Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія паштоўкі: падтрымка духу алімпізму ці камэрцыйны праект?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Напярэдадні алімпіяды аб''яднаньне “Белпошта” выпусьціла адмысловую паштоўку, якую кожны жыхар Беларусі можа даслаць у Афіны дзеля падтрымкі маральнага духу спартоўцаў-землякоў. Але ці гатовыя беларусы падтрымаць зборную каманду краіны менавіта такім чынам?

Да думкі дасьледаваць гэтае пытаньне – ці зьбіраюцца віцябляне падтрымаць сваіх землякоў у Афінах, даслаўшы ім “алімпійскую” паштоўку? – мяне падштурхнулі дужа настойлівыя рэклямныя захады мясцовых дзяржаўных газэтаў ды тэлевізіі. Паслухаўшы ды паглядзеўшы, я ўсё ж вырашыла скіравалася на віцебскі Галоўпаштамт, каб на ўласныя вочы зірнуць на тыя паштоўкі і даведацца, ці шмат у Віцебску ахвотных накіраваць допіс у алімпійскую вёску.

Першае, што мяне прыемна ўразіла – гэта тое, што “алімпійская” паштоўка, выдадзеная накладам 10 000 паасобнікаў – беларускамоўная. На ёй зьмешчаная выява дыскабола, якая сымбалізуе алімпійскі рух, а ўнізе надпіс “Беларусь, цябе люблю, табой ганаруся”. А другое, што я мусіла адзначыць – гэта памкненьне паштавікоў скарыстацца алімпійскай акцыяй у як мага большым аб’ёме. Супрацоўніцы пошты распавялі, што нават маркі на гэтую паштоўку яны мусяць клеіць адмысловыя.

(Спадарыня: ) “Каб адна з марак абавязкова была спартовая! Ну, вось вэлягонка, або вось нейкі спартовец стаіць… На 340 рублёў маркі наклейваюцца, ставіцца пячатка “авія”, усяго атрымліваецца 575 рублёў”.

Заадно я даведалася, што продаж такіх паштовак – гэта досыць прыбытковая для паштавікоў справа: звычайная паштовая картка каштуе 145 рублёў, а алімпійская – амаль на сто рублёў даражэй. Тым болей, што па адной паштоўцы амаль ніхто й не бярэ: як распавяла мая суразмоўніца, паштарка Вікторыя Бабуркіна, галоўным чынам паштоўкі куплялі спартовыя сэкцыі, а таксама гарадзкія школы, прычым адразу па некалькі соцень штук.

Самыя апошнія паштоўкі, каб не заляжаліся, паштаркі вырашылі адправіць самі.

(Спадарыня: ) “Адправілі адразу 15 штук. Пісалі: “Беларусы, мы за вас “балеем”. Трымайцеся!”

Як бачым, “Алімпійскія” паштоўкі распрадаюць найчасьцей агулам. А ці купляюць іх шараговыя грамадзяне, бо гэта ўсё задумана, відаць, усё ж як шырокая грамадзкая акцыя?

Паштаркі не прыгадалі ніводнага выпадку, каб такія паштоўкі куплялі, да прыкладу, пэнсіянэркі або вяскоўцы. Падобна, што на прыватны інтарэс да паштовак ніхто й не разьлічваў, таму кіраўнікі арганізацыяў выдаткоўвалі грошы на “масавыя закупкі”, а на некаторых паштовых аддзяленьнях паштоўку нават не выстаўлялі на вітрыну. Пра такі выпадак з уласнага досьведу мне распавяла Алена Быкоўская, жонка вядомага баксёра Сяргея Быкоўскага, дэлегаванага на сёлетнюю Алімпіяду ў складзе беларускае каманды.

(Быкоўская: ) “Я меркавала, што адразу прыйду на пошту – і вось яна, паштоўка. Але ж яе не было! Пытаюся: “У вас увогуле ёсьць паштоўкі, якія алімпійцам дасылаюць”? На мяне паглядзелі з такім зьдзіўленьнем! Я, напэўна, была адзінай пакупніцай гэтых паштовак! Так мы “балеем” за нашых спартоўцаў, хочаце – верце, хочаце – не”.

Але, як вядома, апрача маральнае падтрымкі, спартоўцам неабходная і падтрымка матэрыяльная. Напярэдадні мінулае алімпіяды віцебскія прадпрыемствы перадалі проста ў рукі віцебскім алімпійцам каля 20-ці мільёнаў рублёў. А як іх падтрымалі сёлета?

Яшчэ ў красавіку мінулага году рашэньнем гарвыканкаму за 26 найбольш пэрспэктыўнымі спартоўцамі былі замацаваныя 29 прадпрыемстваў дзеля тае самае матэрыяльнае падтрымкі. Але сёлета прадпрыемствы мусілі пералічваць грошы не спартоўцам непасрэдна, а на рахунак гарвыканкаму, які потым выдаткоўваў гэтыя сродкі паводле ўласных меркаваньняў.

Вось такое стаўленьне да падтрымкі алімпійцаў, пра якое даведваюцца шараговыя віцябляне, і спараджае досыць распаўсюджанае меркаваньне, што алімпіяду са сьвята спартовых дасягненьняў спрабуюць ператварыць у нейкі камэрцыйны праект. Таму большасьць апытаных мною землякоў зьбіраецца шчыра балець “за нашых” сам-насам з тэлевізарам. Да прыкладу, спартовец-аматар Кастусь Смолікаў, у якога я спытала, ці даслаў ён паштоўку у Афіны, адказаў мне наступным чынам:

(Смолікаў: ) “Я не дасылаю такіх паштовак, бо, набываючы іх, мы ўсё-ткі галоўным чынам падтрымліваем беларускую дзяржаву, якая іх выдала і цяпер хоча распаўсюдзіць і прадаць, гэта выключна камэрцыйная кампанія. Дзяржава такім чынам разьвівае свой бізнэс, а ніяк не ідэалы алімпізму”.
XS
SM
MD
LG