Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар фальшывага відэа кажа, што толькі хацеў паказаць, як лёгка можна маніпуляваць СМІ


Віталь Цыганкоў, Прага Нядаўні скандал з распаўсюджваньнем у Інтэрнэце сфабрыкаванага відэароліку, на якім нібыта дэманструецца сьмерць амэрыканскага закладніка, яшчэ раз ставіць пытаньне аб выкарыстаньні прэсай матэрыялаў з Інтэрнэту. Аўтар відэафальшыўкі Вандэрфорд заяўляе, што ён хацеў выкрыць хлусьлівую сыстэму сродкаў масавай інфармацыі, а заадно зрабіць сабе палітычную рэкляму. І здаецца, гэта яму ўдалося.

22-гадовы банкір са Злучаных Штатаў Бэнджамін Вандэрфорд стварыў і выставіў у інтэрнэце крывавы відэаролік пакараньня амэрыканскага закладніка. Ён сьцьвярджае, што хацеў паказаць, як лёгка можна маніпуляваць прэсай шляхам распаўсюджваньня відэасюжэтаў праз інтэрнэт.

(Вандэрфорд: ) “Я думаю, людзі, зірнуўшы на мой учынак, зразумеюць два сур’ёзныя пытаньні, якія я хацеў завастрыць. Па-першае, як лёгка сфабрыкаваць падобны відэаролік, асабліва зараз, калі яны часта робяцца. І другое, як лёгка можна надурыць прэсу. І калі мэдыі вырашылі, што гэта сапраўдны ролік, не правяраючы і не дасьследваючы, то гэта паказвае, якая вялікая магчымасьць ёсьць у прэсы для маніпуляцыі грамадзтвам. Так што я даказаў, што гэта можа быць зроблена вельмі лёгка”.

Вандэрфолд паведаміў, што ідэя прыйшла яму ў красавіку, калі ён ўбачыў нізкаякасныя відэаролікі, зробленыя ірацкімі тэрарыстамі й зразумеў, што зрабіць нешта падобнае зусім не складана.

У сюжэце амэрыканскага банкіра тэрарысты ў масках нібыта адразалі галаву амэрыканскаму палоннаму, ролю якога выканаў сам Вандэрфолд. Закладнік ад імя тэрарыстаў зьвяртаўся да адміністрацыі ЗША з патрабаваньнем выесьці войскі з Іраку. За кадрам чытаўся Каран, амэрыканцы называліся акупантамі й крыжакамі, потым крэсла з закладнікам апракідвалася назад, да ахвяры падыходзіў чалавек, і як відаць на экране, адразаў яму галаву. Бягучы радок паведамляў, што амэрыканца забілі людзі Абу Мусаба Заркаві.

Вандэрфолд таксама ўставіў фотаздымкі, узятыя з вэбсайту Хамаз, і потым прыклаў гукавыя эфэкты аўтаматных стрэлаў з папулярнай відэагульні.

У суботу і нядзелю відэа са сцэнамі пакараньня прадэманстравалі многія арабскія сайты й галоўныя заходнія тэлеканалы. Што цікава, падробку выявілі не супрацоўнікі спэцслужбаў, а журналісты.

Карэспандэнты AP накіраваліся па адрасе нібыта загіблага амэрыканца і знайшлі яго ў дома ў Сан-Фарнцыска жывым і здаровым. Мясцовая паліцыя Лос-Анжэлесу пачала расьсьледаваньне, аднак паліцыянты, а таксама ФБР кажуць, што пакуль ня вырашана, ці будзе выстаўлена Вандэфорду нейкае абвінавачваньне, паколькі пакуль незразумела, ці парушыў ён нейкі закон.

***

У Беларусі пакуль, здаецца, не было выпадкаў стварэньня ў Інтэрнэце гучных відэафальшывак. Вядома ж, ёсьць аматары пажартаваць, якія забаўляюцца выдумваньнем палітычных ды сьвецкіх навінаў і разьмяшчаюць іх на ўласных старонках (у блогах livejournal.com ці на ўласных сайтах). Што да сур’ёзных выпадкаў, калі, напрыклад, у распараджэньні прэсы траплялі відэаматэрыялы, датычныя справаў зьніклых палітыкаў, то звычайна гэтыя відэакасэты падкідваліся ў рэдакцыі незалежных газэтаў альбо іх прыносілі кур’еры з вуліцы. Многія падазраюць, што частка гэтых матэрыялаў была сфабрыкаваная спэцслужбамі, каб пагасіць значнасьць сапраўдных сьведчаньняў.
XS
SM
MD
LG