Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэлектарнай нарадзе Лукашэнка абвесьціў спаборніцтва паміж сялянамі й спартоўцамі ды накрычаў на Дамашкевіча


Валер Каліноўскі, Менск Пад час сэлектарнай нарады ў пытаньнях жніва Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што разам з выбарамі ў парлямэнт можа адбыцца нейкае іншае палітычнае мерапрыемства. Ня выключана, што ён меў на ўвазе рэфэрэндум аб працягу сваіх паўнамоцтваў. Акрамя таго, упершыню за апошні час адзін з удзельнікаў нарады адважыўся на жорсткую спрэчку з А. Лукашэнкам.

Аляксандар Лукашэнка пад час традыцыйнай сэлектарнай нарады на пачатку жніва выступіў зь нечаканай прапановай. Ён заявіў, што ў гэтым месяцы адбудуцца дзьве важныя для Беларусі кампаніі – Алімпійскія гульні й жніво. І ўдзельнікі іх, нібыта, будуць спаборнічаць паміж сабой.

(Лукашэнка: ) “Зьяўляецца нейкая інтрыга, негалоснае спаборніцтва, трохі дзіўнае: сяляне супраць вялікіх і таленавітых людзей-спартоўцаў. Вось па выніках жніўня паглядзім, хто выйграе, хто болей парадуе народ: спартоўцы са сваімі 25 мэдалямі, ці сяляне, сабраўшы збожжа й нарыхтаваўшы 6,5, а, можа, і 7 мільёнаў тон па Беларусі”.

Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што будзе гэтай восеньню й яшчэ адна важная кампанія – палітычная.

(Лукашэнка: ) “Наперадзе выбары ў наш парлямэнт, магчыма, і іншыя палітычныя мерапрыемствы. І калі мы добра правядзём жнівень-верасень, напружана папрацуем, – лічыце, што гэта вельмі вялікі ўнёсак у капілку гэтай палітычнай кампаніі”.

Якую дадатковую, апроч выбараў, кампанію меў на ўвазе А. Лукашэнка, ён не ўдакладніў. Верагодна, кіраўнік Беларусі меў на ўвазе рэфэрэндум аб магчымасьці працягу сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, пра што ўжо не аднойчы згадваў.

Сёньняшняя сэлектарная нарада была азначана яшчэ адной нечаканасьцю.

Як зазвычай, многія высокапастаўленыя чыноўнікі патрапілі пад крытыку А. Лукашэнкі, які, напрыклад, параўнаў увесь Савет Міністраў з “разваленым калгасам, што трэба прыватызаваць і перадаць прыватніку”. Аднак толькі Мікалай Дамашкевіч, кіраўнік вэртыкалі Менскай вобласьці, уступіў зь ім у наўпростую спрэчку.

Калі А. Лукашэнка павысіў голас на Дамашкевіча за ягонае жаданьне набыць імпартныя камбайны, той рэзка адказаў: “Я – сумленны чалавек, і няма чаго мяне на ўсю краіну бэсьціць”. Пасьля гэтага пачалася сапраўдная сварка паміж Дамашкевічам і Лукашэнкам.

(Дамашкевіч: ) “Таму што хлеб сёньня вырас добры, а сабраць – б’юць па руках і нагах. Ня толькі Дамашкевічу”.

(Лукашэнка: ) “Заўтра прыйдзеце да мяне й дакладзеце, хто вас стукнуў па руках і нагах”.

(Дамашкевіч: ) “Добра”.

(Лукашэнка: ) “Заўтра дакладзеце. А не дакладзеце – я вас здыму з пасады”.

(Дамашкевіч: ) “Добра”.

(Лукашэнка: ) “Мне надакучылі вашыя папрокі агулам. Вы нідзе не вінаваты. Перадача гаспадарак – вы не вінаваты…”

(Дамашкевіч: ) “Значыць, таму што…”

(Лукашэнка: ) “Вы слухайце, што я вам кажу. Калі рогі вырасьлі, то мы іх хутка вам саб’ем… Зчапіўся зь нейкім там кіраўніком. Адны дакладаюць адно, іншыя – другое. Нейкае пакрывальніцтва ідзе старшыняў райвыканкамаў, якія бліжэй. Падзяліў вобласьць: адныя лепшыя, другія – горшыя. Каб гэтага, Мікалай Фёдаравіч, не было”.

(Дамашкевіч: ) “Гэтага няма. Гэта папросту плёткі”.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў Дамашкевічу, што заўтра ж паедзе інспэктаваць гаспадаркі Менскай вобласьці.

Што да больш зьмястоўнай часткі нарады, то пад час паседжаньня была агучана агульная сума дапамогі сельскай гаспадарцы за бягучы год – каля трох трыльёнаў рублёў у выглядзе бязвыплатных пералічэньняў і крэдытаў. Яшчэ паўтара трыльёна аграпрамысловы комплекс мае ў форме падаткавых ды іншых ільгот – паведаміў міністар фінансаў Мікалай Корбут.

“Такіх грошай не атрымлівае ні адна іншая галіна эканомікі”, – прызнаўся й сам А. Лукашэнка. Вялікую дапамогу атрымаюць калгасы й у часе збору ўраджаю – аўтамабільнай тэхнікай, кадрамі мэханізатараў.

Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір лічыць, што трыльённыя датацыі й камандныя мэтады ў сельскай гаспадарцы, якія дэманструе Аляксандар Лукашэнка, відочна выявілі сваю неэфэктыўнасьць.

(Чыгір: ) “Асноўнае тое, што ў нас на сёньняшні дзень прадукты харчаваньня значна даражэйшыя, чым у Літве, чым у Польшчы й Украіне, і чым у Расеі. Гэтым усё сказана. Мы сёньня харчуемся самымі дарагімі прадуктамі – у параўнаньні з усімі суседзямі. Вось вынік беларускай аграрнай палітыкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG