Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыехала вялікая дэлегацыя рабінаў са Злучаных Штатаў Амэрыкі


Галіна Абакунчык, Менск Гэтымі днямі ў Беларусі знаходзіцца вялікая дэлегацыя рабінаў са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Арганізатарам візыту з амэрыканскага боку стаў вядомы ў юдэйскім сьвеце рабін Пэйсах Кроўн, зь беларускага гэта былі лідэры рэлігійнага аб’яднаньня Артадаксальнага юдаізму. Яны заяўляюць, што ўскладаюць на візыт сваіх замежных суродзічаў спадзяваньні ў справе разьвіцьця габрэйскага турызму ў Беларусь.

Ці сапраўды ў Беларусі дастаткова месцаў, якія могуць стаць месцам паломніцтва габрэяў усяго сьвету? Самі яны кажуць, што дастаткова, а ў якасьці прыкладу такіх месцаў называюць пахаваньне вядомага габрэйскага мысьліцеля Хафеца Хаіма, старадаўнія габрэйскія школы навучаньня – ешывы, якія ёсьць у многіх гарадах Беларусі. Як асобны турыстычны маршрут яны разглядаюць былыя габрэйскія цэнтры – Наваградак, Мір, Гарадзею й Нясьвіж. Да прыкладу, у Наваградку падчас нямецкай акупацыі вязьні габрэйскага гета зрабілі 200-мэтровы тунэль, празь які многія ўцяклі ў лес і гэтым выратаваліся. У Міры – захаваліся будынкі старадаўняй сынагогі й ешывы, якая ў 19 стагодзьдзі была найбуйнейшым эўрапейскім цэнтрам у справе падрыхтоўкі рабінаў. Гэтакая ж самая школа была і ў Валожыне.

Гэты сьпіс можна доўжыць, і беларускія габрэі перакананыя, што іхных сьвятыняў у Беларусі больш, чым ва Ўкраіне ці Літве, але сёньня там бывае па 15-25 тысячаў чалавек за год, а ў Беларусі – толькі 2,5 тысячы. І прычынай таму ёсьць няразьвітасьць турыстычнай галіны. Вось што паведаміў у інтэрв’ю радыё Свабода прадстаўнік габрэйскага аб’яднаньня ў Беларусі й адзін з арганізатараў сёньняшняга візыту амэрыканскіх рабінаў Юры Дорн:

(Дорн: ) “Сёньня асноўны капітал тых, хто праяжджае па сьвятых месцах Беларусі – як гэта ні дзіўна – траціцца ў Літве. Бо там больш танныя й зручныя гатэлі, аўтобусы вышэйшай клясы, што неабходна ў такіх падарожжах, адпаведны сэрвіс. І на шчасьце ці на жаль, але шмат габрэйскіх сьвятыняў разьмешчаныя на мяжы зь Літвой. Таму многія едуць у Літву, літаральна на дзень прыяжджаюць у Беларусь і, не начуючы, вяртаюцца назад у Літву. Дастаткова крыўдная сытуацыя”.

Паводле спадара Дорна, ягоная габрэйская арганізацыя спрабуе зьмяніць гэткае становішча, але адкрыць турыстычныя маршруты – складаная рэч, бо патрэбная, па-першае, воля дзяржавы, а па-другое – вялікая колькасьць грошай на рэстаўрацыю альбо аднаўленьне сьвятыняў. Бо габрэі сьцьвярджаюць, што зьнішчаных сьвятыняў у Беларусі таксама вельмі шмат. І прыводзяць прыклад з домам таго ж Хафеца Хаіма ў Радуні, які мясцовыя ўлады аддалі амэрыканскім габрэям за машыну хуткай дапамогі, і тыя па цаглінцы разабралі яго й перавезьлі ў ЗША. Хацелі яшчэ й тамтэйшую сынагогу, але ўлады запатрабавалі ўзамен пабудаваць Дом культуры, і амэрыканцы ня здолелі ці не пажадалі гэтага зрабіць.

Той жа будынак сынагогі ў Менску быў разбураны літаральна некалькі гадоў таму, каб пабудаваць на ягоным месцы аўтастаянку. У Пінску – на тэрыторыі былых габрэйскіх могілкаў цяпер разьмешчаныя два дзіцячыя садкі. Па старых мапах навукоўцы знайшлі там магілу ўнука заснавальніка хасыдызму й папрасілі ўлады, каб тыя прызналі гэтае месца могілкамі, каб там нічога больш не маглі будаваць. Але тыя адмовіліся, і цяпер габрэі намерваюцца зьвяртацца ў суд. Ці паспрыяе дзяржава, каб ушанаваць гэтыя й многія іншыя месцы? Сёньня спадзявацца не даводзіцца – гэтак пракамэнтаваў цяперашняе становішча лідэр яшчэ адной габрэйскай суполкі ў Беларусі Якаў Басін.

(Басін: ) “У нас няма для нацыянальных меншасьцяў ніводнай хвіліны радыё й тэлевяшчаньня, няма на бюджэце газэтаў нацыянальных меншасьцяў, няма бібліятэкаў, музэяў і тэатраў нацыянальных меншасьцяў, амаль няма нацыянальных школаў. Ідзе татальная асыміляцыя, і ня толькі габрэеў, але й астатніх народаў. Ідзе палітыка расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму. Гэта – цэлая тэма”.

Паводле Юрыя Дорна, яны не спадзяюцца, што міжнародная габрэйская грамадзкасьць гэтаксама будзе рабіць капіталаўкладаньні ў габрэйскія будынкі ў Беларусі пры цяперашняй сытуацыі, тым больш калі многія сьвятыні належаць дзяржаве. Але ён перакананы, што візыт амэрыканскіх рабінаў паспрыяе габрэйскаму паломніцтву ў краіну. Габрэйская ж дэлегацыя, якая ўчора прыехала зь Літвы, пасьля сёньняшняй супольнай малітвы ў Менску адпраўляецца ў Польшчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG