Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны разьлічваецца з адстаўнымі афіцэрамі чаравікамі і біклажкамі


Валер Каліноўскі, Менск Апошнім часам беларускія вайсковыя часткі пачалі разьлічвацца са сваімі афіцэрамі, якія ідуць у адстаўку, палявой формай, вайсковым абуткам, біклажкамі, кацялкамі і іншымі рэчамі з армейскіх складоў, дзе яны пераляжалі свае тэрміны прыдатнасьці. Адстаўнікі незадаволеныя.

У Брэсцкім абласным судзе нядаўна прайшоў унікальны працэс – адстаўны афіцэр Валерый Малахаў судзіўся са сваёй былой часткай за тое, каб зь ім разьлічыліся належным чынам, выплаціўшы кампэнсацыю за тую маёмасьць, якую ён недаатрымаў за час службы. Афіцэр прайграў гэты працэс з фармальных прычынаў, але пакуль касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд не падаваў. Ягоныя калегі, якія сёлета таксама ідуць у адстаўку, вельмі разьлічваюць на перамогу Малахава, яны ўпэўненыя, што калі б той выйграў у Вярхоўным судзе, то і ім было б лягчэй дабівацца свайго, бо кожны афіцэр рана ці позна ідзе ў запас.

Адстаўны падпалкоўнік Іван К. зь Бярозы, гледзячы, як задаволены зяць-лейтэнант новымі пагонамі, з сумам кажа, што цяпер маладое афіцэрскае папаўненьне нават сам Лукашэнка павіншуе, а вось як да гэтых хлопцаў паставяцца, калі яны адслужаць сваё і будуць ісьці ў адстаўку? Падпалкоўніку роднае міністэрства завінавацілася рэчавага забесьпячэньня на 800 тысячаў рублёў. Маёру Пятру Н. Мінабароны завінавацілася яшчэ болей – на паўтара мільёна рублёў.

З пачатку дзевяностых службовае адзеньне і абутак афіцэрам выдаваліся нерэгулярна: напрыклад, апошні раз парадную форму атрымаў ў 1990 годзе, кажа адстаўны маёр.

(Адстаўны маёр: ) “З 92 года, пасьля распаду Савецкага саюза, беларускае войска формаю забясьпечвалася мізэрна. Фактычна мы куплялі яе за свае грошы, якіх і так было мала. З цяжкасьцю хапала пракарміць сям’ю. А трэба было і купляць, і рамантаваць гэтую форму, каб выглядаць ня вельмі ганебна”.

У 2001 годзе былі падпісаныя кантракты афіцэраў зь Міністэрствам абароны Беларусі. У гэтым дакумэнце пазначана, што афіцэрам, якія своечасова не атрымліваюць належнага рэчавага забесьпячэньня, вайсковае ведамства абавязваецца выплочваць грашовую кампэнсацыю. Кампэнсацыю гэтую выплочвалі рэдка. Калі ж падчас сыходу афіцэраў ў адстаўку фінансісты падлічылі, колькі трэба выплаціць у якасьці кампэнсацыі кожнаму, то наверсе і вырашылі: лепей разгрузіць на гэтую суму сховішчы. Вось і пачалі выдаваць тое, што ляжала на сховішчах зь 70-х гадоў, прычым зусім нехадавых памераў.

(Адстаўны маёр: ) “Пяцьдзесят пар чаравікаў, 19 камплектаў формы “мабуту”… Ну куды мне гэта, я ніколі нічым не гандляваў, што, мне ісьці на базар і гэта прадаваць… Далей – 30 салдацкіх біклажак, 10 кацялкоў, 6 пар лямцавых ботаў, пра якія я нават не ведаў, што яны існуюць, а тут аказваецца, яны мне на пэнсіі патрэбныя… Слава Богу, хоць гузікамі не выдаюць”.

Судзіцца з роднай вайсковай часткай, каб дамагчыся належнага выкананьня палажэньняў кантракту, пагаджаюцца не ўсе: трэба 10 адсоткаў пошліны заплаціць, шмат часу страціць ды і вынік няпэўны. А некаторыя чакаюць, калі ж нарэшце разгрузяцца вайсковыя сховішчы – мабыць, пасьля гэтага іншым будуць плаціць грашыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG