Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: “Працэнт нерэгістрацыі будзе значным, улады перашкаджаюць рэгістрацыі ініцыятыўных груп”


Міхал Стэльмак, Менск 8 жніўня пачаўся чарговы этап выбарчай кампаніі: вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выбары ў якую адбудуцца ў Беларусі 17 кастрычніка. Колькі будзе доўжыцца вылучэньне прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты і якімі ёсьць іншыя адметнасьці гэтага этапу выбарчага працэсу?

Як мне паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме, вылучэньне кандыдатаў будзе доўжыцца амаль месяц – ад учорашняга дня да 6-га верасьня ўключна. Паводле прадстаўніцы Цэнтрвыбаркаму Галіны Мкртчан, права вылучаць кандыдатаў маюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне. Яна таксама паведаміла, што выбарчы працэс на гэтым этапе цалкам будзе сканцэнтраваны ў акругах:

(Мкртчан: ) “Туды якраз прадстаўляюцца ўсе дакумэнты пра вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Яны рэгіструюць ініцыятыўныя групы. Выдаюць усе дакумэнты: і анкеты, і дэклярацыі, і падпісныя лісты”.

(Карэспандэнт: ) “Як я разумею, сэнс вылучацца ёсьць тады, калі чалавек упэўнены, што будзе зарэгістраваны. Назавіце, калі ласка, прычыны, якія могуць перашкодзіць рэгістрацыі”.

(Мкртчан: ) “Гэта тое, што ў падпісных лістах утрымліваюцца несапраўдныя подпісы выбаршчыкаў, несапраўдныя біяграфічныя зьвесткі, і несапраўдныя зьвесткі пра даходы і маёмасьць”.

Як вынікае з тлумачэньня спадарыні Мкртчан, каб потым зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты, трэба без парушэньняў заканадаўства прайсьці этап вылучэньня. А што думаюць на гэты конт прадстаўнікі дэмакратычных сіл, якія зьбіраюцца браць удзел у выбарах?

Дэмакратаў, паводле майго апытаньня, не палохае прававы мэханізм гэтага этапу. Але няма ў іх шэрагах і вялікага аптымізму наконт таго, што гэты этап яны пасьпяхова адолеюць. Як вядома, мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія, нагадаю, адбываліся чатыры гады таму, байкатавалі ня ўсе дэмакратычныя сілы. Таксама нагадаю, што тады спрабавалі вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты каля шасьці дзесяткаў іх прадстаўнікоў. Аднак, з гэтай колькасьці ўдалося зарэгістравацца толькі адзінкам.

Мяркуецца, што на цяперашніх выбарах палітычным апанэнтам уладаў будзе яшчэ цяжэй. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Увогуле, кампанія 2000-га году была адносна лібэральнай. А зараз, у сувязі з удзелам дэмакратычных сіл і ў сувязі з агульнай стратэгіяй улады на больш жорсткія адносіны да дэмакратыі, да дэмакратычных працэдураў, відавочна, што працэнт нерэгістрацыі будзе значным. У мінулую кампанію ініцыятыўныя групы рэгістравалі аўтаматычна. Зараз яны будуць узводзіць рагаткі нават для рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Такім чынам, некаторых непажаданых кандыдатаў, якія не вылучаюцца ад партый, яны будуць адсякаць ужо нават на этапе ініцыятыўных груп. Ужо ёсьць сыгналы, што ўлады перашкаджаюць на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Пашпарты правяраюць, шмат іншых “рагатак” ставяць”.

А як наконт Беларускай партыі працы – ці будуць яе сябры вылучацца ў Палату прадстаўнікоў? Нагадаю, што 2 жніўня Вярхоўны суд прыняў рашэньне пра яе ліквідацыю. 6 жніўня адбылося паседжаньне выканкаму гэтай партыі. Апроч пытаньняў, зьвязаных з намерам абскардзіць рашэньне пра ліквідацыю партыі, абмяркоўваўся і ўдзел яе сяброў у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Паводле зьвестак удзельнікаў паседжаньня, вырашана не адмаўляцца ад ранейшых выбарчых плянаў. Разам з тым, як паведаміў мне адзін зь лідэраў Беларускай партыі працы Мікалай Пахабаў, гэтыя пляны будуць скарэгаваныя:

(Пахабаў: ) “Людзі, якія маглі вылучацца ад партыі, пойдуць зборам подпісаў, каб іх змаглі зарэгістраваць”.

(Карэспандэнт: ) “З боку “Пяцёркі плюс” будзе нейкая дапамога вашай партыі ў выбарчай кампаніі?”

(Пахабаў: ) “Я перакананы, што будзе. Таму што сябры партыі былі ў шэрагах заснавальнікаў грамадзкага руху “Пяцёрка плюс”. Ёсьць дамоўленасьць каб ісьці адзіным фронтам. Мы не разьдзяляем сацыял-дэмакратаў, камуністаў і г.д. Мы працуем разам, таму што дэмакратычнае поле ў Беларусі такое вузкае, што дзяліць нам на сёньняшні дзень няма чаго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG