Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі праходзіць міжнародны фэст графіці – ужо ў другі раз


Казімір Яноўскі, Гомель Міжнародны фэст графіці “Сустрэча стыляў” другі раз прыйшоў з Эўропы ў Гомель. У ім бяруць удзел звыш паўсотні мастакоў графіці з Нямеччыны, Бэльгіі, Польшчы, Расеі, Украіны, шэрагу беларускіх гарадоў. Асноўнае патрабаваньне ўладаў да арганізатараў фэстывалю – не чапаць фасадаў будынкаў і ня ўмешваць у сваю творчасьць палітыку.

Своеасаблівым палатном выяўленьня стыляў для мастакоў графіці сталася бэтонная набярэжная ракі Сож. Зь мінулагодняга фэсту тут засталіся дзьве сотні мэтраў арыгінальных малюнкаў. Сёлета гэтае мастацкае палатно падоўжыцца яшчэ мэтраў на трыста.

Асноўнае патрабаваньне ўладаў да каардынатараў фэсту – моладзевай арганізацыі “Гомель-Стрытстайл” і менскай групы мастакоў “Трусьціла” – ня ўмешваць у творчасьць палітыку. Гаворыць Аляксандр, кіраўнік гомельскіх хіп-хоп фармаваньняў:

(Аляксандр: ) “Палітыку не закранаць – такога кшталту патрабаваньне”.

Іншае меркаваньне ва ўдзельніка фэстывалю зь нямецкага гораду Бадэн Мануэля Гіруліса:

(Гіруліс: ) “Графіці ў нейкім сэнсе само па сабе мае на ўвазе палітыку. Ты выходзіш на вуліцу, малюеш на дамах, якія табе не належаць, пакідаеш паведамленьні. Іх чытаюць многія. Эўрапейскае графіці, канешне, палітызаванае. У Эўропе гэтым займаецца шмат маладых людзей. Графіці для іх – спосаб самавыяўленьня. Улады нашы задумваюцца больш не пра тое, як гэта забараніць, бо такім чынам забараняецца самавыяўленьне. Улады думаюць, як гэта скіраваць у спакойнае рэчышча – у правядзеньне розных фэстаў”.

Гомельскія ўлады да апошняга часу надзвычай нэгатыўна ставіліся да графіці. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ўправа КГБ узбуджала нават крымінальную справу па факту ўчыненьня на мурах палітычных графіці. Займаліся гэтым пераважна прадстаўнікі незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Зубр”.

Цяпер вось другі раз у горадзе ладзіцца адмысловы фэст. Ці ўдасца ўладам скіраваць графіці ў нейкае “правільнае” рэчышча ? Пра гэта пытаюся ў прадстаўніка гомельскай арганізацыі “Зубр” спадара Дзяніса.

(Дзяніс: ) “Я ня думаю, што “Зубры” пойдуць працаваць з уладай, пакуль улада ня будзе нармалёва ставіцца да беларускай моладзі, ня будзе падтрымліваць думкі, што выказваюць, напрыклад, “Зубры”, “Малады фронт”. Што да графіці, то дазволу ніхто не прасіў і ня будзе прасіць, дзе можна намаляваць. Проста будуць маляваць – і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG