Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прыватнікаў абмалаціць збажыну каштуе таньней, чымся ў калгасе


Казімір Яноўскі, Гомель Звыш 100 тысячаў тон збожжа зьбіраюць кожны год на сваіх прысядзібных участках вясковыя жыхары Гомельскай вобласьці. Аднак з надыходам жніва многія вяскоўцы зьведваюць цяжкасьці з уборкай збажыны.

Сёлета, як і ў мінулыя гады, падчас сэлектарнай нарады Аляксандр Лукашэнка загадаў старшыням сельскіх Саветаў, райвыканкамаў, кіраўнікам гаспадарак без прамаруджваньня прыступіць да ўборкі збажыны на прысядзібных участках вяскоўцаў. Заяўлена было, што на сваіх сотках у краіне вяскоўцы агулам вырошчваюць 800 тысячаў тон збожжа. Як выконваецца распараджэньне кіраўніка дзяржавы?

У Цярэшкавіцкім сельскім савеце Гомельскага раёну я цікавіўся, як арганізаваная ўборка збажыны на прысядзібных участках. Згаданы сельскі савет выбраны невыпадкова. У мінулагодняе жніво вяскоўцы ня толькі шмат пахваляваліся, але і страцілі нямала збажыны на корані, пакуль мясцовая гаспадарка здолела дапамагчы зжаць яе камбайнамі.

Старшыня савету Надзея Бутэнка патлумачыла, што сама яна сёлета ўжо ня сеяла збажыну – рабіць гэта стала стратна. Па пытаньнях уборкі збажыны на вясковых сядзібах старшыня сельсавета параіла зьвяртацца да дырэктара птушкафабрыкі Аляксея Карпенкі.

Той патлумачыў, што пакуль жніво на прысядзібных участках не распачыналі. Эканамістка фабрыкі Сьвятлана Сушчэўская не магла нават патлумачыць, колькі будзе каштаваць сельскаму жыхару зжаць камбайнам 1 сотку вырашчанай збажыны:

(Сушчэўская: ) “Яшчэ рана нам расцэнкі рабіць, я кажу, што рана. Уборка яшчэ вядзецца на гаспадарчых палетках. Трэба яшчэ палавіну там убіраць, таму для прыватнікаў аплату не падлічвалі”.

А што робяць самі вяскоўцы ў гэтай сытуацыі? У Цярэшкавічах ды іншых паселішчах людзі шукаюць прыватнікаў – тых, у каго ёсьць камбайны. У прыватнасьці, у вёсцы Бабовічы. У прыватнікаў звычайна абмалаціць збажыну каштуе таньней, чымся ў калгасе. Зрэшты, так паступаюць і ў іншых месцах. Вяскоўцы не чакаюць міласьціны ад калгасу, а знаходзяць прыватнікаў з адмысловай тэхнікай.

З Анатолем Аўчыньнікавым, пэнсіянэрам зь вёскі Целяшы Гомельскага раёну, я гутарыў на полі, ля ягонага ўчастка сасьпелай збажыны:

(Аўчыньнікаў: ) “Абяцаў прыватнік. У нас калгасны камбайн ня хутка атрымаеш”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму”?

(Аўчыньнікаў: ) “Таму, што ў калгасе амаль не намалацілі яшчэ нічога. У нас ёсьць прыватнік. Вось яго мы і чакаем”.

(Карэспандэнт: ) “А вы зьвярталіся ў калгас”?

(Аўчыньнікаў: ) “А чаго зьвяртацца? Хто яго дасьць? У калгасе яшчэ не ўбрана. У калгасе толькі пачалі, а калі ўбяруць, то ў нас ужо ўсё прападзе. Жыта і так палегла ўсё”.

Празь некаторы час я патэлефанаваў ў Целяшы спадару Аўчыньнікаву. Ён паведаміў, што прыватнік прыехаў на поле зь невялікім спазьненьнем і абмалаціў камбайнам сухую сасьпелую збажыну. Зжаць і абмалаціць збажыну з адной соткі пэнсіянэру каштавала 2 тысячы рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG