Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Сівакоў будзе кіраваць алімпійцамі зь Менску


Алесь Дашчынскі, Менск Міністар спорту і турызму Юры Сівакоў не паедзе ў Афіны. Пра гэта ён паведаміў раніцай на плянэрцы ў міністэрстве, перад сустрэчай з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Кіраваць алімпійскай дэлегацыяй ён зьбіраецца зь Менску.

Перад сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам міністар Сівакоў заявіў на плянэрцы ў міністэрстве, што ў Афіны не паедзе. Пра гэта Радыё Свабода распавёў прэсавы сакратар міністра Анатоль Арцем’еў:

(Арцем’еў: ) “Ніякіх зьменаў у складзе беларускай спартовай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях ня будзе. Паводле рашэньня прэзыдэнта краіны, міністар спорту Юры Сівакоў застаецца кіраўніком дэлегацыі. Ён будзе кіраваць адсюль, зь Менску. Тут ствараецца другі штаб, які разьмесьціцца ў міністэрстве”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, у Афіны Сівакоў не паедзе?”

(Арцем’еў: ) “Ён туды не паедзе”.

На сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам, як паведаміла прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч, пытаньне пра паездку Юрыя Сівакова ў Афіны не абмяркоўвалася. Ішла гаворка пра гатовасьць да Алімпіяды ды іншае.

Кантактаў з прэсай генэрал Сівакоў пакуль пазьбягае.

Тым часам на афіцыйным вэбсайце міністэрства спорту зьмешчана новая, падкарэктаваная вэрсія заявы міністра Сівакова. У прыватнасьці, раней Сівакоў вінаваціў амэрыканскае кіраўніцтва і Эўразьвяз у тым, што яны “адкрыта парушаюць прынцыпы алімпійскага руху”. Цяпер Сівакоў выказваецца інакш. Паводле яго, у амэрыканскага кіраўніцтва і Эўрапейскага зьвязу свая мадэль дэмакратыі. “Напэўна, яе нюансы праяўляюцца ў многіх аспэктах маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў”.

Тым часам, у Афінах міністра чакаюць сябры алімпійскай дэлегацыі. Намесьніца міністра спорту і турызму Галіна Забур’янава распавяла, што ніякага афіцыйнага адказу ад Міжнароднага алімпійскага камітэту няма. Пытаньня пра Сівакова не было на парадку дня паседжаньня МАКу. Галіна Забур’янава:

(Забур’янава: ) “Я лічу, што гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі некаторым вельмі хочацца стварыць складанасьці алімпійскай камандзе. Гэта патрэбна быць не патрыётам сваёй краіны, каб у такі напружаны і адказны момант заводзіць нейкія палітычныя разборкі”.

(Карэспандэнт: ) “А калі спадар Сівакоў не прыедзе ў Афіны, то як будзеце вы рэагаваць, як будзе каманда рэагаваць?”

(Забур’янава: ) “Каманда будзе працаваць, і працаваць на вынік. Гэта будзе найлепшым адказам”.

Шэф беларускай спартовай місіі ў Афінах Анатоль Іваноў сказаў, што Юрыя Сівакова ўжо не чакаюць 12 жніўня. Праўда, ён ня ведае, ці здаў міністар свае квіткі.

(Іваноў: ) “Сьмяротнага тут нічога няма ні для дэлегацыі, ні для яго. Мы як працавалі, так і працуем. Тут яшчэ будуць два ягоныя намесьнікі. Калі трэба ўзгадняць нейкія пытаньні, то ў нас ёсьць зь ім пастаянная сувязь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG