Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня ўсе беларускія спартоўцы, што выканалі алімпійскія нарматывы, паедуць у Афіны


Уладзімер Глод, Менск Усяго чатыры дні застаецца да адкрыцьця 28 летніх Алімпійскіх гульняў. У Афіны гэтым часам прыяжджаюць спартоўцы зь усяго сьвету. У сталіцы Грэцыі ўжо знаходзіцца і пэўная частка алімпійцаў Беларусі. Як вядома, Беларусь накіроўвае на Алімпіяду дэлегацыю складам у 282 асобы, зь якіх 153 – непасрэдна спартоўцы. Наколькі такая прапорцыя, 153 і 282, адпавядае міжнародным нарматывам?

Прапаную зрабіць невялічкае параўнаньне: у Нацыянальным алімпійскім камітэце Ўкраіны мне паведамілі, што іхняя дэлегацыя на гульнях – гэта 243 спартоўцы і 450 асобаў агульнай колькасьцю. Нацыянальны алімпійскі камітэт Расеі накіроўвае 467 спартоўцаў і 800 чалавек у агульным складзе дэлегацыі. Дык вось, калі падлічыць, які працэнт складаюць спартоўцы ад агульнай колькасьці дэлегацыі, то ў Беларусі і Украіны гэтыя паказчыкі супадаюць – па 54%, у Расеі крышку больш – 58%.

І гэта невыпадкова, паколькі існуюць канкрэтныя рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту адносна колькаснага складу нацыянальных алімпійскіх каманд. Пра гэта гаворыць і былы намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Грыгараў, які непасрэдна ўдзельнічаў у фармаваньні складу беларускіх алімпійцаў на папярэднія летнія й зімовыя гульні.

(Грыгараў: ) “Алімпійскія гульні праводзяцца па ўсталяваных законах: існуе МАК, які ўсталёўвае правілы гульні. Там існуе формула: прыблізна, на аднаго спартоўца – адзін трэнэр і адзін абслуговы пэрсанал. Таму калі гаварыць аб паездцы на чэмпіянат Эўропы, чэмпіянат сьвету – вязі колькі хочаш чалавек. Там праблемаў ніякіх няма: вязуць і кухараў, і масажыстаў, і лекараў, і гэтак далей. Але тут кантынгент абмежаваны, таму любая краіна ня мае права везьці болей людзей”.

А ці ўсе беларускія спартоўцы, якія выканалі алімпійскія нарматывы, паедуць у Афіны? На папярэднія Алімпійскія гульні, што праходзілі чатыры гады таму ў Сыднэі, некаторых спартоўцаў не накіравалі, з-за гэтага быў шумны скандал. Наогул, на папярэднія гульні ад Беларусі езьдзіў 141 спартовец, хаця алімпійскія нарматывы тады выканалі 200 чалавек: 59 так і не атрымалі статус алімпійцаў. Тады рашэньне пакінуць іх у Беларусі грунтавалася на тым, што, маўляў, краіне не патрэбныя алімпійцы, якія зоймуць месцы дзесьці ў чацьвёртай ці пятай дзесятцы.

Цяпер такіх будзе менш, чалавек 16-17. Але чатыры гады таму прэтэндэнтаў на паездку было болей ажно на 30 чалавек. Цяпер і адкідваць асабліва няма каго. А наагул спартоўцы, якія ўжо ўдзельнічалі ў алімпійскіх гульнях, вельмі адмоўна ставяцца да рашэньня ня везьці на Алімпіяду людзей, якія выканалі алімпійскія нарматывы толькі таму, што яны будуць дзесьці напрыканцы турнірнай табліцы. Вось што пра гэта кажа, прынамсі, трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Я заўсёды казаў, што гэта вельмі дрэнна. Таму што мы, алімпійскія чэмпіёны, тыя, хто прымаў удзел у спаборніцтвах, сёньня жывыя – заўтра нас ня будзе, але павінны быць тыя людзі, якія ўбачылі гэтыя спаборніцтвы, каб яны потым расказвалі, калі будуць трэнэрамі, нашым дзецям, як яны ўдзельнічалі ў гэтых спаборніцтвах, якія гэта спаборніцтвы, якая псыхалягічная нагрузка ідзе на спартоўца, таму што Алімпійскія гульні нельга параўнаць зь ніякімі спаборніцтвамі – гэта Алімпійскія гульні, і ўсё, і на гэтым кропка”.
XS
SM
MD
LG