Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе мы ператварыліся ў наіўных і бесталковых, якія вельмі дрэнна бачаць і чуюць”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 28 ліпеня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Віктар Бутто: ) “Я прапаную ўсім аб’яднацца для будаваньня прававой і паважанай дзяржавы, дзе грамадзянін Беларусі будзе абаронены на справе, а не на словах ці на паперы, што адбывалася ў савецкія часы, і яшчэ болей безабаронным ён зьяўляецца пасьля 91 году. Так проста і зразумела, але гэтага не адбываецца, бо выканаўчай уладзе і яе прадстаўнікам на прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах вельмі спадабалася займацца крымінальным бандытызмам і імкнуцца давесьці дзяржаву да грамадзянскай вайны ці да нечага падобнага. Яны прагнуць чужой крыві і як магчыма болей. Гэта ненаедныя зьверы, у якіх ужо даўно ператварылася пры дапамозе бязьдзейнасьці, патураньня большасьць грамадзян, што жывуць у Беларусі, Расеі, Эўропе і сьвеце. Усе мы ператварыліся ў наіўных і бесталковых, якія вельмі дрэнна бачаць і чуюць. А жыцьцё чалавечае вельмі кароткае. Дзякуй”.

(Мікалай Качанаў: ) “Дабранач, Радыё Свабода! Я вас люблю слухаць, таму што цікава. Нашыя афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі не прыкладаюцца да сэрца, яны ідуць толькі для мазгоў і ніяк не кранаюць. Хацелася б выказаць меркаваньне пра прэзыдэнта Лукашэнку.

Я мяркую, што трэба ставіцца да яго, як да непазьбежнасьці, таму што, хто ведае, калі б быў іншы, можа быць, было б яшчэ горш. І наогул, Лукашэнка, мне здаецца, гэта страшыдла для высокіх чыноў, а не для такіх нікчэмнасьцяў як мы, простыя людзі. І ўсе так мяркуюць. Таму вынік усіх гэтых баталіяў палітычных, што ён застанецца на трэці тэрмін гарантавана. Так спакайней. А наогул, каб было неспакойна, то трэба, каб былі беларусы актыўныя, а іх няма, бо на працягу стагодзьдзяў нас зьнішчалі ва ўсіх войнах. І каб выжыць, трэба быць хітрым і ціхенька маўчаць.

І яшчэ я люблю слухаць вашае радыё, таму што вы вядзеце гаворку пра тое, хто хтосьці з нашых родных беларусаў дайшоў да вяршыняў, хаця і ў эміграцыі, яны ўсё роўна нашыя родныя. Дзякуй. З павагай да вас”.

(Сяргей Патаранскі: ) “Добрай ночы вам, Радыё Свабода! Выклікае агромністае абурэньне ліквідацыя “Палаца” за тое, што гурт “Палац” звольнілі зь “Белдзяржканцэрту”. Зразумела, што гэта сапраўды проста чарговая акцыя па падаўленьню нашай Беларусі, па падаўленьню здаровага мастацкага кантэксту ў сфэры, так званай, дзяржаўнай музыкі.

Цяжка зараз казаць, бо сам здаўна сутыкаюся з гэтай сытуацыяй. Падобныя рэчы былі зробленыя ў нашай краіне ў галіне літаратуры, у галіне тэатру. Зараз ідзе непасрэдна націск на музыку, якая зьяўляецца па сутнасьці галоўным відам мастацкай музычнай творчасьці ў нашай краіне, якай ўзьдзейнічае менавіта на моладзь, што безумоўна нашыя ўлады добра разумеюць. Выказваю падтрымку сваім калегам. Дзякуй вялікі”.

(Спадарыня: ) “Хачу расказаць вам пра назіраньні выпадковага чалавека на мітынгу 21 ліпеня. Чаму мне не падабаецца апазыцыя? Таму што практычна гэта тыя самыя погляды, што і ў Лукашэнкі. Лукашэнка сам выхадзец з апазыцыі. Пры дзікай і ненатуральнай форме ўласнасьці створаныя дзікія і ненатуральныя працоўныя месцы, і дзікая апазыцыя, і дзікі страх. Такая апазыцыя зьяўляецца гарантам цяперашняй улады і адсутнасьцю альтэрнатывы.

Я была на плошчы Бангалор 21 ліпеня. І па-мойму, ніхто нікога там не зьбіраўся хапаць. Усё адбывалася ціха, вяла, разрозьнена. Не было зь кім пагутарыць. Мне стала сумна і я сышла. Так што, мне здаецца, што ўсё гэта было створана ненатуральна, і што такія погляды сёньня падтрымлівае толькі сёньняшняя ўлада ці сам Лукашэнка стварыў такую апазыцыю. Вось якія ўражаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG