Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі апазыцыйныя кандыдаты ў парлямэнт адмяжоўваюцца ад улады


Казімір Яноўскі, Гомель Звыш 120 зборшчыкаў подпісаў зарэгістравана ў ініцыятыўнай групе за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў гомельскага апазыцыйнага палітыка Віктара Карнеенкі. Сёньня першыя зборшчыкі подпісаў адправіліся ў дамы выбарцаў.

37-я гомельская Прамысловая акруга, дзе зьбіраецца балятавацца Віктар Карнеенка, ахоплівае шэраг вялікіх мікрараёнаў абласнога цэнтру – Заходні, Залінейны, Моладзевы, Сонечны.

Са зборшыкамі подпісаў Кацярынай Гаравой і Андрэем Толчыным мы накіроўваемся ў пяціпавярховыя дамы на Рэчыцкай шашы. У зборшыкаў подпісаў ёсьць пасьведчаньні сяброў ініцыятыўнай групы, інструкцыя, падпісныя лісты, партрэт і біяграфічныя зьвесткі пра кандыдата, карта-схема выбарчай акругі:

(Гаравая: ) “Добры дзень! Мы зьбіраем подпісы для вылучэньня кандыдатам ў дэпутаты Карнеенку Віктара Мікалаевіча”.

(Толчын:) “Паглядзіце, вось партрэт Віктара Карнеенкі, вось ягоная біяграфія. Закон пра выбары такі, што мы ня можам вас агітаваць. Мы можам толькі зьбіраць подпісы. Калі памятаеце, раней Карнеенка абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР”.

Адна зь першых жанчына, якую мы сустрэлі з клункамі ў пад''езьдзе дому, аказалася рабочай радыёзаводу. Там калісьці працаваў Віктар Карнеенка. Яна чула шмат станоўчага пра спадара Карнеенку і адразу пагадзілася паставіць подпіс за вылучэньне яго кандыдатам ў дэпутаты.

(Жанчына: ) “Ведаю, што Карнеенка працаваў у нас на заводзе. Я, канечне, за яго”.

Некаторыя жыхары зьдзіўляліся, што шляхам збору подпісаў можна наагул вылучаць кандыдатаў у дэпутаты.

(Мужчына: “Я гэтага не разумею. Першы раз вось так ходзяць і зьбіраюць подпісы”.

Былі і такія выбарцы, што задавалі пра прэтэндэнта прамыя пытаньні і атрымлівалі такія ж прамыя адказы.

(Жанчына: ) “Гэта, слухайце, апазыцыя? Ці хто гэта”?

(Зборшчык Толчын: ) “Гэта – ня ўлада, гэта – апанэнты ўлады”.

(Жанчына: ) “Ведаеце, я яшчэ падумаю. Пачытаю газэтку, пагляджу тэлевізар, а потым вам скажу”.

Сам Віктар Карнеенка паведаміў нашаму радыё, што ён і іншыя апазыцыйныя прэтэндэнты ў кандыдаты ня будуць ніякім чынам атаясамліваць сябе зь існуючай уладаю.

(Карнеенка: ) “Безумоўна, я пазыцыянуюся як апанэнт існуючай улады. Зборшчыкі подпісаў пра тое ведаюць. У якіх умовах будуць адбывацца гэтыя выбары, нам вядома. І таму мы, канечне, павінны сабраць неабходную колькасьць подпісаў, якая магла б забясьпечыць у выпадку, калі б за мяне галасавалі, перамогу”, - сказаў Віктар Карнеенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG