнт людзей, якія падпісваюцца. Вельмі складана зрабіць падагульненьне, маладыя падпісваюцца альбо старыя. Таму што падпісваюцца і тыя, і тыя. Узрост можа не ўплываць на выбар людзей, а хутчэй іх досьвед, тое, што яны чыталі, глядзелі раней”.

Як паведамілі ў Цэнтарвыбаркаме, усяго ў акруговыя камісіі было пададзена 635 заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, зь іх на сёньня зарэгістравана 225, 17 групам адмоўлена ў рэгістрацыі пераважна з-за парушэньня прынцыпу добраахвотнасьці ў працы групы. Разгляд рэшты заявак прадоўжыцца цягам чатырох дзён. Найбольшая колькасьць заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў пададзеная ў Менску — 134.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG